Rss Feed
Яндекс.Метрика

ЛЮДЗІ НАШАГА ПРЫХОДУ

У нашым прыходзе беларусаў няма. Ну, зусім. І гэта, цалкам, не дзіўна: У Лос-Анджэлесе беларусаў наогул няшмат. Але цікавыя людзі сустракаюцца не толькі сярод беларусаў. І ў нашым прыходзе цікавых людзей не бракуе. А калі так, ёсць пра што напісаць!
1. МІША
Яго завуць Міша. Не Майкл, не Міхаіл, а менавіта Міша. Міша не верыць у Бога, але кожную нядзелю прыходзіць у царкву. Ён спявае у царкоўным хоры. Ён спявак-меламан. Ён не можа жыць без гэтых бізантыйскіх распеваў!
Па нацыянальнасці Міша – немец. Яго бацькі пазнаёміліся ў Парыжы, куды абодва бяжалі адразу пасля прыхода Гітлера да ўлады. Родныя мовы ў Мішы – нямецкая і французская. Калі Германія акупавала Францыю, яго бацькі разам з немаўлём на руках перабраліся ў ЗША. Так у жыццё маленькага Міхеля (першапачаткава ён зваўся менавіта так) прыйшла ангельская мова. Потым ён ужо самастойна вывучыў расейскую і гішпанскую (апошняя ў Каліфорніі зусім не экзотыка!). Міша вельмі прыемны суразмоўца. Мы з ім не аднойчы сустракаліся ў трапезнай нашага храма, але чаму ён змяніў імя Міхель на расейскае памяньшальнае Міша, я так і не дазнаўся.

2. БЭВЭРЛІ
Яна нарадзілася ў Канадзе, у раёне Вялікіх Вазёраў у рэзервацыі аднаго з іракезскіх плямёнаў. Калі яна пакахала белага і пабралася з ім шлюбам, яе выгналі з племяні. Зараз Бэвэрлі жыве ў Каліфорніі. Аднойчы ў сне ёй было відзенне, што яна павінна прыйсці ў праваслаўную царкву, і вось ужо некалькі год яна ў нашым прыходзе.

3. ДЖОРДЖ
Джорж слыжыць у нас іпадыяканам. Часам ён прыходзіць у бібліятэку і доўга штосці шукае сярод кнігаў. У яго цудоўны голас. Ён спявае на крыласе аднолькава добра і па-ангельску, і па-царкоўнаславянску, але родная мова яго – арабская. Джордж Абуэльхаір нарадзіўся ў Егіпце, ён копт.

4. ГЕДДА
Яе поўнае імя Гедда Ільвес. Акуратная невысокая старушка з ідэальна роўнай спіной, яна кожную надзелю прыходзяць прыходзіць у царкву і выстойвае службу на нагах да канца. Нарадзілася яна ў сям’і рускіх эмігрантаў у Шанхаі. Бацькі яе былі вялікімі аматарамі творчасці Генрыка Ібсэна і назвалі дачку ў гонар аднаго з ібсэнаўскіх персанажаў – Гедды Габлер. Прозвішча Ільвес яна атрымала ад мужа эстонца.
Гедда – паэтка. Піша цудоўныя верліры на ангельскай мове, надрукавала ўжо чатыры зборніка. Працуе над кнігай успамінаў. У гэтым годзе Геддзе споўнілася 95 год.

5. ЕПІСКАП ЦІХАН
Епіскап Ціхан даўно ўжо на пенсіі, або, як кажуць у колах царкоўных, “за штатам”. Ён жыве ў невялікай службовай кватэрцы на тэрыторыі нашага прыходу. Мне асабіста не давадзілася з ім паразмаўляць, але прыхаджане ахвотна распавялі мне пра яго жыццё, вартае прыгодніцкага раману. Ён нарадзіўся ў Нямеччыне, у канцы Другой Сусветнай паслужыў у гітлерюгэндзе, а некалькі год пасля вайны перабраўся ў ЗША, дзе ўладкаваўся на вайсковую службу. У чыне капітана ён пакінуў армію і прыняў манаскае пастрыжэнне. Быў святаром, пасля кіраваў епархіяй. Зараз, як кажуць, піша ўспаміны.