Rss Feed
Яндекс.Метрика

НЯВОЛЬНІЦА (12)

* * *

У першы жа вечар на новым месцы Венцэль пазнаёміў сваю нарачоную з замкам. Яны прайшліся па пакоях, амаль на гадзіну затрымаліся ў арсенале - калекцыі старажытнай зброі арг Юліцаў маглі пазайздросціць многія музеі света, зазірнулі ў бібліятэку, а потым Гіляра доўга хадзіла па галерэі партрэтаў, углядваючыся ў вочы блізкіх і далёкіх продкаў Венцэля, і нібы моўчкі пытала, ці пагадзяцца яны прыняць яе, іншаземку, купленую нявольніцай на рынку ў сваю сям'ю. А потым яны спусціліся ў фамільны склеп арг Юліцаў. Пастаялі крыху каля простых, груба вырабленых саркафагаў бацькоў Венцэля, а потым апусціліся на калені, і Венцэль ціха прашаптаў: "Бацька, маці, дабраславіце!"
Апоўдні наступнага дня вярнуўся арг Роо-Грэніц, а з ім два тузіна ўзброеных мужчынаў. І аніводнага наёмніка сярод іх - адны толькі малодшыя сыны небагатых дваранаў, што шукалі сабе сталага месца ў дружыне і былі гатовыя прынесці васальную прысягу. Адзін з'явіўся нават з жонкай і немаўлём."Ну, што ж, - падумалася Венцэлю, - так нават лепей. Гэты будзе бараніць не толькі свайго барона, але і ўласную сям'ю".
Рэшта дня пайшла ў Венцэля на знаёмства з новымі людзьмі, на іх уладкаванне ў замку, на прыйманне прысягі. А ўвечары было баляванне. Хаця ў замку яшчэ й не скончылася жалоба па забітых шэрымі вершнікамі, новы барон ніяк не мог не адзначыць знаёмства са сваімі новымі ваярамі адпаведным чынам.
Тэрминова мабілізаваныя з бліжэйшай вёскі сялянкі забяспечылі просты, але багаты стол з вялікай колькасцю мясных страваў, грыбнымі і рыбнымі пірагамі, квашанай з журавінамі капустай, якая на поўначы была на кожным стале і ў свята і ў будні, а таксама традыцыйным для гэтай краіны дэсертам: арэхамі, варанымі ў мёдзе.
Пачынаючы застолле, Венцэль узяў дзвюмя рукама вялізны, прыблізную, прыблізна на паўвядра аб'ёмам, залатую браціну, аздобленую гербам рода арг Юліцаў, поўную дарагога чырвонага віна і, сербануўшы з яе глыток, перадаў яе Гальтару, што сядзеў праваруч ад яго. Той, сербануўшы ў сваю чаргу, перадаў браціну ваяру, чые месца было поруч з ім. Так браціна абашла па крузе ўвесь стол. Лічылася, што той, хто сербануў з яе, ніколі не зможа здрадзіць ані свайму барону, ані тым, хто сядзелі з ім разам за гэтым сталом. Потым дружыннікі распачалі распавядаць пра сябе. Большая частка гэтых апавяданняў была даволі аднолькавай: пасля смерці бацькі гонар не дазволіў застацца пад уладай старэйшага брата, які атрымаў маярат. І толькі дзве гісторыі вылучаліся з гэтага шэрагу. Першай была гісторыя Рамона арг Ульта, ваяра, што з'явіўся з жонкай і немаўлём. Ён быў старэйшым сынам свайго бацькі і вінен быў атрымаць у спадчыну маярат. Але дзяўчына, якую ён кахаў, і якая кахала яго, не была дваранкай. Законы Паўночна Каралеўства не забаранялі такія шлюбы, і, адпаведна тых жа законаў, дзеці, народжаныя ад бацькі-двараніна лічыліся дваранамі, незалежна ад таго, кім была іх маці. Але, апрача закона, ёсць яшчэ і воля бацькоўская, і стары барон паставіў пытанне рубам: або ты адмаўляешся ад гэтай дзеўкі, або я пазбаўляю цябе правоў нашчадка і выганяю з дома. Рамон не адмовіўся ад свайго кахання.
Жахлівейшай з усіх была гісторыя Корта арг Эглінса, наймалодшага з новых васалаў рода арг Юліцаў. Ён быў адзіным сынам і нашчадкам валадара невялікай вёскі, што тулілася да сценаў замка, складаючы з ім амаль адзінае цэлае. Дзесяць год таму шэрыя вершнікі знішчылі не толькі жыхароў замка, але і ўсё насельніцтва вёскі. З таго часу баронства Энгліс стаяла пустым і няма каму было апрацоўваць зямлю. Малы Корт быў тады з маці ў гасцях у свайго дзеда, матчынага бацькі. Маці яго хутка памёрла, не вытрымаўшы гэтага няшчасця, і шасцігадовы сірата быў узяты на выхаванне дзядзькам. Калі яму споўнілася пятнаццаць, ён, папрасіўшы ў дзядзькі каня і зброю, выправіўся шукаць свайго шчасця. Яго васальная прысяга давала Венцэлю права на тытул графа, бо графам, па законах Паўночнага Каралеўства лічыўся той, каму прынёс васальную валадар уласнага баронства. У арг Энгліса ўласнае баронства, хай сабе чыста фармальна, але было.