Адысея, XXII,344-360
Паэт Фемій,
Яшчэ ўчора папулярны пясняр
Пры двары жаніхоў,
Вельмі ласкава прыняты імі,
Цяпер стаіць на каленях,
Вымольваючы літасці ў Адысея.
Трасучыся ад страха,
Ён з цяжкасцю знаходзіць словы,
Гаворыць перарывіста і бязладна,
Але адно ён ведае напэўна,
У адным ён глыбока перакананы:
Паэт павінен жыць!
Менавіта гэтую найвялікшую адвечную ісціну
Ён павінен у любы спосаб
Данесці да свядомасці Адысея,
Чый меч апынуўся ў небяспечнай блізкасці
Ад крохкай шыі складальніка песьняў.
Але здольнасць да пераканаўчага слова
Пакінула яго.
Словы падаюць адно за адным
Бязладныя, бессэнсоўныя, пустыя.
Да таго ж ён пачаў не з таго, з чаго трэба –
З пагрозаў!
- Ты яшчэ пашкадуеш, - крычыць ён, -
Што забіў паэта!
А я мог бы так цудоўна
Праславіць цябе,
Апець і абагавіць!
Але адразу жа, зразумеўшы сваю памылку,
Ён пачынае заблытаныя апраўданні.
- Я жа самавук, - голас яго зрываецца, -
Навучыўся ўсяму сам, ад якогасці невядомага бога.
Я не вінаваты!
Мяне прымусілі, я не хацеў.
Багі і жаніхі прызначылі мяне паэтам.
Спытай у Тэлемака, ён пацвердзіць.
Тэлемак, стаміўшыся гэта слухаць,
Раздражнёна кідае:
- Не чапай яго, бацька.
Ён гаворыць праўду.
Ён не вінаваты, што тыя прымушалі яго пець.
Не жадаючы засмучаць сына,
Адысей адхіляе меч,
І Фемій без сілы падае да яго ног.
У яго нервовы зрыў.
Ён няспынна і салодка рыдае.
Ах, ён гэта ведаў!
Як глыбока ён быў у гэтым упэўнены:
Паэт павінен жыць!