Яшчэ не вянуць у садах вяргіні,
Але ўжо надыходзяць халады.
Заснуць пад снегам да вясны сады,
На доўгі час зямля вакол астыне.
Няхай пад снегам адпачне краіна -
У гэтым не пабачу я бяды.
Я з кнігай сяду ў крэсла ля каміна
Чытаць пра тое, як цвітуць сады.
Зіма.
Халодны вецер грае
Сваю сумную мелодыю
На жалейках комінаў,
На струнах правадоў,
Нацягнутых уздоўж бязлюдных вуліц.
І рука паэта
Цягнецца мімаволі
Да паперы і асадкі,
Каб напісаць словы
На мелодыю ветра.
Мінаюць дні. Вандруючы па свеце,
Я бачыў шмат цікавага ў жыцці,
І толькі аднаго не змог знайсці:
Краіны дзіўнай, дзе не плачуць дзеці.
Дарога зноў удалячынь вядзе,
І я, як раней, не губляю мэту:
Спадзяюся знайсці краіну гэту
Быць можа, у жыцця апошні дзень.
Ззяе ў небе зорка Мілавіца,
Лашчаць сэрца ранішнія сны,
І, пакуль не скончацца яны,
Ззяе ў небе зорка Мілавіца.
Нам надзей і мараў не пазбыцца,
Шчасцю мы не ведаем цаны.
Ззяе ў небе зорка Мілавіца,
Лашчаць сэрца ранішнія сны.