Rss Feed
Яндекс.Метрика

Вершы па-беларуску

warning: Creating default object from empty value in /home/j/jurijsp0/moussorine.ru/public_html/modules/taxonomy/taxonomy.pages.inc on line 34.

Я сёння распавяду вам на лекцыі,
Як магчыма самазабойства.
Я не аднойчы пазбаўляў сябе жыцця
І маю багаты досвед.

Аднойчы мармуровы анёл
З нейкага старога надмагілля
Разгарне свае цяжкія каменныя крылы,
І, каб адпачыць ад доўгай вартавой службы,
Паляціць у свой далёкі Эдэм,
Дзе і трава, і кветкі, і дрэвы выразаныя з каменя,
Дзе непаслухмяны Адам не пакаштуе
Зялёнага яшчэ яблыка з Дрэва Пазнання,
Бо і яно тут каменнае....

VIVE LE ROI

На бруднай цаглянай сцяне,
Дзесці на ўскраіне ў рэвалюцыйным Парыжы
Нехта напісаў чырвонай фарбай
Vive le Roi! - Няхай славіцца Кароль!
Хто ты, небаязлівы чалавек?
Хто ты, вернае сэрца?
Можа ты выпадкова выжыўшы гвардзеец,
З тых, што паміралі ў крыві на ступенях Цюільры?
А можа, ты з сялянаў, з тых, што яшчэ не забылі
Пра боскае паходжанне каралёў і іхняе ўлады?
А можа, ты з арыстакратаў, з тых, каму голас крыві
Напомніў, што гонар - не толькі слова?
Дзякуй табе, невядомы чалавек!
Дзякуй табе за словы надзеі ў гадзіну роспачы,
Дзякуй табе за словы, за якія не шкада й памерці!

ЗАМАК

Замак, ператвораны ў музей,
Нагадвае пудзiла некалi моцнага звера.
Вонкава ў iм не змянiлася нiчога:
Тыя жа вежы, муры, той жа над ровам мост.
Толькi жыцця няма.
Адно геральдычны драпежнiк над брамай
Сведчыць аб тых славутных часах,
Калi...
Абрываю радок.

МАЛАДЫЯ

Ведаючы, што сустрэне яго ў офісе, яна апранала кароткую да непрыстойнасці спадніцу. Мужчыны не зводзілі з яе вачэй, але ён не глядзей на яе.

Ведаючы, што сустрэне яго пляжы, яна апранала распусны, амаль нябачны купальнік. Мужчыны не зводзілі з яе вачэй, але ён не глядзей на яе.

Ведаючы, што яна такая прывабная, такая недасяжная, ніколі не гляне на яго, ён не нсмельваўся падняць на яе вачэй, бачачы яе штоночы ў эратычных снах.

Каб яна ведала....

ЭСТОНСКАЕ

Я паеду з Таліна ў Рэвель,
Каб, падняўшыся на ягоныя муры,
Забачыць недзе каля небакраю
Старажытныя вежы Лінданісэ.

СУМНАЕ ХОКУ

Душа чалавека - акiян болю,
У глыбiнi якога жывуць рыбы
Нязбыўшыхся мараў.

Аднойчы дацэнт Полацкага ўніверсітэту У. Лобач вылажыў у сваім ЖЖ малюнак з жудаснага віда зайцам, у якога з вуснаў сцякае кроў, і авясціў конкурс на лепшае вершатварэнне па гэтаму малюнку. Я напісаў вось такі трыялет:

Сцякае на падлогу кроў.
З ёй не рыфмуецца каханне.
Ідзе на зайцаў паляванне -
Сцякае на падлогу кроў.
Яны прыйдуць за морквай зноў
І захлынуцца куляй з рання.
Сцякае на падлогу кроў.
З ёй не рыфмуецца каханне.

Я хацеў бы жыць у эпоху, ад якой засталіся
Не фотаздымкі, але партрэты ў цяжкіх рамах,
Пісаныя пэндзалем прыгоннага мастака,
Шляхецкія сядзібы, што ляжаць даўно ўжо ў руінах,
І вершы ў альбомах высакародных паненак,
Чые прыўкрасныя вочы глядзяць на нас з партрэтаў,
Пісаных пэндзалем прыгоннага мастака.

МАЛІТВА

Божа, злітуйся над тымі, каго мы кахаем.
Божа, дай мудрасці тым, хто намі кіруе.
Божа, зміры сэрцы тых, хто нас ненавідзіць,
І назаві сваімі сынамі тых, хто паўтарае гэтую малітву.

Ленты новостей