Rss Feed
Яндекс.Метрика

МОВЫ СВЕТА (Ф)

Фаліскская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у італійскую групу. Была распаўсюджаная ў Італіі ў раёне горада Фалерыі. Немшатлікія помнікі, якія захаваліся да нашага часу, належаць да VII – VI стагоддзяў да н. Э. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Парадак словаў у сказе свабодны. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з лацінскай і этрускай моваў. Выкарыстоўваўся лацінскі алфавіт.
Фарэрская – адна з індаэўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу паўночнагерманскую (скандынаўскую) падгрупу. Афіцыяльная мова Фарэрскіх Выспаў (аўтаномная вобласць у складзе Даніі). Колькасць носьбітаў – каля 50 тысяч чалавек. Значная частка з іх валодае дацкай. Дзве групы дыялектаў: паўночная і паўднёвая. Літаратурная мова засноўваецца на дыялекце г. Тарсхавна (сталіцы Фарэрскіх Выспаў), які належыць да паўднёвай групы. У фанетыцы – супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Націск у спаконвечна фарэрскіх словах падае на першы склад. У граматыцы спалучаюцца як сінтэтычныя, так і аналітычныя рысы. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па чатырох склонах: назоўны – b?tur ‘човен’, b?tar ‘чoўны’; родны – b?ts ‘чоўна’, b?ta ‘чоўнаў’; давальны – b?tі ‘чоўну’, b?tum ‘чоўнам’; вінавальны – b?t ‘човен’ b?tar ‘чoўны’. Ёсць граматычны род: мужчынскі, жаночы, ніякі. Ёсць артыклі: прэпазітыўны незалежны і постпазытыўны аглюцінаваны. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне і ліку, утварае сінтэтычныя ступені параўнання: d?rur ‘дарагі’, d?rari ‘даражэйшы’, d?rastur ‘найдаражэйшы’. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным ліку абвеснага ладу, у множным ліку – агульная для ўсіх трох асобаў форма. Дзве формы часу: прэзен і прэтэрыт. Апрача абвеснага ладу ёсць такама пажадальны і загадны, у якіх формаў часу няма. Безасабовыя формы: інфініыў, дзеепрыметнік І, дзеепрыметнік ІІ, супін. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Галоўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя, словаскладанне, метафарычны перанос. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў і калек з дацкай і ісландскай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Арыгінальная літаратура – з пачатку ХІХ стагоддзя.
Фарсі – тое жа, што і персіцкая.
Фарсі-кабулі – тое жа, што дары.
Фіджыйская – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у меланезійскую групу. Распаўсюджаная на выспах Фіджы. Колькасць носьбітаў – каля 330 тысяч чалавек. Дзве групы дыялектаў: заходняя і ўсходняя, адрозненні паміж якімі цалкам выключаюць узаемапаразуменне паміж іх носьбітамі. Літаратурная мова сфармавалася на базе адного з усходніх дыялектаў – мбау. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Фінікійская – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Была распаўсюджаная на тэрыторыі сучаснага Лівана і часткі Сырыі прыблізна з ХІ стагоддзя да н. Э. Да І стагоддзя да н. э. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Склонавыя значэнні назоўнікаў перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў у сказе. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Апошні маркіруецца фармантам –t. Ёсць артыкль. Пісьмовасць – арыгінальны кансанантны алфавіт, на базе якого пазней сфармаваўся грэцкі. Усе помнікі, што захаваліся да нашага часу, гэта напісы на цвёрдых прадметах.
Фінская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у уваходзіць у фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, прыбалтыйска-фінскую падпадгрупу. Распаўсюджаная пераважна ў Фінляндыі, дзе мае статус дзяржаўнай. Некаторая колькасць фінскамоўнага насельніцтва пражывае ў Расіі ў Карэльскай аўтаноміі і Ленінградскай Вобласці. Колькасць носьбітаў – звыш за 5,3 мільёнаў чалавек. Восем асноўных дыялектаў: паўднёва-заходні, емьскі (хямэ), паўднёва-ботнічаскі, паўночны, савоскі, паўднёва-ўсходні, сярэдня-ботнічаскі, паўночна-ботнічаскі. У фанетыца супрацьпастаўленне трох ступеняў даўжыні як галосных, так і зычных. Націск заўсёды падае на першы склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па чатырнаццаці склонах. Катэгорыі рода няма. Артыкляў няма. Ёсць катэгорыя прыналежнасці: kirjassani ‘у маёй кнізе’, kirjassasi ‘у тваёй кнізе’, kirjassamne ‘у нашай кнізе’, kirjassanne ‘у вашай кнізе’. Прыметнікі дапасуюцца да назоўнікаў, утвараюць ступені параўнання: helppo ‘лёгкі’, helpompi ‘лягчэйшы’, helpoin ‘найлягчэйшы’. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, імперфекта, перфекта, плюсквамперфекта; у кандыцыянале і патэнцыяле – формы цяперашняга часу і перфекта; у загадным ладзе формаў часу няма. Нароўні са сцвярджальнымі формамі ёсць асобныя адмоўныя: kerron ‘апавядаю’, en kerro ‘не апавядаю’; kerrot ‘апавядаеш’, et kerro ‘не апавядаеш’. Чатыры формы інфінітыва. Ёсць дзеепрыметнікі. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Асноўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя, словаскладанне, канверсія. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з рускай і швецкай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. У арфаграфіі пераважае фанетычны прынцып. Першы пісьмовы помнік – лямантар 1543 г.
Фламандская – прынятая ў Бельгіі назва бельгійскага варыянта нідэрландскай мовы. Характэрнай рысай яе з’яўляецца вялікая колькасць калек і запазычанняў з французскай.
Фракійская – адна з індаеўрапейскіх моваў, складае ў межах гэтай сям’і асобную групу. Была распаўсюджаная на паўночным усходзе Балканскай паўвыспы і ў Малай Азіі. Захавалася ў помніках VI – III стагоддзяў да н. э. – кароткіх напісах, выкананых грэцкім пісьмом. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. У назоўніка выяўленыя наступныя склоны: назоўны, родны, давальны, месны. Галоўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя.
Франгле – ангельска-французскі піджын, неўнараваная сумесь ангельскай і французскай моваў, якая часам ужываецца пры нефармальнай камунікацыі паміж носьбітамі ангельскай і французскай.
Французская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу. Дзяржаўная мова Францыі, Манака, Бельгіі (нароўні з нідерландскай), Канады (нароўні з ангельскай), а таксама шэрагу краін Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Адна з шасці працоўных моваў ААН. Агульная колькасць носьбітаў каля 59 мільёнаў чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўленне насавых і ненасавых галосных. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх няма. Ёсць дыфтонгі. Націск заўсёды падае на апошні склад. Рэдукцыі ненаціскнутых галосных няма. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Склонавыя значэнні назоўнікаў перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў у сказе. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Ёсць артыклі: акрэслены le (муж. Р.), la (жан. Р.), les (агульная для абодвух радоў форма множнага ліку) і неакрэслены un (муж. Р.), une (жан. Р.), des агульная для абодвух радоў форма множнага ліку). Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў ліку і родзе, утварае формы ступеняў параўнання. Дзеяслоў утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па асобах. Пры гэтым флексія ў формах адзіночнага ліку захоўваеца толькі на пісьме. У абвесным ладзе французскі дзеяслоў утварае формы цяперашняга часу, імперфекта, перфекта, плюсквамперфекта, мінулага бліжэйшага, будучага. Станы: незалежны і залежны. Зваротная форма, якая утвараецца пры дапамозе часціцы ce. Сярод неасабовых формаў – інфінітыў і дзеепрыметнікі. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. У пытанні можа быць інверсія, пры якой выказнік выходзіць на першую пазіцыю. Большая частка французскай лексыкі паходзіць ад лексыкі вульгарнай лаціны. Ёсць некаторая колькасць германізмаў, а таксама кельцкія запазычанні – спадчына гальскай мовы. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першы пісьмовы помнік – “Страсбургская прысяга” належыць да 842 г.
Фрыгійская – адна з індаеўрапейскіх моваў, якая складае ў межах гэтый сям’і асобную групу. Была распаўсюджаная з ІІ па І тысячагоддзе ў паўночна-заходняй частцы Малай Азіі. Захаваліся нешматлікія напісы, выкананыя грэцскім пісьмом. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны, клічны. Тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы, ніякі. Дзеяслоў утварае формы цяперашняга часу, аорыста, імперфекта, будучага часу. Станы: залежны і незалежны. Лады: абвесны, пажадальны (аптатыў), загадны. Парадак словаў у сказе свабодны.
Фрызская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, заходнегерманскую падгрупу. Распаўсюджаная ў нідерландскай правінцыі Фрысландыя. Колькасць носьбітаў – каля 400 тысяч чалавек. Каля 2 тысяч фрызаў пражывае ў Нямеччыне (на Фрызскіх выспах). У цяперашні час большая частка фрызаў двухмоўная, нароўні з фрызскай валодае нідэрландскай, а ў Нямеччыне – нямецкай. Тры дыялекты: заходні, усходні і паўночны. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па двух склонах: агульны і прыналежны. Іншыя склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе парадка словаў і прыназоўнікаў. Два граматычныя роды: агульны (аб’яднаны мужчынскі і жаночы) і сярэдні. Ёсць артыклі. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае граматычныя катэгорыі часу, ладу і стану. Ёсць неасабовыя формы: інфінітыў, дзеепрыметнік І, дзеепрыметнік ІІ. Асноўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне і афіксацыя. Ёсць дэмінутывы: boekje – “кніжачка”. У лексіцы шмат запазычанняў з нідэрландзкай мовы. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. У арфаграфіі шмат гістарычных напісанняў, якія не маюць апірышча ў сучасным вымаўленні. Першыя пісьмовыя помнікі належаць да ХІІІ стагоддзя.
Фрыульская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу. Распаўсюджаная на паўднёвым усходзе Італіі ў правінцыях Удынэ, Гарыцыя і Пардэнонэ, а таксама ў аўтаномнай вобласці Фрыулі-Вэнэцыя-Джулія. Розныя даследчыкі называюць розную колькасць носьбітаў фрыульскай мовы – ад 200 да 700 тысяч чалавек. Значныя адрозненьні паміж дыялектамі. Усе фрыулы двухмоўныя і ў рознай ступені валодаюць італьянскай мовай. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Склонавыя значэнні назоўніка перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў у сказе. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Фула (фулані) – адна з заходнеатлантычных моваў. Распаўсюджаная ў Нігерыі, Гвінэі, Сэнэгале, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы. Колькасць носьбітаў – каля 15 мільёнаў. Ужываецца як lingua franca дадзенага рэгіёна. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Фур – адна з ніла-сахарскіх моваў. Распаўсюджаная ў Судане, пераважна ў правінцыі Дафур. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.