Rss Feed
Яндекс.Метрика

НЯВОЛЬНІЦА (18)

Сігналам для пачатка атакі быў ваўчыны вой - Гіляра шчыра здзівілася, як добра яе каханы ўмее імітаваць гэты гук, і ў той жа момант дванаццаць абложнікаў упалі мёртвымі. Хвілін прыблізна праз восем усё ўжо было скончана. Значна цяжэй, чым знішчыць нападнікаў, было патлумачыць гаспадарам замка, хто яны такія і не патрапіць пры гэтым пад чый-небудзь стрэл: абложаныя былі схільны паверыць у вайсковую хітрасць варага, чым у нечаканую дапамогу, аднак прыблізна праз гадзіну брама замка была расчыненая, і ягоны гаспадар Рарэн арг Яцэль сустракаў сябоў і вызваліцеляў.
Нягледзячы на поздні час, у замку ніхто не спаў. Некалькі кабет пад энергічным кіраўніцтвам жонкі гаспадара хутка накрывалі сталы, дружынікі, што да гэтага моманту тымалі варту на мурах, распытвалі вызваліцеляў, хто яны і адкуль, распавядалі, ў сваю чаргу, сваю гісторыю. Гісторыя не была арыгінальнай. Малодшы сын якогасці дробнага барона, у якога было паўтузіна старэйшых братоў, не пажадаў ісці да кагосці ў васалы, а, сабраўшы хеўру падобных да сябе хлопцаў вырашыў захапіць чужы замак, каб зрабіцца там гаспадаром. З якога ён быў роду - высветліць не ўдалося. Малады драпежнік, жадаючы, напэўна, заснаваць новы баронскі род, аздобіў сваю тарчу і тарчы сваіх паплечнікаў не бацькаўскім, а сваім новаствораным гербам, якога не было ні ў адным гербоўніку: на залатым полі чорны кісцень. Венцэль толькі грэбліва паморшчыўся, пабачыўшы гэту ўзор геральдычнай думкі.
- Якая брыдота! Рабіць фамільным сымбалем зброю рабаўнікоў і злачынцаў! Цікава, як ён хацеў узаконіць валоданне захопленым баронствам?
Валадар замка ў адказ на гэтую рэпліку толькі паціснуў плячыма і наліў сабе яшчэ віна.

***

Наступнай раніцай, добра паснедаўшы, прадоўжылі свой шлях да сталіцы. Правялі адну ноч у лесе, яшчэ адну ў невялікім трактыры пры дарозе, дзе іх пачаставалі нечакана смачнымі рыбнымі пірагамі, і вось, прыблізна а дванаццатай гадзіне трэцяга дня атрад уехаў у Хрогэборг - каралеўскую сталіцу Паўночных Земляў.Выгляд гэтага горада уразіў Гіляру да глыбіні душы: яна ніколі не чула пра нешта падобнае, і не магла нават уявіць, што нешта падобнае можа існаваць. Уласна кажучы, горадам у нармальным сэнсе слова Хрогэнборг не быў. Перад яе вачыма стаяў вялічэзны комплекс з прыблізна трыццаці моцна ўзброеных замкаў, пастаўленых адзін ад аднаго на адлегласці не больш як за сто-дзвесце локцяў. Паміж іх шэрымі сценамі з грубага каменя віліся дарогі. Недзе ў глыбіні гэтага комплексу узнасіліся да неба вежы каралеўскага і храмавага замкаў. Апошні, апрача таго,што з'яўляўся галоўнай у каралеўстве святыняй Усетварца, служыў таксама месцам пражывання Гросбіскупа - першагіерарха царквы Паўночнага Каралеўства.