Rss Feed
Яндекс.Метрика

МОВЫ СВЕТА (У)

Уаілу – адна з моваў карэннага насельніцтва Новай Каледоніі, уваходзіць у аўстранезійскую сям’ю, меланезійскую групу. Колькасць носьбітаў – некалькі тысяч чалавек. Мова беспісьмовая.
Убыхская – адна з паўзночна-каўказскіх моваў, уваходзіць у абхазска-адыгскую групу. Распаўсюджаная ў некалькіх вёсках на чарнаморскім узбярэжжы Турэччыны. Колькасць носьбітаў – некалькі дзясяткаў чалавек. Мова выходзіць з ужытку ў выніку асыміляцыі яе носьбітаў туркамі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Асноўны спосаб словаўтварэння – складанне словаў. У сінтаксісе сустракаюцца намінатыўныя, эргатыўныя і нейтральныя канструкцыі сказа. Пісьмовасці і ўласных пісьмовых помнікаў няма.
Угарыцкая – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Была распаўсюджаная з XV па XIII стагоддзе да нашай эры на марскім узбярэжжы цяперашняй Сірыі ў раёне Рас-Шарма. Мова вельмі блізкая да іўрыта. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Пераважаюць сінтэтычныя формы перадачы граматычнага значэння. Назоўнік мае два граматычныя роды (мужчынскі і жаночы), утварае формы адзіночнага, множнага і парнага ліку, змяняецца па трох склонах: назоўны, родны, вінавальны. Іншыя склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, парным і множным ліку. Пры гэтым у адзіночным і множным ліку адрозніваюцца формы мужчынскага і жаночага роду ў другой і трэцяй асобе; у парным ліку формы роду адрозніваюцца толькі ў трэцяй асобе. Дзве формы часу: перфект (мінулы час) і імперфект (цяперашне-будучы). Ёсць характэрная для семіцкіх моваў дзеяслоўная катэгорыя пароды. З неасабовых формаў – інфінітывы і дзеепрыметнікі. Пісьмовасць алфавітная, клінапіс на гліняных таблічках. Накірунак пісьма – злева направа.
Удынская – адна з паўночна-каўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. На думку шэрага навукоўцаў, з’яўляецца нашчадкам агванскай мовы. Распаўсюджаная ў г. Варташэн Варташэнскага раёну, і ў вёсцы Нідж Куткашэнскага раёна Азербайджана, а таксама ў вёсцы Актомбэры Кварэльскага раёна Грузіі. Колькасць носьбітаў – каля 4500 чалавек. Два дыялекты: варташэнска-актомбэрыйскі і ніджскі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Удмурцкая – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, пермскую падпадгрупу. Распаўсюджаная пераважна ўва Удмуртыі. Колькасць носьбітаў – каля 520 тысяч чалавек. Амаль усе яны валодаюць рускай. Супрацьпастаўленьня доўгіх і кароткіх галосных няма. Націск эспіраторны, за вынікам нядаўніх запазычанняў з рускай, заўсёды падае на апошні склад слова. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па 15 склонах. Граматычнага рода няма. Артыкляў няма. Ёсць марфалагічная катэгорыя прыалежнасці. Прыметнік дапасуецца да назоўніка, утварае формы ступеняў параўнаньня; вышэйшая ступень утвараецца сінтэтычна, найвышэйшая – аналітычна. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, мінулага відавочнага, мінулага невідавочнага, першага плюсквамперфекта, другога плюсквамперфекта, мінулага шматкратнага, будучага; у загадным ладзе і кандыцыянале формаў часу няма. Нароўні са сцвярджальным спражэньнем ёсць асобнае адмоўнае. Безасабовыя формы: інфінітыў (фармант –ны), дзевяць формаў дзеепрыметнікаў, дзевяць формаў дзеепрыслоўяў. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Асноўныя спосабы словаўтварэння: афіксацыя, словаскладанне, канверсія. У лексіцы запазычанні з булгарскай (VII – XIII стагоддзі), татарскай і рускай моваў. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове. Першыя помнікі належаць да 30-х гадоў XVIII стагоддзя.
Удэгейская – адна з тунгуса-манчжурскіх моваў. Распаўсюджаная невялікімі анклавамі на тэрыторыі Хабараўскага і Прыморскага краёў Расійскай Федэрыцыі. Колькасць носьбітаў – каля 2-х тысяч чалавек. Практычна ўсе яны валодаюць рускай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік змяняецца па васьмі склонах (назоўны, вінавальны, давальны, творны, накіравальны, месны, падоўжны, адкладальны), утварае формы адзіночнага і множнага ліку. Катэгорыі роду няма. Катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці і артыкляў таксама няма. Ёсць марфалагічная катэгорыя прыналежнасці. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з манчжурскай, мангольскай, кітайскай і рускай, але пераважаюць словы ўласна ўдэгейскага паходжання. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове. Мова выкладаецца факультатыўна ў школе ў 1- 2 класах.
Узбекская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная пераважна ўва Ўзбекістане, дзе мае статус дзяржаўнай. Некаторая частка узбекаў пражывае таксама ў паўночным Афганістане. Колькасць носьбітаў – звыш за 16 мільёнаў чалавек. Значная частка з іх двухмоўныя, валодаюць рускай, радзей – таджыкскай, або дары. Вельмі моцныя адрозненні паміж дыялектамі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па шасці склонах: назоўны – дафтар ‘сшытак’, дафтарлар ‘сшыткі’; родны – дафтарнинг ‘сшытка’, дафтарларнинг ‘сшыткаў’; вінавальны – дафтарни ‘сшытак’, дафтарларни ‘сшыткі’; давальна-накіравальны – дафтарга ‘сшытку’, дафтарларга ‘сшыткам’; зыходны – дафтардан ‘са сшытка’, дафтарлардан ‘са сшыткаў’; месны – дафтарда ‘у сшытку’, дафтарларда ‘у сшытках’. Форма словазьмяняльных афіксаў заўсёды стандартная і не залежыць ад фанtтычных асаблівасцей асновы. Катэгорыі роду няма. Артыкляў няма. Ёсць формы прыналежнасьці: дафтарим ‘мой сшытак’, дафтаринг ‘твой сшытак’, дафтари ‘яго сшытак’, дафтаримиз ‘наш сшытак’, дафтарінгіз ‘ваш сшытак’; дафтари ‘іхні сшытак’. Калі назоўнік выкарыстоўваецца ў якасьці выказьніка, ён атрымлівае суфікс асобы: Мен ишчиман ‘Я працаўнік’, Сен ишчисан ‘Ты працаўнік’, У ишчи ‘Ён працаўнік’, Биз ишчимиз ‘Мы працаўнікі’, Сиз ишчисиз ‘Вы працаўнікі’, Улар ишчи ‘Яны працаўнікі’. Прыметнік не зьмяняецца ані па склонах, ані па ліку, і не дапасуецца да назоўніка; утварае тры ступені параўнання: яхши ‘добры’, яхширо? ‘лепшы’, энг яхши ‘найлепшы’. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашне-будучага часу, цяперашняга дадзенага моманту, мінулага акрэсленага, першага мінулага апавядальнага, другога мінулага апавядальнага, трэцяга мінулага апавядальнага, чацвёртага мінулага апавядальнага, будучага акрэсленага, будучага магчымага часу; ва ўмоўным ладзе – формы цяперашне-будучага і мінулага часу; у загадным ладзе формаў часу няма. Складаная сістэма станаў: незалежны, залежны, зваротны, узаемны, прымушальны (ишлатмок ‘прымусіць працаваць’). Складаная сістэма дзеепрыслоўяў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”, азначэнне заўсёды знаходзіцца ў прэпазіцыі (Мен яхшы китоб олдим ‘Я добрую кнігу купіў’). Націск заўсёды падае на апошні склад. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з арабскай, персіцкай і рускай моваў. Апошнія належаць пераважна да ХХ стагоддзя. Інтэрнацыяналізмы да апошняга часу траплялі ўва ўзбекскую мову праз пасрэдніцтва рускай. Пісьмовасць да 1927 г. на арабскай графічнай аснове, у 1927 г. пераведзеная на лацінскую, а ў 1939 – на кірылічную графічную аснову. Пасля атрыманьня Ўзбекістанам незалежнасці ў 1991 г. узбекі зноў перайшлі на лацінскую графіку.
Уйгурская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Мова вельмі блізкая да ўзбекскай. Распаўсюджаная пераважна ў Сінцзянь-Уйгурскім аўтаномным раёне Кітая, дзе мае статус афіцыяльнай нароўні з кітайскай. Некаторая колькасць уйгураў пражывае таксама ў дзяржавах Сярэдняй Азіі (больш з усяго ў Казахстане). Агульная колькасць носьбітаў – звыш за 6 мільёнаў чалавек. Значная частка з іх двухмоўныя, валодаюць таксама кітайскай. Тры дыялекты: цэнтральны, ілійска-сямірэчанскі, кашгарска-ферганскі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік змяняецца па шасьці склонах: назоўны, родны, давальна-накіравальны, вінававльны, месны, зыходны. Граматычнай катэгорыі роду няма. Артыкляў няма. Ёсць формы прыналежнасці: ?изим ‘мая дачка’, ?изи? ‘твая дачка’, ?изи ‘яго дачка’ і інш. Прыметнік не змяняецца ані па склонах, ані па ліку, і не дапасуецца да назоўніка; утварае ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашне-будучага часу, цяперашняга дадзенага моманту, мінулага акрэсленага, мінулага дзеепрыметнага, мінулага магчымага (йаз?анду ‘магчыма, ён пісаў’), мінулага апавядальнага, мінулага шматкратна-падоўжанага, будучага неакрэсленага, будучага акрэсленага; ва умоўным ладзе – формы цяперашне-будучага і прошлага часу; у загадным і пажадальным ладзе формаў часу няма. Перадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Націск падае на апошні склад. У лексіцы шмат запазычанняў з кітайскай; іх колькасць паступова павялічваецца. Пісьмовасць на арабскай графічнай аснове. Першыя помнікі належаць да ХІ стагоддзя. Для уйгураў Сярэдняй Азіі ў гады савецкай улады была створаная пісьмовасць на базе кірыліцы, якая шырокага распаўсюджання не атрымала.
Украінская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, усходнеславянскую падгрупу. Распаўсюджаная пераважна на тэрыторыі Ўкраіны, дзе мае статус дзяржаўнай. Значная колькасць украінцаў жыве таксама ў ЗША і Канадзе. Колькасць носьбітаў – каля 37 мільёнаў чалавек. Многія з іх двухмоўныя, валодаюць таксама рускай мовай. Тры дыялекты: паўднёва-заходні, паўднёва-ўсходні, паўночны. Літаратурная мова засноўваецца на паўднёва-ўсходнім дыялекце. Зычныя гукі: [б], [б’], [г], [г’], [ґ], [ґ’], [д], [д’], [ж], [з], [з’], [й], [к], [л], [л’], [м], [м’], [н], [н’], [п], [п’], [р], [р’], [с], [с’], [т], [т’], [ф], [ф’], [х], [х’],.[ц], [ц’], [ч], [ш], [щ] (прыблізна як шч). Галосныя гукі: [а], [о], [у], [і], [ы] (на пісьме перадаецца як и), [э]. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх галосных няма. Ненаціскнутыя галосныя не рэдукуюцца. Націск свабодны, эспіраторны. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Сустракаюцца суплетыўныя формы: поганий ‘кепскі’ – гірший ‘горшы’. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны – батько ‘бацька’, батьки ‘бацькі’; родны – батька ‘бацька’, батьків ‘бацькоў’; давальны – батькові ‘бацьку’, батькам ‘бацькам’; вінавальны – батька ‘бацька’, батьків – ‘бацькоў’; творны – батьком ‘бацькам’, батьками ‘бацькамі’; месны – (о) батькові ‘(аб) бацьку’, (о) батьках ‘(аб) бацьках’; клічны – батьку ‘бацьку’, батьки ‘бацькі’. Апрача прадстаўленага тут у украінскай мове ёсць яшчэ тры тыпы скланення. Тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы, ніякі. Артыкляў няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне і ліку, утварае ступені параўнання: новий ‘новы’, новіє ‘навейшы’, новітний ‘найноўшы’. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга (роблю ‘раблю’), мінулага (робив ‘рабіў’), плюсквамперфекта (був зробив ‘быў зрабіў’); будучага простага (зроблю ‘зраблю’), будучага складанага (робитиму ‘маю рабіць’) і будучага састаўнога часу (буду робити ‘буду рабіць’). У мінулым часе, як і ў беларускай мове, змянення па асобах няма (я кохав ‘я кахаў’, ты кохав ‘ты кахаў’, він кохав ‘ён кахаў’). У загадным і ўмоўным ладзе формаў часу няма. Два трыванні – закончанае і незакончанае: готуватися ‘рыхтавацца’, підготуватися ‘падрыхтавацца’. Два станы: незалежны і залежны. Безасабовыя формы: інфінітыў, дзеепрыметнікі, дзеепрыслоўе. Парадак словаў у сказе свабодны. Асноўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя, ужываецца таксама словаскладанне і абрэвіацыя. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з польскай, нямецкай і цюркскіх моваў. У савецкі перыяд у выніку палітыкі “збліжэння родасных моваў” ва ўкраінскую мову трапіла шмат запазычанняў з рускай, ад якіх цяпер украінская мова паспяхова пазбаўляецца. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове.
Ульчская – адна з тунгуса-манчжурскіх моваў; вельмі блізкая да нанайскай. Доўга разгледжвалася як дыялект апошняй. Распаўсюджана на тэрыторыі Хабараўскага Края Расійскай Федэрацыі. Колькасць носьбітаў – каля 1 тысячы чалавек. Амаль усе яны добра валодаюць рускай. Дыялектнага дзяленьня няма. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў са старажытна-пісьмовай манчжурскай і рускай моваў. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове, выкарыстоўваецца абмежавана.
Умбрская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у італійскую групу. Была распаўсюджаная ў гістарычнай вобласці Умбрыі, якая знаходзіцца на Апенінскай паўвыспе на паўночны ўсход ад Рыма; захавалася ў ў нешматлікіх помніках IV – II стагоддзяў да н. э. Найбольш значны помнік – Ігувійскія табліцы. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія з элементамі аглюцінацыі. Парадак словаў у сказе свабодны. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з лацінскай і этрускай моваў. Частка помнікаў выкананая умбрскім алфавітам, а частка – лацінскім.
Умбунду – адна з моваў банту. Распаўсюджана ў цэнтральных і прыбярэжных раёнах Анголы. Выкарыстоўваецца як рэгіянальны сродак межэтнічнай камунікацыі. Колькасць носьбітаў каля 2 мільёнаў чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з партугальскай мовы. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Пісьмовасць на базе лацінскага алфавіта, створана ў 70 гг. ХХ ст.
Унанганская – тое жа, што алеуцкая.
Урарцкая – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у хурыцка-урарцкую групу. Была распаўсюджаная на тэрыторыі Армянскага нагор’я вакол возера Ван (цяпер – тэрыторыя ўсходняй Турцыі) з ІХ па VI стагоддзе да н. э. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае форму адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па пятнаццаці склонах. Ёсць катэгорыя акрэсленасці / неакрэсленасці. Пісьмовасць складавая, клінапіс на гліне.
Урду – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Дзяржаўная мова Ісламскай Рэспублікі Пакістан. Распаўсюджаная таксама сярод мусульманаў Індыі. Агульная колькасць носьбітаў – каля 45 мільёнаў чалавек. Мова вельмі блізкая да гіндзі. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У лексіцы шмат запазычанняў з персіцкай і арабскай моваў. Пісьмовасць на арабскай графічнай аснове.
Урумская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Вельмі блізкая да крымска-татарскай, дыялектам якой раней лічылася. Распаўсюджаная анклавамі на поўдні Украіны і ў паўночным Прыазоўі. Колькасць носьбітў – каля 60 тысяч. Усе яны валодаюць рускай, некаторыя – таксама ўкраінскай. Па паходжанню ўрумы – нашчадкі цюркізаваных грэкаў. Захоўваюць праваслаўную веру. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, месны, зыходны, творны. Націск заўсёды падае на апошні склад. Граматычнага роду няма. Артыкляў няма. Сістэма формаў дзеяслова амаль ідэнтычная да крымска-татарскай. Парадак словаў у сказе фіксаваны. У лексіцы пераважаюць спаконвечна цюркскія словы. Запазычанні складаюць прыблізна 15% усяго лексічнага фонда: з рускай 6%, з арабскай 4%, з персіцкай 3%, з украінскай 1%, з грэцкай 1%. У мінулым для ўрумскай мовы выкарыстоўваўся грэцкі алфавіт; захавалася некалькі кнігаў, напісаных грэцкай графікай. У 30-я гады ХХ стагоддзя быў распрацаваны алфавіт на лацінскай графічнай аснове, урумская мова выкладалася ў школах. У цяперашні час мова практычна безпісьмовая. У пабытовых мэтах урумы эпізадычна выкарыстоўваюць рускі алфавіт.