Rss Feed
Яндекс.Метрика

ПЕРАЙМАННЕ З УІТМЭНА

Ва ўрачысты дзень царкоўнага свята,
Калі гукі званоў з раніцы разрывалі празрыстае паветра,
Калі блакіт нябёс быў чыстым, нібы душа верніка пасля споведзі,
Калі сонца ззяла, нібы німб Божае славы,
Я адчуў, што я не адзін на зямлі,
Што тысячы тысяч людзей у розных краінах,
На сотнях моваў, вялікіх і малых,
У гарадах і вёсках, у храмах і кляштарах,
На хісткіх палубах караблёў і вандруючы па гарачых бязводных пустынях,
Праслаўляюць у гэтую хвіліну Божае імя.
Я адчуў, што мае нясмелыя малітвы зліваюцца з малітвамі міліёнаў маіх братоў і сёстраў,
І што моцная плынь нашых шчырых словаў рухаецца да неба.