Rss Feed
Яндекс.Метрика

НЯВОЛЬНІЦА (05)

Паступова жыццё Гіляры ўваходзіла ў нейкую каляіну. Большую частку дня ў яе займала хатняя праца: дзяўчына гатавала ежу, мыла бялізну, даглядала за домам. А па вечарах яна чытала - гаспадар не забараняў карыстацца бібліятэкай. Спярша яна адбірала кнігі на роднай даранскай мове, потым перайшла да напісаных па-німайску. Апошніх было значна больш, і яны былі больш разнастайныя па тэматыцы. Чытанне, якое спярша было для дзяўчыны проста прыемным баўленнем часу, паступова ператваралася ў сродак самаадукацыі. Юная прыгажуня адалела тоўсты том па гісторыі Шлорэна, горада, у якім, як яна меркавала, ёй прадстаяла правесці ўсё астатняе жыццё, пазнаёмілася са звычаямі ўніверсітэцкага княства, значна палепшыла сваю німайскую мову. Чытала Гіляра даволі бессістэмна, пераходзячы ад гісторыі да любоўных раманаў, ад вышэйпамянёных раманаў да геаграфіі, ад геаграфіі да лірычнай паэзіі, чаргуючы апошнюю з жыццяпісамі выдатных людзей розных краін і эпохаў. Не абмінула яна сваёй увагай і таўшчэзны том пад мудрагелістай назвай: "Тысяча і адна парада руплівай гаспадыні, якая жадае стацца каралевай у дзяржаве кулінарыі", стравы па рэцэптах з якой не адзін раз аздаблялі іх з Венцэлем абеды.
У той вечар дзяўчыне ў рукі трапіла тоўстая кніга пад назвай "Шляхецкія роды Паўночнага Каралеўства". Нельга сказаць, што далёкая халодная краіна цікавіла Гіляру, але ёй чамусці вельмі захацелася патрымаць у руках старажытны рукапісны том з залатыым цісненнем на вокладцы, аздоблены такімі прыгожымі, зробленымі не іначай як рукой ювеліра срэбнымі засцёжкамі. Дзяўчына разгарнула кнігу. Раздзелы, прысвечаныя асобным шляхецкім дынастыям поўначы былі размешчаныя тут у алфавітным парадку. Арг Мэргуль, арг Нілміц, арг Ойрэ, арг Райрашлорцэнфальц... Нечакана вока выхапіла прозвішча арг Юліц. З гэтага моманту кніга цалкам завалодала ўвагай дзяўчыны.
На працягу гэтага вечара Гіляра даведалася, што род баронаў арг Юліцаў налічвае больш за дзесяць стагоддзяў гісторыі, што яго заснавальнікам стаў малодшы сын апошняга караля Раэлона - невялікага каралеўства, знішчанага нашэсцем качэўнікаў, які, ратуючы сваё жыццё, бяжаў на поўнач і там заснаваў замак Юліц,што як раз з рода арг Юліц паходзій найвялікшы герой Поўначы - Рангор Непераможны, што першыя бароны арг Юліц карысталіся старым гербам раэлонскіх каралёў - на срэбным полі дрэва са змяінымі галовамі замест лістоў, але яго праўнук узяў у якасці герба відарыс эдэльвейса на зялёным полі, што... У нейкі момант дзяўчына зразумела, што за адзін вечар яе галава не здолее засвоіць такі аб'ём інфарцацыі, нават пад пагрозай яе адсячэння. Ды й наогул, ці трэба ёй ведаць усю тысячагадовую гісторыю арг Юліцаў, калі ані пра яе гаспадара, ані пра яго сям'ю там не было ані слова - кніга была створана больш за сто гадоў да наражджэння Венцэля. А ёй... а ёй чамусці было вельмі важна зразумець, адкуль у гэтым жорсткім, цынічным свеце, дзе кожны для кожнага калі не ахвяра, то бязлітасны драпежнік, дзе двое сябруюць часцей за ўсё толькі дзеля таго, каб разам зацкаваць кагосці трэцяга, ўзнікаюць такія добрыя, чыстыя шляхетныя людзі, як Венцэль. Прыўкрасны, як кветка эдэльвейса!