Я сустрэў яго ў бясконцых калідорах Унівэрсытэта,
Падобных да лябірынта Мінатаўра,
Або да Сада Разыходзячыхся сьцёжак.
Гэта быў экспанат універсытэтскага паноптыкума,
Прафесар нейкай даўно скасаванай катэдры,
Аўтар кніг, якія ўжо шмат стагоддзяў ніхто не чытае.
Ён паглядзеў на мяне як на нейкую дзівосную пачвару,
Як на жывога выкапня з іншага часу,
Як на магчымую аздобу калекцыі мутантаў.
Я вітаў яго з найвялікшай пачцівасцю, але ён,
Прамармытаўшы нешта па-шумерску, або па-асірыйску,
Зьнік за дзвярыма адной са шматлікіх аўдыторый