Rss Feed
Яндекс.Метрика

МОВЫ СВЕТА (Л)

Ладзінская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу, заходнераманскую падгрупу. Распаўсюджаная ў паўночнай Італіі. Колькасць носьбітаў – каля 32 тысяч чалавек. Усе яны валодаюць таксама італьянскай. У даліне Фасса (правінцыя Трэнта) мае афіцыяльны статус. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік змяняецца толькі па ліку (адзіночны і множны). Ёсць катэгорыя роду: мужчынскі і жаночы. Ёсць артыклі. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе і ліку, утварае аналітычныя ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, імперфекта, перфекта, плюсквамперфекта, будучага простага, будучага складанага (аналітычнага); у умоўным ладзе – формы цяперашняга часу і імперфекта; у загадным формаў часу няма. Незалежны і залежны лад. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік - дапаўненне”. Галоўны спосаб словаўтварэння – суфіксацыя. Значная частка лексыкі належыць да дараманскага (альпійскага) субстрату; ёсць запазычанні з гоцкай і нямецкай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першы помнік належыць да 1631 г.
Лазская (чанская) – адна з картвэльскіх моваў. Распаўсюджаная ў прычаранаморскіх раёнах паўночна-ўсходняй Турцыі, часткова ў заходняй Грузіі. Мова вельмі блізкая да мінгрэльскай. Колькасць носьбітаў – каля 50 тысяч чалавек. Многія лазы двухмоўныя, валодаюць таксама турэцкай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з турэцкай, армянскай і грэцкай моваў. Пісьмовасці няма. Лазы Турцыі выкарыстоўваюць у пабытовых мэтах турэцкі алфавіт на лацінскай графічнай аснове.
Лакская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная пераважна ў горных раёнах Дагестана. Колькасць носьбітаў – каля 100 тысяч чалавек. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне. Літаратурная мова засноўваецца на дыялекце Кумуха – гістарычнага і культурнага цэнтра лакцаў. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Вельмі распаўсюджаная інфіксацыя. Пісьмовасьць да 1928 г. на базе арабскай графікі, з 1928 – на лацінскай, а з 1938 – на кірылічнай графічнай аснове.
Ламуцкая – тое жа, што эвенская.
Ланга – адна з нілоцкіх моваў. Распаўсюджаная на поўначы Уганды. Мова вельмі блізкая да ачолі. Колькасьць носьбітаў – каля 1 мільёна чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Ландсмол – адзін з варыянтаў нарвежскай мовы.
Ландума (ландома, т’яма, цьяма) – адна з атлантычных моваў, уваходзіць у паўднёвую групу, падгрупу мель, падпадгрупу тэмнэ-бага. Распаўсюджана на паўночным захадзе Гвінеі, у раёне г. Бокэ. Колькасць носьбітаў каля 15 тысяч чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, двухбакавая аглюцінацыя. Распаўсюджаны таксама аналітычныя канструкцыі. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік - дапаўненне”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Выкарыстоўваецца таксама арабская графіка.
Лаоская – адна з тайскіх моваў. Дзяржаўная мова Лаоса, распаўсюджаная таксама ў некаторых раёнах Таіланда. Колькасць носьбітаў звыш за 23 мільёны чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мова тонавая. Колькасць музычных тонаў у розных дыялектах ад пяці да сямі. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік - дапаўненне”. У лексіцы шмат запазычанняў з санскрыта і палі. Пісьмовасць нацыянальная, складавая.
Латгальская – адна з індаеўрапейскіх моваў. Уваходзіць у балцкую групу. Вельмі блізкая да латышскай і часта разгледжваецца як дыялект апошняй. Распаўсюджаная ў Латгаліі – ўсходнім рэгіёне Латвіі. Афіцыяльнага статуса не мае. Колькасць носьбітаў – каля 150 тысяч чалавек, большая частка з іх валодае таксама латышскай. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя (на пісьме даўжыня пазначаецца гарызантальнай лініяй над літарай). Націск фіксаваны, падае на першы склад, мае музычны (політанічны) характар. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны, клічны. Артыкляў няма. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне, утварае ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае таксама граматычныя катэгорыі часу, ладу, стану, супіна. У некаторых аналітычных формах узнікае катэгорыя роду. Ёсць дзеепрыметнікі. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. У лексіцы вялікая колькасць запазычанняў з германскіх (пераважна з нямецкай), прыбалтыйска-фінскіх, славянскіх і родасных латышскай і куршскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове, першыя помнікі належаць XVIII стагоддзю.
Латышская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у балцкую групу. Колькасць носбітаў – каля 1,5 мільёнаў чалавек. Два дыялекты: сярэднялатышскі, верхнелатышскі і лівонскі. Адрозненні паміж дыялектамі не перашкаджаюць узаемапаразуменню. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя (на пісьме даўжыня пазначаецца гарызантальнай лініяй над літарай). Ёсць дыфтонгі. Націск заўсёды на першым складзе. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага лікаў, змяняецца па шасьці склонах: назоўны – br?lis ‘брат’, br??i ‘браты’; родны – br??a ‘брата’, br??u ‘братоў’; давальны – br?lim ‘брату’, br??iem ‘братам’; вінавальны – br?li ‘брата’, br??us ‘братоў’; месны – br?l? ‘брату’, br??os ‘братах’; клічны – br?li! ‘браце!’, br??i! ‘браты!’. Шэсць тыпаў скланення (вышэй прадстаўленая парадыгма другога тыпу). Артыкляў няма. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў ліку, родзе і склоне, мае кароткія і поўныя формы, утварае сінтэтычныя ступені параўнання: jauns ‘малады’, jaun?ks ‘маладзейшы’, vis’jaun?ks ‘наймаладзейшы’. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае формы цяперашняга, мінулага і будучага часу. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Асноўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя і словаскладанне. У лексіцы запазычанні з нямецкай, рускай, польскай, беларускай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першая кніга выйшла ў 1585 г.
Лаху – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюджаная ў Кітаі ў правінцыі Юньнань. Колькасць носьбітаў каля 140 тысяч чалавек. Мова тонавая. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ёсць элементы аглюцінацыі. Пісьмовасьць на лацінскай графічнай аснове з дадаткам асобных літар з кірыліцы.
Лаціна-сінэ-флексіонэ – штучная мова, створаная ў 1903 г. італьянскім матэматыкам Джузэпэ Пэана. Шырокага распаўсюджвання не атрымала. Лексіка гэтай мовы засноўваецца на базе лацінскай, а граматыка перабудована ў накірунку амаль да поўнага аналітызма. Так, напрыклад, дзеяслоў не змяняецца па асобах, а назаўнік па склонах; склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Арфаграфія – паслядоўна фанетычная.
Лацінская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у італійскую групу. Першапачаткава была мовай невялікага племя лацінаў, чыей сталіцай быў горад Рым. Першыя помнікі лацінскай мовы належаць да VI стагоддзя да н. э. У выніку экспансіянісцкай палітыкі Рымскай дзяржавы лацінская мова распаўсюджваецца спачатку на тэрыторыі ўсёй Італіі, выціскаючы родасныя італійскія і этрускую мовы, а потым і на тэрыторыі такіх краін, як сучасная Францыя, Іспанія, Партугалія, Швейцарыя, Румынія, Малдова. У V – VI стагоддзях н. э. асобныя лацінскія дыялекты, удаляючыся адзін ад аднаго і ад літаратурнага варыянта, трансфармуюцца ў самастойныя раманскія мовы. Літаратурная жа лаціна заставалася мовай навукі, каталіцкай царквы, права ў большай частцы краін Заходняй Еўропы. Гэтая роля лацінскай мовы захоўвалася на працягу ўсяго Сярэднявечча і Эпохі Адраджэння. На лацінскай мове пісалі многія беларускія паэты таго часу, сярод якіх найбольш значнымі былі Мікола Гусоўскі і Ян Вісліцкі. У Новы і Найноўшы Час сфера ўжываньня лацінскай мовы значна памяншаецца. У цяперашні час лацінская мова застаецца афіцыяльнай мовай каталіцкай царквы і дзяржаўнай мовай Ватыкана (нароўні з італьянскай). Апрача таго, у сьвеце існуюць шматлікія згуртаванні аматараў гутарковай лацінскай мовы; ствараюцца (хаця і ў значна меньшым, чым раней аб’ёме) арыгінальныя літаратурныя творы. Галосныя гукі: [a], [o], [u], [i], [e]. Усе галосныя ў антычны пэрыяд маглі быць доўгімі і кароткімі; гэтае супрацьпастаўленне было фаналагічным. У Сярэднявеччы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх знікла. У антычны пэрыяд разьвіцця лацінскай мовы ў ёй існавалі дыфтонгі: [ai], які абазначаўся на пісьме як ае, і [оi], які абазначаўся на пісьме як ое. У позднерымскі (хрысціянскі) пэрыяд дыфтонг [ai] перайшоў у манафтонг [?], а дыфтонг [оi] – у манафтонг [?]. Дыфтонгі [au] і [eu] захавалі сваё гучаньне на працягу ўсёй гісторыі лацінскай мовы. Зычныя: [b], [k], [d], [f], [g], [h], [x] (на пісьме перадаецца як ch), [j], [l], [m], [n], [p], [r], [s], [t], [v], [z] (толькі ў словах, запазычаных з грэцкай мовы). У позднерымскі перыяд выбухны зычны [k] перад галоснымі пярэдняга раду пераходзіць у паўночных гаворках у афрыкату [ts], а ў паўднёвых – у афрыкату [t’?’]. Такім чынам, назоўнік cervus (алень), які ў класічны перыяд разьвіцця лацінскай мовы вымаўляўся як [кэрвус], прыблізна з пачатку хрысціянскай эпохі на тэрыторыі сучаснай Францыі і на поўнач ад яе вымаўляецца як [цэрвус], а на поўдзень – прыблізна як [чэрвус]. Націск у лацінскай мове ніколі не можа падаць на апошні склад; ён падае на перадапошні склад, калі галосны гук у перадапошнім складзе доўгі, і на трэці ад канца, калі галосны гук у перадапошнім складзе кароткі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэньня, флексыя з элемэнтамі аглюцінацыі. Назоўнік мае граматычную катэгорыю роду (мужчынскі, жаночы, ніякі), утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па шасці склонах: назоўны – populus ‘народ’, populi ‘народы’; родны – populi ‘народа’, populorum ‘народаў’; давальны – populo ‘народу’, populis ‘народам’; вінавальны – populum ‘народ’, populos ‘народы’; адкладальны – populo ‘народам, ад народа’, populis ‘народамі, ад народаў’; клічны - popule ‘народзе’, populi ‘народы’. У лацінскай мове пяць тыпаў скланеньня (у прыкладзе вышэй прыведзеная парадыгма другога скланення мужчынскага роду). Словы, запазычаныя з грэцкай, часта зьмяняюцца па асобнаму грэцкаму тыпу. Артыкляў няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка у родзе, склоне і ліку, утварае сынтэтычныя формы ступеняў параўнаньня: longus ‘доўгі’, longior ‘даўжэйшы’, longissimus ‘найдаўжэйшы’. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку: canto ‘спяваю’, cantas ‘спяваеш’, cantat ‘спявае’, cantamus ‘спяваем’, cantatis ‘сьпяваеце’, cantant ‘спяваюць’. Апрача цяперашняга часу, лацінскі дзеяслоў утварае ў абвесным ладзе формы імперфекта, перфекта, плюсквамперфекта, будучага І, будучага ІІ; у загадным ладзе – цяперашняга і будучага (апошняе ўжываецца вельмі рэдка); ва ўмоўным ладзе – цяперашняга, імперфекта, перфекта, плюсквамперфекта. Апрача асабовых формаў дзеяслова ёсць дзеепрыметнікі (цяперашняга часу незалежнага стану, прошлага часу залежнага стану, будучага часу незалежнага стану), герундый, герундыў, супін, шэсць інфінітываў. Галоўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Парадак словаў у сказе свабодны. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з грэцкай і этрускай моваў. Лацінскі алфавіт па паходжаньню ўяўляе сабой мадыфікацыю этрускага алфавіта; на яго графічнай базе былі створаныя пісьмовасці для большай часткі народаў Еўропы, Афрыкі, Акіяніі, для шэрага народаў Азіі.
Лемкоўская – тое жа, што русінская.
Лемноскай стэлы мова – адна з тырэнскіх моваў. Захавалася толькі ў адзіным помніку – напісе на стэле VI ст. да н. э. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць алфавітная, блізкая да грэцкай.
Лепантыйская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у кельцкую групу, гальскую падгрупу. Была распаўсюджаная ў паўночнай Італіі (раён Лугана) прыблізна з VI стагоддзя да н. э. На пачатак нашай эры цалкам выціскнутая лацінскай. Захавалася каля сарака кароткіх напісаў на цвёрдых прадметах: надмагільных помніках, вазах, манетах і інш., выкананых этрускім алфавітам. Мова флектыўная, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У пісьмовых помніках прадстаўленыя формы чатырох склонаў назоўніка: назоўны, родны, давальны, вінавальны. З формаў дзеяслова вядомыя толькі формы прэтэрыта. Асноўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Парадак словаў у сказе свабодны.
Лепча (ронг) – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюджаная ў некаторых раёнах Сікіма (адзін з паўночных штатаў Індыі). Колькасць носьбітаў – каля 40 тысяч чалавек. У граматыцы сумяшчаюцца аналітычныя і сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюціныцыя. Пісьмовасць уласная, складавая.
Лі (хлай) – адна з тайскіх моваў, распаўсюджаная ў паўднёвай частцы выспы Хайнань (Кітай). Колькасць носьбітаў – каля 360 тысяч чалавек. Многія носьбіты лі двухмоўныя, валодаюць таксама мясцовым дыялектам кітайскай (хайнань-хуа). Зычныя гукі: [p], [ph], [b], [m], [t], [th], [d], [dr], [hl], [l], [n], [ts], [tsh], [z], [nj], [k], [kh], [g], [ng], [?] (гартанная змычка), [h]. Галосныя гукі: [a], [e], [i], [o], [u], [ш] (неагублены галосны задняга рада верхняга пад’ёма). Усе галосныя могуць быць як доўгімі, так і кароткімі. Мова тонавая, мае шэсць музычных тонаў. Марфема звычайна супадае са складам. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ізаляцыя. Назоўнік у лі цалкам нязменная часціна мовы. Склонавыя адносіны перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў. Катэгорыі рода няма. Артыкляў няма. Катэгорыі ліку таксама няма. У тых выпадках, калі колькасныя адносіны не з’яўляюцца зразумелымі з кантэкста, для перадачы значэння множнасці перад назоўнікам можа ўжывацца займеннік khun ‘яны’. Характэрнай рысай прыметнікаў у мове лі з’яўляецца іх здольнасць да рэдуплікацыі (падваення) для перадачы ўзмацненьня прыметы: ta:u ‘доўгі’, ta:u-ta:u ‘вельмі доўгі’. Дзеяслоў таксама з’яўляецца нязьменнай часьцінай мовы. Значэнне асобы перадаецца аналітычна, пры дапамозе асабовых займеньнікаў. Граматычнай катэгорыі часу таксама няма. Значэнне часу, калі гэта трэба, перадаецца лексічна, пры дапамозе розных часьціц. Так, напрыклад, значэнне цяперашняга часу, калі яго трэба падкрэсліць, можа перадавацца пры дапамозе часьціцы hi:t la ‘як раз, менавіта цяпер’: Na hi:t la tha ‘Ён як раз есць’. Значэнне прошлага часу можна перадаць спалучэньнем сэнсавага дзеяслова з дзясловам ba:i la ‘закончыць’, які ў дадзеным выпадку выконвае функцыю дапаможнага: Na ba:i la tha tha ‘Ён ужо паеў’ (літ.: Ён закончыць есьць). Значэньне будучага часу часьцей з усяго перадаюць пры дапамозе дзеясловаў са значэннямі “хацець”, “мець намер”, “спадзявацца”. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. У лексіцы шмат запазычанняў з мясцовага дыялекта кітайскай мовы. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове створаная ў канцы ХХ стагоддзя.
Лідыйская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у хета-лувійскую групу. Была распаўсюджаная ў Малай Азіі ў VII – V стагоддзях да н. э. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Тэксты, якія дайшлі да нас, выкананыя арыгінальным лідыйскім алфавітным пісьмом.
Лікійская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у хета-лувійскую групу. Была распаўсюджаная на паўднёвым усходзе Малай Азіі ў І тысячагоддзі да н. э. Два дыялекты: лікійскі А і лікійскі Б. Лікійскі вакалізм характаразуецца наяўнасцю насавых галосных, кансанантызм – наяўнсцю двух ларынгалаў. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, перш з усяго флексія. Тэксты, якія дайшлі да нас, выкананыя арыгінальным лікійскім алфавітным пісьмом.
Лімбу – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюжаная ў Непале і некаторых памежных з ім раёнах Індыі. Колькасць носьбітаў – каля 370 тысяч чалавек. Амаль усе яны валодаюць непальскай. Чатыры дыялекты: пантарэ, пэдапэ, чатхарэ и тамбар кхоле. Літаратурная мова засноўваецца на пантарэ. Пісьмовасць нацыянальная, складавая. Выкарыстоўваецца таксама дэванагары.
Лінгала – адна з моваў банту. Распаўсюджаная ў Заіры, Конга, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы. Колькасць носьбітаў – каля 8 мільёнаў чалавек. Мова тонавая, мае два музычныя тоны. Пераважаюць синтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, прэфіксальная аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з французскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з пачатку ХХ стагоддзя.
Лісу – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюджана ў Кітаі, у некаторых раёнах правінцый Юньнань і Сычуань, а таксама на поўначы М’янмы (Бірмы) і Тайланда. Агульная колькасць носьбітаў – каля 723 тысяч чалавек. Значная частка з іх валодае таксама кітайскай, або тыбецкай, або насі. Мова тонавая. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Літоўская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у балцкую групу. Дзяржаўная мова Літвы. Колькасць носьбітаў – каля 3 мільёнаў чалавек. Два асноўныя дыялекты: жамойцкі і аўкштайцкі. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія, насавыя і ненасавыя галосныя. Націск музычны, не фіксаваны. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія з элементамі аглюцінацыі. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны, клічны. Артыкляў няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне, утварае сінтэтычныя формы ступеняў параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, будучага часу, мінулага аднаразовага, мінулага шматразовага. Залежны і незалежны стан. У лексіцы некаторая колькасць запазычаньняў з беларускай, расейскай, польскай, гоцкай і нямецкай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першая літоўская кніга выйшла ў 1547 г.
Ліўская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, прыбалтыйска-фінскую падпадгрупу. Распаўсюджаная ў Талсінскім і Венспілскім раёнах Латвіі. Тры дыялекты: усходні, сярэдні і заходні. Колькасць носьбітаў – каля 100 чалавек. Усе яны валодаюць таксама латышскай. Мова выходзіць з ужытку. Націск дынамічны, часцей з усяго на першым складзе кораня. Супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія гукі (як зычныя, так і галосныя). Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюціныцыя. Вялікая колькасць унутрыкаранёвых чаргаванняў. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па дванаццаці склонах. Катэгорыі роду няма. Артыкляў няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў ліку і склоне, утварае ступені параўнаньня: van? ‘стары’, jo van? ‘старэйшы’, am? van? ‘найстарэйшы’. Асабовыя займеннікі змяняюцца толькі па васьмі склонах. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы прэзэнса, імперфекта і прэтэрыта. У загадным і ўмоўным ладзе формаў часу няма. Нароўні са станоўчым мае асобнае адмоўнае спражэнне. Незалежны і залежны стан. Неасабовыя формы дзеяслова: інфінітыў, дзеепрыметнікі, герундый, герундыў. Галоўны спосаб словаўтварэння – словаскладанне. У лексіцы шмат запазычаньняў з латышскай, а таксама з рускай і германскіх моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове; у цяперашні час практычна не выкарыстоўваецца. Першыя запісы ліўскай мовы належаць да XIII ст.; першыя кнігі на ліўскай – да сярэдзіны ХІХ ст.
Ліфу – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у меланезійскую групу. Распаўсюджаная на выспе Ліфу ля берагоў Новай Каледоніі. Колькасць носьбітаў – каля 15 тысяч чалавек. Два дыялекты: лосі і вэтэ. Пісьмовасьць на лацінскай графічнай аснове, створаная місіянерамі. Першае выданне Бібліі на мове ліфу выйшла ў 1890 г.
Лоло (і) – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюджаная ў Кітаі на поўдні правінцыі Сычуань. Колькасць носьбітаў – каля 5,5 мільёнаў чалавек. Мова тонавая. У граматыцы спалучаюцца ізаляцыя і аглюціныцыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове, створаная ў ХХ стагоддзі.
Луа – адна з нілоцкіх моваў. Распаўсюджаная на захадзе Кеніі і паўночным захадзе Танзаніі. Колькасць носьбітаў – 2,8 мільёнаў чалавек. Дыялектнага дзялення няма. Характэрная фанетычная рыса – две ступені даўжыні. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Луба (чылуба) – адна з моваў банту. Распаўсюджана ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, пераважна ў рэіёнах Заходні Касай і Ўсходні Касай (народ балуба) Колькасць носьбітай – каля 6,3 мільёнай чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Лувійская – адна з індаэўрапейскіх моваў, уваходзіць у хета-лувійскую групу. Была распаўсюджаная у Анатоліі ў ІІ тысячагоддзі да н. э. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Тэксты, якія дайшлі да нас, напісаныя на гліняных таблічках двума тыпамі пісьма – іерогліфамі і клінапісам.
Люксембургская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, заходнегерманскую падгрупу. Дзяржаўная мова Вялікага Герцагства Люксэмбург (нароўні зь нямецкай і французскай). Колькасьць носьбітаў – каля 390 тысяч чалавек. Значная частка зь іх двух- і нават трохмоўныя, валодаюць дзвюма астатнімі дзяржаўнымі мовамі. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэньня. Назоўнік мае катэгорыю склона (назоўны, родны, вінвальны, давальны), але склонавыя канчаткі цалкам страчаныя, склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе артыкля. Множны лік назоўніка утвараецца пры дапамозе сінтэтычных сродкаў: вонкавай суфіксацыі і ўнутранай флексіі: Bett ‘ложак’, Better ‘ложкі’; Nol ‘цьвік’, Neel ‘цьвікі’. Ёсць граматычны род: мужчынскі, жаночы, ніякі. Прыметнік змяняецца па склону, роду і па ліку, утварае ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, прэтэрыта, перфекта, плюсквамперфекта і будучага. Інфінітыў мае канчатак –en: schreiwen ‘піс?ць’, bidden ‘прапаноўваць’, drenken ‘піць’. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Галоўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне і афіксацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з французскай мовы. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.