Rss Feed
Яндекс.Метрика

МОВЫ СВЕТА (Ц)

Царкоўнаславянская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, паўднёваславянскую падгрупу. Найстаражытнейшая літаратурная мова славян. Сфармавалася ў ІХ стагоддзі ў выніку перакладчыцкай і асветніцкай дзейнасьці Канстанціна Філосафа (Кірыла) і яго брата Мефодзія першапачаткава на базе балгара-македонскіх дыялектаў. Потым увабраў у сябе некаторую колькасць мараўскіх і ўсходнеславянскіх элемэнтаў. Шмат запазычанняў і калек з грэка-бізантыйскай. Вельмі багатая і распрацаваная рэлігійная тэрміналогія, звязаная з праваслаўным хрысціянствам. Для абазначэння найстаражытнейшага этапа разьвіцця царкоўнаславянскай мовы ўжываецца тэрмін “стараславянская”. У цяперашні час з’яўляецца літургічнай мовай праваслаўнай царквы ў Расіі, Беларусі, Сербіі, Балгарыі, Македоніі, Украіне. У Сярэднявеччы вылучаўся цэлы шэраг ізводаў (тэрытарыяльных варыянтаў) царкоўнаславянскай мовы. У цяперашні час царкоўнаславянская мова цалкам уніфікаваная ўва ўсіх праваслаўных славянскіх краінах. Галосныя гукі: [а], [о ] (на пісьме – Ўўўо і w), [у], [ы], [і] (на пісьме ?, и, v), [э] (на пісьме – е і h). Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх няма. У літургічным вымаўленні рэдукцыя галосных у ненаціскнутай пазіцыі не дапускаецца. Націск эспіраторны, свабодны; можа адрозніваць асобныя словы і формы словаў; абавязкова пазначаецца на пісьме. Зычныя гукі: [б], [б’], [г], [г’], [в], [в’], [д], [д’], [ж], [з], [з’], [й], [к], [к’], [л], [л’], [м], [м’], [н], [н’], [п], [п’], [р], [р’], [с], [с’], [т], [т’], [ф], [ф’], [х], [х’], [ц], [ч], [щ]. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнікі у сучаснай царкоўнаславянскай мове размяркоўваюцца па чатырох скланеннях. Раней тыпаў скланення было больш. Назоўнік утварае формы адзіночнага, множнага і парнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны – тектwнъ ‘цясляр’'', тектwна ‘два цесляры’, тектwни ‘цесляры’; родны – тектwна ‘цесляра’, тектwнu ‘двух цесляроў’, тектwнwвъ ‘цесляроў’; давальны – тектwн`u ‘цесляру’, тектwнома ‘двум цеслярам’, тектwномъ ‘цеслярам’; вінавальны – тектwна ‘цесляра’, тектwна ‘двух цесляроў’, тектwны ‘цесляроў’; творны – тектwномъ ‘цесляром’, тектwнома ‘двумя цеслярамі’, тектwны ‘цеслярвмі’; месны – (w) тектwнh ‘(аб) цесляру’, (w) тектwнu ‘(аб) двух цеслярах’, (w) тектwнhхъ ‘(аб) цеслярах’; клічны – тектwне ‘цесляру’, тектwна ‘два цесляры’, тектwни ‘цесляры’. Як і ў іншых славянскіх мовах тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы, ніякі. Артыкляў і катэгорыі акрэсьленасці / неакрэсленасці няма, хаця аўтары першых царкоўнаславянскіх граматык, напісаных на ўзор грэка-візантыйскіх, рабілі спробы інтэрпрэтаваць як артыкль некаторыя з указальных займеньнікаў. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне, утварае сінтэтычныя ступені параўнання. Складаная сістэма займеннікаў. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, парным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу (азъ несu ‘я нясу’), перфекта (азъ принеслъ есмь ‘я прынёс’), імперфекта (азъ несlbnn#хъ ‘я нёс’), аорыста (азъ несохъ ‘я нёс’), плюсквамперфекта (азъ бhхъ неслъ ‘я быў нёс’), будучага простага (азъ принесu ‘я прынясу’) і будучага складанага (азъ имамъ нести ‘я буду несці, я маю несці’). У загадным і ўмоўным ладзе формаў часу няма. Ёсць катэгорыя стану: залежны і незалежны. Наяўнасць катэгорыі трывання ў царкоўнаславянскай мове аспрэчваецца шэрагам навукоўцаў. З неасабовых формаў дзеяслова ёсць інфінітыў (канчатак –ти) і дзеепрыметнікі. Раней была таксама форма супіна (фармант –тъ), якая цяпер не ўжываецца. Характэрнай рысай царкоўнаславянскай мовы з’яўляецца вялікая колькасць гістарычных, марфалагічна значных чаргаваньняў гукаў: роука – въ роуцh, врагъ – врази. У парадыгмах назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў сустракаюцца асобныя суплетыўныя формы: человекъ – людiе, идu – шедъ, благ?й – оун?й (лепшы) і інш. Асноўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне і афіксацыя, сустракаецца канверсія. Парадак словаў у сказе свабодны. У сінтаксісе шмат калек з грэка-візантыйскай. Так, характэрнай рысай царкоўнаславянскага сінтаксіса з’яўляецца канструкцыя “давальны самастойны”, якая не сустракаецца ў іншых славянскіх мовах: низшедшu coлнцu въ понтъ – “калі сонца спусьцілася ў мора”. У ХХ стагоддзі царкоўнаславянская граматыка знаходзіцца пад моцным уплывам з боку рускай мовы. Так, на літургіі часта можна пачуць замест класічнай формы меснага склона w патр?арсh зрусіфікаваную w патр?архh. Пісьмовасць на старакірылічнай графічнай аснове. Ужываюцца скарачэнні пад цітламі. Найстаражытнейшыя помнікі напісаныя так званым глагалічным алфавітам (менавіта ён і быў створаны Канстанцінам Філосафам). На беларускую мову, нягледзячы на тое, што першыя беларускія кнігі былі напісаныя па-царкоўнаславянску (напрыклад, Тураўскае Евангелле ХІ ст.), царкоўнаславянская мова амаль не паўплывала.
Цахурская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў шэрагу вёсак Рутульскага раёну Дагестана, а таксама ў памежных з ім раёнах Азербайджана. Тры дыялекты: цахурска-сувагільскі, гельмецка-курдульскі і сапунджынскі. Адзінай літаратурнай нормы няма. Прыблізная колькасць носьбітаў – 15 тысяч чалавек. Многія цахуры валодаюць таксама лезгінскай, азербайджанскай і рускай мовамі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, з’мяняецца па шаснаццаці склонах. Граматычнага рода ў традыцыйным сэнсе гэтага тэрміна няма, але ўсе назоўнікі размяркоўваюцца па чатырох класах. У першы клас уваходзяць назоўнікі, якія абазначаюць асобаў мужчынскага полу: дек ‘бацька’, дух ‘сын’”, чодж ‘брат’ і інш. У другі клас ўваходзяць словы, якія абазначаюць асобаў жаночага полу: хьунашше ‘кабета’, йед ‘маці’, йиш ‘дзяўчына’ і інш. Да трэцяга класу належаць словы, якія абазначаюць неразумныя адушаўлёныя істоты і рэчы, часьці цела: зер ‘карова’, кІукІ ‘лыжка’, уль ‘вока’. Чацвёрты клас складаюць пераважна назвы міталягічных істотаў, а таксама некаторых рэчаў: аьждгьа ‘дракон’, дев ‘пачвара’, йива ‘жалеза’. Дзеяслоў не змяняецца па асобах, мае складаную сістэму дзеепрыслоўяў, якія часта ўваходзяйь у склад аналітычных формаў часу. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай, персіцкай і азербайджанскай моваў. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове з 1990 г.
Цэзская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў 47 вёсках Цунтынскага раёна Дагестана. Агульная колькасць носьбітаў - каля 12 тысяч чалавек. Многія цэзы трохмоўныя, валодаюць таксама рускай і аварскай. Паміж дыялектамі - значныя адрозненні, якія, аднак, не перашкаджаюць узаемапаразуменню моўнікаў. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнікі размяркоўваюцца па чатырох класах. Да першага класа належаць словы, якія абазначаюць асобаў мужчынскага полу: обийу ‘бацька’, къебед ‘кузнец’, жекІу ‘чалавек’ і інш. У другі клас ўваходзяць словы, якія абазначаюць асобаў жаночага полу, а таксама назвы некаторых рэчаў: бару ‘жонка’, гед ‘кашуля’, кунта ‘спадніца’ і інш. Трэці клас складаюць назвы жывёлаў, рыб, інсэктаў, а таксама назвы многіх неадушаўлёных рэчаў: оночу ‘курыца’, цей ‘медзведзь’, бесуро ‘рыба’, кІук ‘капялюх’ і інш. Да чацьвёртага класа належаць толькі назвы неадушаўлёных рэчаў: эмаду ‘казка’, атІ ‘пшаніца’, гІалІ ‘вёска’і інш. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, эргатыўны, родны І, родны ІІ, давальны, творны, параўнальны. Дзеяслоў не змяняецца па асобах, мае складаную сістэму часоў і ладоў. Сынтаксіс эргатыўны. У лексіцы вялікая колькасць запазычанняў з арабскай, аварскай, грузінскай, іранскіх, цюркскіх і рускай моваў. Большая частка запазычанняў з рускай трапляе ў цэзскую ўжо ў ХХ стагоддзі і звязаная з новымі рэаліямі, якія ўзніклі ў сувязі з уплывам рускай культуры: газет, печ, чайник, пабрика (фабрыка), айрапалан, машина. Пісьмовасці няма.
Цыганская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Колькасць носьбітаў тэрмінова невядомая. Розныя даследчыкі называюць лічбы ад 1 да 5 мільёнаў чалавек. Вялікія адрозненні паміж дыялектамі. Адзінай літаратурнай мовы няма. Агульнай для ўсіх дыялектаў і ўсіх рэгіёнаў распаўсюджання цыганаў пісьмовасці няма. Ужываюцца алфавіты, створаныя як на кірылічнай графічнай аснове, так і на лацінскай. Найбольш высокі сацыяльны статус цыганская мова мае ў Македоніі, дзе на ёй, апрача друкаваных выданьняў, вядзецца тэле- і радыёвяшчанне. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх галосных няма. Націск свабодны, эспіраторны. Рэдукцыі ненаціскнутых галосных няма. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальны, адкладальны, прыналежны, творны, клічны. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Прыметнікі дапасуюцца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае формы цяперашняга, будучага і мінулага часу. У лексіцы шмат запазычанняў са славянскіх, грэцкай і румынскай моваў.
Цэбуана (сэбуана) – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная на Філіпінах. Колькасць носьбітаў – каля 13 мільёнаў чалавек (амаль чвэрць насельніцтва краіны). Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.У літаратурна-пісьмовых мэтах ужываецца вельмі абмежавана, не вытрымліваючы ў гэтай функцыі канкурэнцыі з дзяржаўнай тагальскай мовай.
Цьяма – тое жа, што ландума.