У той вечар пад пунсовымі ветразьмі
Да берага падыйшоў пірацкі брыг,
І гвалтоўнікі, нацешыўшыся целам Асоль,
Доўга абмяркоўвалі, за колькі
Прадаць яе на нявольніцкім рынку.
Яго пахавалі ў чацвер,
А праз дзень, у суботу
Я сустрэў яго ў таннай кавярне.
Мы выпілі па конаўцы піва,
І на развітаннее ён паціснуў мне руку –
Яна была цёплай.
Я сустрэў яго ў бясконцых калідорах Унівэрсытэта,
Падобных да лябірынта Мінатаўра,
Або да Сада Разыходзячыхся сьцёжак.
Гэта быў экспанат універсытэтскага паноптыкума,
Прафесар нейкай даўно скасаванай катэдры,
Аўтар кніг, якія ўжо шмат стагоддзяў ніхто не чытае.
Ён паглядзеў на мяне як на нейкую дзівосную пачвару,
Як на жывога выкапня з іншага часу,
Як на магчымую аздобу калекцыі мутантаў.
Я вітаў яго з найвялікшай пачцівасцю, але ён,
Прамармытаўшы нешта па-шумерску, або па-асірыйску,
Зьнік за дзвярыма адной са шматлікіх аўдыторый,
Якая таксама знікла,
Стары дом паступова ўходзіць у зямлю.
Вось ён ужо апусціўся ў зямлю да самых вокнаў,
Вось і вокны ўжо схаваліся пад зямлёй,
Вось зямля ўжо пакрыла дах і комін...
І толькі старыя гаспадары,
Што шмат гадоў ужо не выходзілі за дзверы,
Так і не ўбачылі,
Што даўно ўжо жывуць у труне...
Аднойчы ў партовым горадзе, ў трактыры
Я сустрэў яго - найгоднейшага з усіх капітанаў,
Што вадзілі свае караблі ад стварэння часу.
Ён распавядаў мне аб далёкіх выспах,
Дзе жывуць найшчаслівейшыя людзі,
Аб кабетах – прыгажэйшых за якіх было ў свеце,
Аб вялікіх героях, з якімі, як вось тады са мной,
Ён дзяліў і віно і бохан свежага хлеба.
Мы былі ў той вечар сябрамі,
І ён быў гатовы зрабіць для мяне амаль усё,
Але калі я папрасіў яго ўзяць мяне ў рэйс,
Ён мне адмовіў.
“Твой час яшчэ не прыйшоў”, - сказаў Харон.
Калісьці я быў студэнтам,
Слухаў словы сівых настаўнікаў,
Канспектаваў працы памёрлых класікаў.
Цяпер я сам даўно ўжо настаўнік.
Студэнты хціва слухаюць мае словы.
Цікава, ці будуць некалі канспектаваць мае працы?
Бог шточасна стварае сусвет.
Ад Бога паходзіць усялякае дабро.
Богу спяваем мы шчырыя гімны любові.
Бога шукаем на шляхах зямных і нябесных.
Богам баронімся ад нязгодаў.
У Богу бачым апірышча нашага жыцця.
Божа! – пачынаем галоўную размову...
Кніга – гэта шмат літар.
Будынак – гэта шмат цаглін.
Чалавек – гэта шмат...
Няма патрэбнага слова.
Калі растае снег
Насустрач сіняму небу
Паднімуцца сінія кветкі
Валошкавай рэвалюцыяй вясны
Я знаю, душа ваяра ўвасобіцца пасля смерці ў меч.
Душа музыкі падоўжыць сваё існаванне
У гуках скрыпкі, жалейкі, дудкі, а мо, нават,
Нейкага экзатычнага музычнага інструмэнта з Усходу.
Мая жа душа стане радком у Кнізе Лёсаў,
Напісаным рукой Найвышэйшага Каліграфа – Бога.
І няхай апошнім словам радка будзе ἄξιος,
А потым – кропка.