Rss Feed
Яндекс.Метрика

МОГІЛКІ

Дзесці далёка, у іншым сусвеце,
Ёсць вялікія могілкі, на якіх
Пахаваны літаратурныя персанажы,
Забітыя сваімі аўтарамі.
Там, пад вечнаквітнеючым ружовым хмызам,
Ляжаць побач адно з адным Рамэа і Джултета,
А крыху воддаль, ва ўрачыстым склепе з чорнага мармура,
Спяць адвечным сном валадары Даніі:
Гамлет са сваім злашчасным бацькам,
Ягоная маці, што заблукалася ва ўласным лёсе, Палоній.
Пад вялізным, парослым мохам каменнем - магутны Агамэмнан.
Што ён мог зрабіць супраць здрады?
А вось сціплы помнік Элізэ Мэро, адданага слугі каралёў...
Колькі іх тут! Мужчын і кабет, дарослых і дзяцей,
Нават немаўлят...
Далёка за небакрай цягнуцца могілкі,
І на кожным помніку два імя:
Персанажа і аўтара-забойцы.