Rss Feed
Яндекс.Метрика

Вершы па-беларуску

warning: Creating default object from empty value in /home/j/jurijsp0/moussorine.ru/public_html/modules/taxonomy/taxonomy.pages.inc on line 34.

Адлятаюць птушкі у далёкі Вырай,
На радзіму нашых небязгрэшных душ.
Прыйдзе час пакінуць гэты свет няшчыры -
Ты у накірунку іх палёту руш.

Сонца на заходзе неба акрывавіць,
Перад надыходам чорнае імглы,
І душа ў палёце з гордасцю расправіць
Веры і надзеі белыя крылы.

ТРЫЯЛЕТ 3

Старонкі старажытных кніг
Мне раскрываюць таямніцы.
Маёй вучонасці крыніца -
Старонкі старажытных кніг.
Гартаць я не стамлюся іх,
Да іх мне прагі не пазбыцца...
Старонкі старажытных кніг
Мне раскрываюць таямніцы.

ХОКУ 99

Гадзіннік ідзе.
Але гіра ўжо амаль
Каля падлогі...

ВЫГНАНЕЦ

Шэрае неба.
За вакном дробны дождж.
У асобным пакоі
У адзіноце
Князь п'е віно -
Яго прывёз толькі ўчора
Купец з Італіі -
Рэдкі госць
У гэтай змрочнай паўночнай краіне.
Князь замружвае вочы
І бачыць
Святло паўднёвага сонца,
Белы мармур калонаў,
Натоўп на форуме.
У вушах гучаць гукі
Высакароднай лацінскай мовы -
Яе немагчыма пачуць
Ад жыхароў яго ўласнай краіны.
Яны нават не могуць
Вымавіць яго княскае імя -
Публій Лібон,
Але каверкаюць яго на мясцовы лад -
Палемон!

Успаміны аб тым, што калісьці
У маім адбылося жыцці...
У кастрычніку жоўтае лісце
Пад нагой у мяне шамаціць.

Чую ветра нягучную песню
І спадзяюся, некалі зноў
Для мяне ўсё былое ўваскрэсне
Рэчаіснасцю мараў і сноў.

ХОКУ 98

Поўня над морам.
Як серабрыцца ветразь
У яе святле!

Пошукі шчасця, славы -
З лёсам не ва ўнісон...
Кубачак моцнай кавы
Хутка разгоніць сон.

Зноў да штодзённай працы...
Я не пазбег нуды!
Ці на зямлі застацца
Змогуць мае сляды?

Дзе заблукала воля?
На тратуары - бруд...
Ці на зямлі ніколі
Мне не змяніць маршрут?

Ён - ад шчаслівых сноў
У паўсядзённасць зноў...

Рытмы гекзаметра - хвалі Эгейскага Мора.
Ноч наступае. У небе халодная поўня.
Ці адшукаю у гэтай салёнай прасторы
Нешта падобнае выспе феакаў цудоўнай?

Час, нібы мора, ў клепсідры пакрыху сцякае.
Мы жа вандруем па свеце у пошуках цуда...
Можа сустрэўшы аднойчы цябе, Наўзікая,
Я пра Ітаку на выспе феакаў забуду...

Што Агамэмнан супраць рэвальвера і кулі?
Наша эпоха не мае патрэбы ў паэтах.
Грэкаў багі і траянцаў навекі заснулі,
Дзесці ў мінулым згубіліся іх сілуэты.

З памяці нашай пакрыху знікаюць героі.
Подзвігі - толькі малюнак у кнізе дзіцячай.
І над руінамі некалькі знішчанай Троі
Можа адзін толькі вецер халодны заплача...

ХОКУ 97

Палічка для кніг.
Надпісы на вокладках -
Назвы сусветаў.

Ленты новостей