Rss Feed
Яндекс.Метрика

МОВЫ СВЕТА (Ю)

Югская – адна з енісейскіх моваў. Была распаўсюджаная ў паўночным цячэнні Енісея. Цяпер, хутчэй за ўсё, выйшла з ужытку (на пачатку 1990-х гадоў на ёй гаварылі некалькі чалавек). Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглютынацыя і інкарпарацыя. Мова беспісьмовая.
Юкагірская – адна з юкагірскіх моваў. Распаўсюджаная ў басэйне рэкаў Калыма і Алазея. Колькасць носьбітаў – каля 250 чалавек, амаль усе яны валодаюць расейскай. Два дыялекты: тундравы і калымскі. Некаторыя спецыялісты разгледжваюць іх як дзве асобныя мовы. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя і інкарпарацыя. У лексіцы запазычанні з рускай, якуцкай і эвенскай моваў. Пісьмовасць на базе кірыліцы, створаная ў 70-я гады ХХ стагоддзя Г. Н. Курылавым; ужываецца ў мясцовых выданнях і школьным выкладаньні. Буйнейшы дзеяч юкагірскай нацыянальнай культуры паэт Улура Ада.
Юкатэкская – тое жа, што майя.
Юрацкая – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у самадыйскую групу. Была распаўсюджаная ў тундры на захад ад Енісея. Выйшла з ужытку напачатку ХІХ стагоддзя. Некаторымі даследчыкамі разгледжваецца як дыялект ненецкай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасці і ўласных пісьмовых помнікаў няма.
Юракарэ (юрахарэ, юра) – генетычна ізаляваная індзейская мова. Распаўсюджана ў Балівіі, ў далінах рэк Чапарэ, Ічыла і Сэкурэ. Колькасць носьбітаў звыш за 2500 чалавек. Значная часткма з іх валодае таксама іспанскай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, двухбакавая аглюцінацыя і рэдублікацыя. У парадыгмах некаторых дзеясловаў сустракаюцца суплетыўныя формы ліку. Мова беспісьмовая.
Юрок – адна з алганкінска-рытванскіх моваў, уваходзіць у рытванскую групу. Была распаўсюджаная на ціхаакіянскім узбярэжжы Каліфорніі. Выйшла з ужытку ў 1960-я гг. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Вельмі багатая сістэма словаўтварэння: афіксацыя, словаскладанне, рэдуплікацыя. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Мова беспісьмовая.
Ючы – ізаляваная мова аднаго з індзейскіх народаў Паўночнай Амерыкі. Хутчэй за ўсё ўжо выйшла з ужытку – у 2007 г. ёй валодалі толькі 3 чалавекі. Апошнія носьбіты пражывалі ў ЗША у штаце Аклахома. Мова беспісьмовая.