Rss Feed
Яндекс.Метрика

НЯВОЛЬНІЦА (03)

- Што гэта ты тут чытаеш? Ураіза? Ці падабаецца! - змяніў тэму Венцэль, забачыўшы ў руках дзяўчыны кнігу.
- Так. Гэта мой улюбёны паэт. У нас, у Даране, яго кнігі забаронены, але ў бацькі быў томік.
- Ну што ж, калі падабаецца, бяры. Дару. Твая кніга.
- Дзякуй. Гэта такі дарагі падарунак...
- Няма за што. Я разумею, як гэта прыемна напаткаць кніжку на роднай мове. Дарэчы, я крыху гавару па-даранску. Не так добра, як бы хацелася, але... Зрэшты, што жа мы тут сядзім... Ты жа напэўна прагаладалася. Вось, разагрэй, - Венцэль працягнуў Гіляры торбу - Я тут у трактыр зайшой, купіў крыху паснедаць.
У торбе Гіляра знайшла пірог (як высвятлілася далей - з рыбай), кавалак смажанага мяса, салодкія булачкі з шакаладнай глазурай і некалькі яблыкаў. Хутка кінула на гарачую печ (распаліла яшчэ да прыхода Венцэля) дзве патэльні, пляснула крыху алею,і праз некалькі хвілін пірог і мяса можна ўжо было падаваць на стол.
За абедам, прыхлёбваючы з вялізнага кубка каву (гэты напой, як і ўсе даранкі, Гіляра рыхтавала цудоўна, беспамылкова ўгадваючы прапорцыю вады і парашку) Венцэль распавядаў дзяўчыне гарадскія навіны, а Гіляра, моўчкі слухаючы гаспадара, круціла ў галаве адно пытанне, якое ніяк не магла насмеліцца задаць. Нарэшце набралася смеласці:
- Скажыце, Венцэль, ці ў вашай сям'і ўсе так ласкава ставяцца да нявольнікаў.
- Да нявольнікаў... Хм. Там, дзе жыве мая сям'я, нявольнікаў наогул няма. Я з поўначы...
- Зусім няма? А як жа... - Гіляра нават не магла сябе ўявіць гаспадарку без нявольнікаў, - А хто ў вас працуе па дому, мые, рыхтуе...
- Жаночымі справамі звычайна займаюцца жонкі ды дачкі бацькаўскіх дружыннікаў - асобны кухонны атрад пад кіраўніцтвам маёй маці-баранэсы, але гэта нават не прыслуга, гэта - амаль чальцы сям'і.
- Ваш бацька мае ўласную дружыну? Ён вялікі ўладар?
- Не. Даволі дробны і небагаты барон. Такіх уладароў на поўначы - амаль у кожнай вёсцы. Дый дружына - невялікае войска. Усяго восем чалавек. Але якія людзі... - прамовіў арг Венцэль і пацягнуўся за чарговым кавалакам пірага.
- Венцэль, - зноўку насмелілася спытаць яго Гіляра, - а навошта вам губляць грошы ў трактіры? Я сама магу прыгатаваць і пірагі і шмат яшчэ чаго. Гэта танней выйдзе ... і смачней. Я насамрэч добра гатую. Толькі трэба схадзіць на рынак і купіць там...
- Добра. Купім. - перапыніў яе Венцэль. - Але прадукты - гэта крыху потым. Спярша трэба купіць табе прыстойную вопратку. Штосці хоць бы крыху прыгажэйшае за гэтую шэрую анучку.
Гіляра аглядзела сябе крытычным поглядам. Надзетая на яе сукенка нявольніцы ўяўляла сабой проста доўгі мяшок з проразямі для рук і галавы. А якія строі яна насіла яшчэ нядаўна!