Rss Feed
Яндекс.Метрика

НЯВОЛЬНІЦА (14)

У той вечар Гіляра сядзела ў замкавай бібліятэцы, спрагаючы няправільныя дзеясловы кгархаля. Румэл - "кахаю", рамуц - "кахаеш", райман - "кахае". Гэтыя формы дзяўчына добра памятала. А вось "мы кахаем" - гарумэл, як у стандартных дзеясловаў, або лорумэл, як у некаторых дзеясловаў, што абазначаюць моцныя пачуцці? Сярод іх была невялікая група і з такой прыстаўкай. І спытаць няма ў каго. Венцэля ў замку няма, паехаў кудысці па справах, у слугаў і без яе пытанняў ёсць чым заняцца, дружына - таксама не адпачывае.
Памяць падсказвала Гіляры, што пры першым знаёмстве з бібліятэкай яна бачыла на адной з паліц якісці даведнік па граматыцы кгархаля. Дзе жа ён... Здаецца, вось той том у цёмна-шэрай вокладцы на верхняй паліцы. Не, не ён. Вершыкі на німайскай, дарэчы, даволі фрывольнага зместу. А гэта што побач з ім? Паўночныя руны. Кгархаль. "Хайцых тэс раўрайфэрэн" - чамусці ўслых прачытала дзяўчына. Назоўнік "хайцых" яна ўжо ведала - гэта "гісторыя", "тэс" - гэта фармант роднага склону, а вось "раўрайфэрэн" - рука Гіляры працягнулася за слоўнікам, які ляжаў побач. Хвіліна, і тытул кнігі перакладзены: "Гісторыя шэрых вершнікаў". Апошняе слова было састаўным: "раў" - шэры, "райфэр" - вершнік. Яна трымала ў руках кнігу, якая, быць можа, магла праліць святло на адну з самых жахлівых таямніц Поўначы. Няўжо ані Венцэль, ані яго брат, што загінуў ад гэтых пачвараў, не ведалі пра то што ў іх бібліятэцы захоўваецца гэты том? Ці, можа ведалі, што карысці ад яго няма...
Будучая баранэса арг Юліц добра разумела, што яе ведаў у кгархале яўна недастаткава, каб чытаць такія кнігі, а гэта азначала, што трэба дачакацца каханага. Паказаць знаходку камусці з пахолкаў дзяўчына не рашылася.
Венцэль прыехаў поздна,і, хаця ў замку ўжо не бракавала прыслугі, Гіляра сама падала яму вячэру, як рабіла гэта тады, калі яны жылі ў Шлорэне, і калі яна нават марыць не магла, што стане ў недалёкай будучыні гаспадыняй вялізнага замка.
Калі Венцэль сыта адкінуўся ў крэсле з келіхам віна ў руцэ, дзяўчына працягнула яму сваю знаходку.
- Цікавая рэч, вельмі цікавая, - прагаварыў арг Юліц, гартаючы бачыны. У ягоных вачах загарэўся азартны агенчык даследчыка.
- Я не памятаю гэтай кнігі. Напэўна, брат набыў яе зусім нядаўна, ужо пасля майго апошняга візіту ў замак. А было гэта прыблізна за два месяцы да таго, як я сустрэў цябе. Якая горкая іронія лёсу: набыць кнігу пра шэрых вершнікаў і ў хуткім часе загінуць ад іх. Няўжо гэта неяк звязана...
- Не турбуйся, мілы. Адпачні. Я ўпэўнена, ты здолееш разгадаць гэтую загадку.
- Ну, здолею, ці не - сказаць цяжка. Я не спецыяліст па акультных навуках, я геральдыст. Але паспрабаваць трэба. Шкада, што вольнага часу так няшмат.