Rss Feed
Яндекс.Метрика

ПРАДМОВА

Колькі моваў існуе на зямлі тэрмінова не ведае ніхто. Навукоўцы называюць лічбы ад трох да пяці тысяч. На некаторых з іх, як, напрыклад, на кітайскай, ангельскай арабскай, гіндзі, іспанскай, рускай гавораць мільёны жыхароў нашай планеты. Іншымі мовамі, такімі як юкагірская, кецкая, негідальская, нганасанская і шмат якіх яшчэ карыстаюцца толькі колькі сотняў чалавек.

Некаторыя мовы, такія як грэцкая або кітайская, маюць шматтысячагоднюю літаратурную гісторыю, а для некаторых, як, напрыклад, аранта, нікабарская, антакарынья пісьмовасць яшчэ не створана. Такія мовы называюцца беспісьмовымі. Яны выкарыстоўваюцца выключна як сродак штодзённай пабытовай камунікацыі ў сваім нацыянальным ассяроддзі.

Некаторыя мовы, такія як біслама ці неасаламонік сфармаваліся зусім нядаўна – не больш як за сто год таму, а іншыя, як, напрыклад, шумерская або мераіцкая выйшлі з ужытку шмат тысячагоддзяў таму і вядомыя цяпер толькі па пісьмовых помніках, дэшыфраваных навукоўцамі. Мовы, якія выйшлі з жывога гутарковага ўжытку, называюцца мёртвымі, а мовы, якія захоўваюцца ў гутарковым ужытку – жывымі. Зрэшты, трэба заўважыць, што асобныя мёртвыя мовы, такія як лацінская, царкоўнаславянская, санскрыт і ў наш час актыўна функцыяніруюць у сферы высокай культуры, але большая частка з іх вядомая толькі вузкаму колу спецыялістаў-навукоўцаў, якія займаюцца гісторыяй той ці іншай загінуўшай цывілізацыі. Да ліку такіх моваў належыць, напрыклад, старажытнаегіпецкая, фінікійская, угарыцкая, урарцкая, гоцкая, бактрыйская, сагдыйская. Шмат у якіх выпадках амаль усё, што мы ведаем пра зніклую мову – гэта яе назва і колькі словаў, якія даюць магчымасьць апрадзяліць яе генеалагічную прыналежнасць. Вельмі мала ведае навука пра герульскую, гепідскую і бургундскую мовы, а існаванне ў далёкай мінуўшчыне протатыгрыдскай – толькі прадпалагаецца на падставе ўкосных дадзеных.

Некаторыя мовы, як, скажам, беларуская і ўкраінская вельмі падобныя адна да адной. Пры параўнанні жа беларускай і тыбецкай агульных рысаў, на першы погляд, не выяўляецца. Мовы вельмі адрозніваюцца адна ад адной фанэтыкай, граматыкай, пабудовай словаў і сказаў. Так, напрыклад, у ангельскай мове толькі два склоны, у нямецкай – чатыры, а ў вянгерскай – больш за дваццаць; у хецкага дзеяслова толькі дзве формы часу, а ў ангельскага – шаснаццаць, у беларускай, лацінскай ці албанскай парадак словаў у сказе свабодны, а ў кітайскай, брэтонскай ці старажытнаегіпецкай – жостка фіксаваны. Між тым, пры ўсіх відавочных адрозненнях асобнымі паміж мовамі ў самым галоўным і істотным яны маюць шмат агульнага.

Кожная мова належыць якому-небудзь калектыву (Рабінзону Круза на выспе няма было з кім размаўляць). На кожнай мове чалавек перадае свае думкі і пачуцці пры дапамозе гукаў. Хаця самі гукі не маюць аніякага значэння, яны выкарыстоўваюцца як матэрыял для пабудовы марфемаў, словаў, сказаў. У кожнай мове ёсць галосныя і зычныя. У лексіцы кожнай мовы сустракаюцца сінонімы, амонімы і антонімы. На кожнай мове чалавек гаворыць пры дапамозе сказаў. Усе мовы могуць быць апісаныя пры дапамозе адной і той жа сістэмы паняткаў і тэрмінаў. Апошняе ўяўляецца для нас найбольш значным, паколькі ў адваротным выпадку не магла бы існаваць такая навука як мовазнаўства, і, вядома, не магла бы ўзнінуць і гэтая кніга.

Гэты даведнік, на жаль, дае інфармацыю не па ўсіх мовах нашай планеты і аб’ём гэтай інфармацыі ў розных выпадках вельмі розны. Гэта тлумачыца тым, што аб адных мовах мы ведаем вельмі шмат, і аўтар гэтых радкоў быў вымушаны нават абмяжоўваць інфармацыю для таго ці іншага артыкула, другія жа мовы апісаны (у даступных, прынамсі, нам крыніцах) вельмі сцісла. Шмат у якіх выпадках мы можам указаць толькі прыблізную колькасць носьбітаў, арэал распаўсюджання і генеалагічную прыналежнасць мовы. Мы, аднак, упэўненыя, што лепш прывясці такую няпоўную інфармацыю пра мову, чым не прыводзіць аніякай.

У шэрагу выпадкаў мы прыводзім поўныя парадыгмы таго ці іншага спражэння або скланення, аднак абраны памер артыкула не дазваляе нам ні ў адным выпадку прывесці ўсе парадыгмы той ці іншай мовы. Трэба прызнаць, што з прычыны адсутнасці якога-небудзь крытэра, парадыгма для прывядзення ў тэксце слоўнікавага артыкула абіралася ў вялікай ступені адвольна. У выпадку з беларускай і рускай мовамі мы свядома не прыводзім аніякіх парадыгмаў, паколькі абодве гэтыя мовы добра вядомы беларускамоўнаму чытачу, і прывядзенне ў прысвечаных ім артыкулах элементарнай граматычнай інфармацыі не мае аніякага сэнсу.

Асобную праблему складала пры напісанні гэтай кнігі спецыяльная тэрміналогія, пераважна перадача па-беларуску назваў тых моваў, для якіх у беларускай не існуе традыцыйнага агульнапрынятага наймення. Паколькі карысталіся мы пры напісанні кнігі амаль выключна расейскамоўнымі і ангельскамоўнымі крыніцамі, пазначаная вышэй праблема ў значнай ступені звялася да праблемы транслітарацыі ангельскіх расейскіх назваў адпаведных моваў. Ангельскае спалучэнне ti і расейскае ти мы звычайна перадаем як ты. Так, напрыклад, мову, якая па ангельску называецца tiri, а па-расейску тири, мы перадаем па-беларуску як тыры. Усе ненаціскныя о мы перадаем як а: ангельскае oromo і расейскае оромо перадаюцца ў нас як арома. Ангельскае te і расейскае де мы перадаем па-беларуску як тэ: мову, якая па-ангельску называецца tetum, а па-расейску тетум, мы транслітарыруем па-беларуску як тэтум. Вядома, ўсё гэта не тычыцца тых выпадкаў, калі ў беларускай мове існуе традыцыйнае, кадыфікаванае найменне той ці іншай мовы. Так, напрыклад, мы пішам у нашай працы асецінская, а не асетынская, нягледзячы на апісаныя вышэй правілы транслітарацыі. Падвойныя зычныя, транслітэруючы назвы моваў па-беларуску, мы заўсёды перадаем як адзіночныя.

Спадзяемся, што гэтая кніга будзе цікавай і карыснай ня толькі для прафесійных філолагаў-мовазнаўцаў, але і для шырокага кола чытачоў, якім неабыякавая праблематыка гуманітарных навук.