Rss Feed
Яндекс.Метрика

НЯВОЛЬНІЦА (17)

Дружынік, які прыйшоў сказаць гаспадарам, што абед ужо гатовы, перарваў іх размову. А галодныя страўнікі нагадалі графу і яго будучай графіне, што ў свеце існуюць рэчы, важнейшыя за абмяркоўванне праблемаў генеалогіі.
Ежа была цалкам не горш за тую, што падавалі ў замку. Былі і пірагі, і смажанае мяса, і гародніна. Знайшлося нават малако, якім Гіляра пачаставала змейку.
Абедалі і адпачывалі крыху больш за гадзіну, пасля чаго зноўку выправіліся ў дарогу. Трэба было паспяшаць: Венцэль не хацеў начаваць пад адкрытым небам і спадзяваўся да ночы дабрацца да невялікага баронства Яцэль, з гаспадарамі якога ён быў у сяброўскіх адносінах.

* * *

Да даліны, у якой знаходзілася баронства, атрад дабраўся, калі ужо было цёмна. І тое, што яны там пабачылі, вельмі ўсім не спадабалася. Замак быў у аблозе. Магчымасць правясці ноч пад дахам цалкам знікла. Але ўзнікла пытанне, што рабіць у гэтай сітуацыі далей, як дапамагчы людзям, якіх Венцэль лічыў сваімі сябрамі. Трэба было прыймаць тэрміновае рашэнне.Для гэтага неабходна была інфармацыя. І каб здабыць яе, Венцэль накіраваў у разведку дваіх ваяроў. А сам тым часам адвёў свой невялікі атрад у непрыкметную і невялікую па памерах лашыну, што схавалася паміж двух горных схілаў, пакрытых густым лесам. Адшукаць іх там чужому чалавеку было практычна немагчыма. Там і сталі лагерам.
Пакуль гатавалі ежу і ставілі намёты, вярнуліся разведчыкі, і адразу стала зразумела, што рабіць дальш. Ваяры паведамілі, што нападнікі належаць да невялікага, але вядомага сваёй ваяўнічасцю клана Эйшаль. Абложнікаў было не вельмі шмат, і паводзілі яны сябе, мягка кажучы, не вельмі асцярожна, нават варту не выставілі. Штурм, хутчэй з усяго, планаваўся на заўтра, а цяпер драпежнікі смажылі на вогнішчах мяса, як няцяжка зразумець, нарабаванае ў бліжэйшай вёсцы, пілі піва, і, здаецца, былі ўпэўненыя, што апрача тых, хто замкнуўся ў замку, узброеных людзей паблізу няма. І гэтым трэба было скарыстацца.
Арг Бліц не жадаў рызыкаваць жыццём сваіх людзей, і таму галоўнай зброяй у начным баю павінны былі стаць арбалеты і лукі. Трапіць у чалавека, які сідзіць каля вогнішча зусім няцяжка, а вось страляць у цемру, туды, дзе схаваўся за дрэвамі ды ў хмызняку нечаканы вораг - справа бессэнсоўная. Венцэль, які, як высвятлілася, вельмі някепска знаў гэтую мясцовасць, расставіў сваіх стралкоў на даволі вялікай адлеласці, пазначыўшы кожнаму яго персанальную мішэнь.