З бачын старажытных пергаментных кніг
Даведаешся пра падзеі, якія даўно ўжо ніхто не помніць.
З бачын старажытных пергаментных кніг
Даведаешся пра думкі людзей, якіх даўно ўжо няма на свеце.
З бачын старажытных пергаментных кніг
Даведаешся, быць можа, пра ўласны лёс.
Мой сябар з далёкага Улан-Батара
Не разумее па-беларуску.
Ён складае цудоўныя, напеўныя вершы
На дзіўнай, такой нязвыклай для нашага вуха мове.
Калі ён запісвае іх на паперы,
Яны сцякаюць па аркушу ўніз
Гронкамі мудрагелістага ўсходняга ўзору.
Калі жа ён чытае іх уголас,
Я, нават не разумеючы сэнса словаў,
Чую падобны грому тупат нязлічаных мангольскіх табуноў,
Бачу кавыль, які разам з ветрам спявае сваю адвечную песьню,
Адчуваю тварам спякотны подых пустыні Гобі...
Ён пачынае новую страфу, і вось
Кіславаты смак свежага кумыса
Песціць мой язык і маю гартань,
Ва ўрачысты дзень царкоўнага свята,
Калі гукі званоў з раніцы разрывалі празрыстае паветра,
Калі блакіт нябёс быў чыстым, нібы душа верніка пасля споведзі,
Калі сонца ззяла, нібы німб Божае славы,
Я адчуў, што я не адзін на зямлі,
Што тысячы тысяч людзей у розных краінах,
На сотнях моваў, вялікіх і малых,
У гарадах і вёсках, у храмах і кляштарах,
На хісткіх палубах караблёў і вандруючы па гарачых бязводных пустынях,
Праслаўляюць у гэтую хвіліну Божае імя.
Я адчуў, што мае нясмелыя малітвы зліваюцца з малітвамі міліёнаў маіх братоў і сёстраў,
У апошні вечар жыцця ён не паднімаў галавы ад паперы,
Спадзяючыся скончыць паэму раней, чым скончыцца яго жыццё,
І кашчавая госця, стоячы за ягоным плячом,
Не магла адарваць вачэй ад радкой, што пад пяром паэта,
І чакала, чакала, чакала...
Калі ён прапаноўваў каханай руку і сэрца,
Ён не чакаў адмовы, але
Пачуў у адказ безлітаснае «Не».
Калі ён прапаноўваў Музе пяро і розум,
Ён не чакаў нічога, але
Пабачыў у адказ дабразычлівую ўсмешку.
Назоўны – бацька
Родны – бацькі
Давальны – бацьку
Вінавальны – бацьку
Творны – бацькам
Месны – пры бацьку
Клічны – Ойча!
Часам, перабіраючы свае паперы,
Спаткаю слабы, забыты верш.
Выкінуць? Не магу.
Ён ляжыць перада мной
На белым аркушы, як на прасцірадле
Кволае, хворае дзіцянё...
Шукаючы спаткання з Богам,
Разгортваю Адвечную Кнігу.
Старонкі шамацяць
Нібы крылы анёлаў.
Кветка лотаці
Раскрываецца насустрач Поўне
Пад небам паўднёвай ночы...
Вандраванне ў Краіну Ўсхода.
Перамогу адсвяткуе наш вораг.
Мы жа, схаваўшыся ў глыбокім падполлі,
Памянём келішкам празрыстай атруты
Ўсіх, хто не дажыў да нашай паразы.