Я веру, па малітвах нашых,
Бог, валадар часоў і прасторы,
Аднойчы перапіша гісторыю.
І рымскія легіёны не ўвойдуць у Ерусалім,
Чынгісхан не напоўніць болем і смерццю палову сусвету,
І касінеры Каліноўскага не атрымаюць паразы....
Кажаце, што гэта немагчыма?
Але ж ён - валадар цудаў!
Вось і вечар.
Пад шолах старонак
Так прыемна
Памарыць аб тым,
Што не здарылася
Ў гэтым жыцці,
Але, можа, у іншым...
Літара S - гэта лебедзь,
Што плыве па паверхні радка.
Польская ł нагадвае маладога шляхціца
Са шпагай на баку.
А габрэйскі алеф -
Гэта наш калаварот -
Сымбаль святла і сонца.
Углядзіцеся ў алфавіт,
Альфабэт, абэцадла...
Колькі цікавага пабачыце там,
Роднага і нечаканага!
Тут калісці была сядзіба,
А цяпер толькі вецер
Спявае свае журботныя спевы
Пра былых гаспадароў
Гэтых мясцін.
Штосці мільганула ў траве.
Нахіліўся: гэта кулон.
Дзесці я ўжо бачыў такі...
Ах да! На партрэце маёй прабабці.
ветразь
адзінокі
мора
рай для рыбаў
кніга
палон вока
танкетка
балярына
шляхта
гонар Пінска
людзмі
толькі звацца
Страцім
ці лебедзь
алфавіт
гэта шлях
вячэра
кілішак
анёлы
існуюць
ідзе дождж
плача Бог
Усе мы ненагуляўшыяся дзеці.
І ў старасці цягнецца рука
Да ігрушкавай шаблі,
Падаранай калісці бацькам.
І мы ўсё яшчэ спадзяваемся перамагчы
Жахлівага цмока - Смерць.