... І будзе баляванне, на якім
Пісьменнікі сустрэнуцца са сваімі героямі.
Хтосці – пачуе словы падзякі,
Хтосці – атрымае выклік на двубой,
А хтосці – сустрэне сваё каханне –
Адзінае і непаўторнае.
Пішыце, шаноўныя...
Нэта багнэта - адно кіло.
Брута багнэта - душа жаўнера.
Ці перамогуць калісьці зло
Наша надзея і наша вера?
Вадкасьць чырвоная пляміць траву.
Потым - гучаць пахавальныя словы.
Факт, што шчэ я асабіста жыву,
Ёсьць выпадковасьцю ў нашых умовах.
Келіх, быць можа апошні, налі.
Вып'ем, як кажуць, за "многая лета"
Тых, хто пра нас успамяне, калі
Скончыцца гэта ўсё, скончыцца гэта...
* * *
Вежы гатычнага касцёла
Падобныя да касмічных ракетаў.
Хвіліна – і палятуць да Бога.
* * *
Найлепшы сродак ад нуды – боль.
Пошук паратунка ад яго
Займае ўвесь твой час.
* * *
Сярэднявечча скончылася...
Руіны замка
Перагукваюцца з руінамі кляштара.
* * *
Заброшаная каплічка.
Колькі вакол травы –
Як грэшных душаў.
* * *
Увосень ажывае душа.
Золата лісця –
Як пазалота іканастаса.
* * *
Жыццё – шлях.
Метафара сталася лёсам.
Ідуць канвойныя.
Я не пішу вершаў.
Я вывучаю мовы:
Расейскую і беларускую,
Лацінскую і грэцкую,
Урачыстую царкоўнаславянскую.
На чарзе ў мяне
Кітайская і копцкая,
Тыбецкая і амхарская,
І нават эльфійская мова сіндарын.
І каб зразумець іх пабудову
Вылучыць словы са сказаў,
Вылучыць са словаў марфемы,
Я пішу на кожнай з гэтых моваў тэксты,
Наразаю іх на радкі -
Доўгія ці кароткія...
Я вывучаю мовы.
Я хачу напісаць паэму пра тое,
Як кат закахаўся ў сваю ахвяру
Юную, пекную, пяшчотную...
Я хачу напісаць паэму пра тое,
Як высакародны рыцар, вызваліўшы няшчасную,
Аддаў ёй сваё вернае сэрца...
... пра тое, як потым прыгажуня
здрадзіла рыцару з катам.
У эпоху войнаў і катастрофаў,
У эпоху драпежных герояў і крывавых подзвігаў,
Паэт павінны быць мешчанінам,
Каб нагадваць людзям пра дом,
Такі ўтульны і цёплы,
Такі бяспечны…
Дзе бесклапотна смяюцца дзеці
Дзе гаспадыня пачастункам сустракае гасцей,
Куды войны і катастрофы
Трапляюць толькі з бачын газетаў і прыгодніцкіх раманаў.
* * *
Я веру, полымя Хрыстовай любові
Абагрэе нават старых паганскіх багоў,
Калі яны ўкленчаць да Ягонай літасці
З бездані свайго неіснавання.
* * *
Рэкі ў гэтай краіне цякуць не малаком і мёдам,
Рэкі ў гэтай краіне цякуць Словам і Верай.
* * *
Шэры студзеньскі вечар
Пахне снегам і адзіноцтвам.
* * *
Пішу на няроднай мове –
На мове чытачоў, а не бацькоў.
* * *
Школьны працаўнік – шпрац –
Шпрыц для ін’екцыі ведаў.
* * *
Як у слоўніку шукаеш галоўнага слова,
Так і ў жыцці шукаеш галоўнага ўчынка.
* * *
Як параход па роўнядзі ракі
Слізгоча прас па роўнядзі прасцірадла.
* * *
* * *
Рукапісы не гараць.
(Невядомы бібліятэкар
старажытнага Бабілёна).
* * *
Ноч. Як танзура манаха з-пад капюшона
Выглядвае з-за хмары поўня.
Бясконцыя пацеры дажджа...
* * *
У якім бы накірунку я не павярнуў сваю лодку,
Я заўсёды вяслую супраць плыні,
І вецер ніколі не дзме ў мой ветразь...
* * *
На аркушы белай паперы чорныя літары хоку –
Так выглядае з вышыні птушынага палёту
Стая чорных крумкачоў на белым снезе.
* * *
“Куфаль поўны піва
Нагадвае кавалак бурштына,” –