Rss Feed
Яндекс.Метрика

ПРАДЗЕД

Звычайна немцаў уяўляюць як людзей працавітых, рацыянальных, педантычных. Біяграфія майго прадзеда - стоадсоткавага інфлянцкага немца Артура Людвіга Роберта фон Гюльдэнштуббэ цалкам абвяргае гэта ўяўленне. Старэйшы сын дробнамаёнткавага двараніна з Эзэля, прафесара Тартускага ўнівесітэта Тэадора Вилибальда фон Гюльдэнштуббэ, мой прадзед нічым карысным да трыццаці год не займаўся. Прыблізна ў трыццацігадовым узросце паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт вышэйпамянёнага ўнівесітэта, але праз рок, не здаўшы аніводнага заліка, забраў дакументы і паехаў вандраваць па Імперыі. Якім чынам ён трапіў у Канатоп, я не ведаю, але менавіта там ён пазнаёміўся з каханнем усяго свайго жыцця. У дзяўчыны было рэдкае імя - Сінкліцікія. Паходзіла яна ганарлівага шляхецкага роду Зенчанак, нашчадкаў набілітаванай казацкай старшыны.У 1910 г. ў ніх нарадзілася дачка Вера, у 1912 - сын Генадзь, мой дзед, а пабрацца законным шлюбам яны здолелі толькі толькі ў 1914: праблема была ў розніцы веравызнання. Артур быў люцеранінам, а Сінкліцікія - праваслаўнай. Уяўляеце, які быў скандал у высакародным сямействе фон Гюльдэнштуббэ! Дый бацькі Сінкліцікіі былі зусім не ў захапленні ад пазашлюбных дзяцей дачкі...
Каб перачакаць скандал, маладыя паехалі... ажно ў Сібір. І тут перад прадзедам паўстала праблема: на што карміць сям'ю? Як вы думаеце, чым можа зарабляць інфлянцкі шляхціц, у якога няма аніякае адукацыі, яніякае прафесіі? Толькі выкладаць нямецкую мову у гімназіі. Месца выкладчыка адшукалася ў гімназіі г. Кяхты. Зразумела, продак зусім не планаваў сядзець у Сібіры да канца сваіх дзён. Праз колькі год скандал павінен быць забыты, і ён мог бы вярнуцца з сям'ёй да радавых маёнткаў, але.... цяпер вы разумееце, чаму я так ненавіджу бальшавікоў? - здарылася рэвалюцыя. Пасля - грамадзянская вайна. Ехаць праз лінію фронта з малымі дзяцьмі - продак не быў ідыётам. А пасля ўехаць за мяжу сталася цалкам немагчымым...
Артур Людвіг Роберт фон Гюльдэнштуббэ (пры савецкай уладзе ён пісаўся проста Артур Вілібальдавіч Гюльдэнштуббэ) памёр у 1935 г. у Ленінградзе. Лёс Сінкліцікіі мне невядомы. Ягоны сын Генадзь у 1941, як і большасць расейскіх немцаў быў адпраўлены з сям'ёй на спецпасяленне. Майму бацьку тады было чатыры года. Усё яго дзяцінства прайшло за калючым дротам. Цяпер вы разумееце, за што я так ненавіджу бальшавікоў?
Калі бацьку прыйшоў час ісці ў савецкую армію, службовец ваенкамата яму сказаў: "жывым ты, хлопча, з арміі не вярнешся. Мяняй прзвішча". Бацька ўзяў дзявочае прозвішча сваёй маці, якая колькі год да гэтага загінула на спецпасяленні.... У мяне ёсць прычыны ненавідзець савецкую ўладу?
……………………………………………………………………………………………………
Я недастаткова добра яшчэ валодаю нямецкай мовай, каб напісаць гэтыя нататкі па-нямецку, але калісці я абавязкова перапішу іх на тваёй мове, Прадзед!