Rss Feed
Яндекс.Метрика

НЯВОЛЬНІЦА (15)

Амаль увесь наступны дзень Венцэль прысвяціў вывучэнню рукапіса. Як прыемна было яму, кніжніку і навукоўцу, хаця бы на дзень вызваліцца ад пабытовых і гаспадарчых справаў, акунуцца ў прывычную інтэлектуальную працу! Манускрыпт насамрэч быў вельмі цікавы і даваў некаторую надзею разгадаць, хаця бы і ў няблізкай будучыні, таямніцу шэрых вершнікаў. І самым нечаканым было тое, што для магчымай разгадкі патрэбнай была як раз кваліфікацыя геральдыста, а не спецыяліста па магіі. На шчытах у шэрых вершнікаў не было герба. І менавіта гэта рабіла з ніх несмяротных і непераможных пачвараў. Страта герба, калі, вядома, гэта быў не проста ўмоўны сымбаль, а сымбаль, адціснуты на ауры рода, магла прывясці да самых нечаканых і трагічных наступстваў. Зрэшты, высвятленне гэтай праблемы было справай будучыні, можа, нават, не самай блізкай. А зараз трэба было заняцца справамі баронства, цяпер, дарэчы ўжо графства. І перш з усяго, адпаведна з існуючым з даўніх часоў звычаем, трэба было заявіць пра свой новы статус перад каралём. А гэта азначала візіт у сталіцу дзяржавы.

* * *

Рыхтавацца да паездкі пачалі праз некалькі дзён. У адрозненне ад земляў, што былі пад уладай Шлорэна, дзе праз кожныя некалькі міляў можна было спаткаць якое-небудзь паселішча з трактырам і гасцініцай, у Паўночным Каралеўстве, каб трапіць з аднаго населенага пункта да бліжэйшага, трэба было ехаць некалькі суткаў па абсалютна пустой, ненаселенай тэрыторыі. А гэта значыла, што з сабой трэба было браць запас ежы на некалькі дзён, ахову (калі не ад людзей, дык ад дзікіх звяроў), а таксама ўсё неабходнае, каб начаваць пад адкрытым небам.
Апрача гаспадароў замка - Венцэля і Гіляры - у паход (назваць гэтае мерапрыемства проста паездкай было цяжка) адпраўляўся таксама Корт арг Эглінс, які меў засведчыць перад каралём свой пераход пад высокую руку арг Юліца, дзесяць чалавек узброенай аховы і шасцёра сялян, каб даглядаць у дарозе за канямі, ставіць і разбіраць шатры, гатаваць ежу: адцягваць ваяроў на пабытовыя справы магло быць небяспечна. Гледзячы як на грузяць драбіны, Гіляра ў чарговы раз падумала, як жа адрозніваецца свет Паўночнага каралеўства і ад такога ўжо далёкага, стаўшагася ўжо чужым Дарана, і ад Шлорэна, дзе, як яшчэ нядаўна яна думала, ёй прадстаяла правясці ўсё сваё жыццё.