Rss Feed
Яндекс.Метрика

МОВЫ СВЕТА (В)

– В –

Ва – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у групу палаунг-ва. Распаўсюджаная пераважна на паўночным усходзе М’янмы (Бірмы). Некаторая колькасць носьбітаў мовы ва пражывае ў Кітаі. Агульная колькасць носьбітаў каля 700 тысяч чалавек. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне, некаторыя дыялекты могуць нават разгледжвацца як блізкародасныя асобныя мовы. Адзінай літаратурнай мовы няма. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік - дапаўненне”.
Вагульская – тое жа, што мансійская.
Вазары – дыялект мовы пушту, распаўсюджаны ў пакістанскіх правінцыях Паўночны Вазарыстан і Паўднёвы Вазарыстан.
Ваіваі – адна з індзейскіх моваў Бразіліі. Уваходзіць у Карыбскую сям’ю. Распаўсюджаная ў раёнах, памежных з Гаянай. Колькасць носьбітаў – каля 2000 чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. У 2002 г. на мове ваіваі выдана Біблія.
Вайгалі – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у дардскую групу, нурыстанскую падгрупу. Распаўсюджаная у Афганскай правінцыі Нурыстан. Колькасць носьбітаў 10 – 12 тысяч чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўленне насавых і ненасавых галосных. Граматычны лад флектыўна-аналітычны. Назоўнік і прыметнік маюць граматычную катэгорыю рода: мужчынскі і жаночы. У займеньнікаў роду няма. У назоўніка два склоны: прамы і ўкосны, пры гэтым формы ліка (адзіночнага і множнага) адрозніваюцца толькі ва ўкосным склоне. У займеннікаў вылучаецца трэці склон – родны, які выкарыстоўваецца ў прыналежным значэнні. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне - выказнік”. У лексіцы невялікая колькасць запазычанняў з пушту і дары. Мова беспісьмовая.
Валапюк – першая з штучных моваў, якая ўжывалася (хаця і абмежавана) на практыцы. Створаная ў 1879 г. Й. М. Шлейерам. Мае апрыёрны характар. З прычыны празмернай складанасці і дэталязаванасці сваёй граматыкі к сярэдзіне ХХ стагоддзя канчаткава выйшаў з ужытку. Націск – перад апошнім зычным гукам слова. Граматычны лад – паслядоўная двухбакавая аглюціныцыя, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Дзеяслоў мае граматычныя катэгорыі роду і адушаўлёнасці / неадушаўлёнасці: penom ‘ён піша’, penof ‘яна піша’, pennon ‘яно піша’ (об неадушаўлёным прадмеце). У другой асобе дзеяслова існуе, як у адзіночным, так і множным ліку, асобная форма ветлівасьці. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з дадаткам дыякрытычных знакаў. Арфаграфія паслядоўна засноўваецца на прынцыпе “адзін гук – адна літара”.
Валеаі – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у мікранезійскую групу. Распаўсюджаная на выспе Валеаі (Федэратыўныя Штаты Мікранезіі). Мае шэсьць дыялектаў. Колькасць носьбітаў каля 2 тысяч чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, але нароўні з імі ўжываюцца таксама аглюцінатыўныя афіксы. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік - дапаўненне”. У лексіцы шмат запазычанняў з ангельскай, нямецкай, японскай і іспанскай – моваў краін, якім ў розныя перыяды сваёй гісторыі належала Валеаі. У ХІХ стагоддзі місіянерамі была створаная арыгінальная складавая пісьмовасць. Цяпер – пісьмо на лацінскай графічнай аснове.
Валійская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у кельцкую групу, брыцкую падгрупу. Распаўсюджаная ў Валіі (Вялікая Брытанія). Колькасць носьбітаў каля 510 тысяч. Большая частка зь іх двухмоўныя, валодаюць таксама ангельскай. Вылучаюцца дзве групы дыялектаў: паўночная і паўднёвая. Адрозненні паміж пісьмова-літаратурнай і гутарковай мовамі вельмі моцныя, першая характаразуецца значнай архаізацыяй. Націск слабаэспіраторны, звычайна ставіцца на перадапошні склад. Супрацьпастаўляюцца кароткія і доўгія галосныя. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік мае два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Склонавыя значэнні перадаюца пры дапамозе прыназоўнікаў; формы множнага ліку утвараюцца сінтэтычна, пры дапамозе флексіі, часта інфіксацыі: alarch ‘лебядзь’, alarchod ‘лебядзі’; ffenestr ‘вакно’, ffenestri ‘вокны’; amrant ‘павека’, amrantau ‘павекі’; march ‘конь’, meirch ‘коні’. Прыметнік мае 4 ступені параўнання, якія ўтвараюцца сінтэтычна: звычайную, ураўняльную, вышэйшую, найвышэйшую. Ураўняльная ступень, якой няма ў большасьці эўрапейскіх моваў (у тым ліку і ў беларускай) азначае параўнанне двух прадметаў аднолькавай якасці. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае у абвесным ладзе 6 формаў часу: цяперашні час, будучы час, будучы ў мінулым, імперфект, перфект, плюсквамперфект; ва ўмоўным ладзе – цяперашні час і імперфект, у загадным ладзе формаў часу няма. Парадак словаў у сказе адносна свабодны, але часцей дзеяслоў (выказнік) знаходзіцца на першым мейсцы, за ім ідзе дзейнік і потым дапаўненне. У лексіцы шмат запазычанняў з лацінскай, французскай і ангельскай моваў. Пісьмовасць з VIII стагоддзя на аснове лацінскай графікі. Захавалася невялікая колькасць кароткіх напісаў, выкананых кельцкім агамічным пісьмом.
Валоф – адна з заходняатлантычных моваў, уваходзіць у паўночную групу. Распаўсюджаная ў Заходняй Афрыцы, большай часткай у Рэспубліцы Сенегал, дзе з 1971 г. з’яўляецца адной з пяці афіцыяльных моваў. Колькасць носьбітаў каля 2,6 мільёнаў чалавек. Граматычны лад характарызуецца спалучэннем ізаляцыі і аглюцінацыі. Пісьмовасць першапачаткава на арабскай графічнай аснове, з пачатку ХХ стагоддзя – на лацінскай.
Вальбіры (валпіры) – адна з моваў карэннага насельніцтва Аўстраліі, уваходзіць у сям’ю пама-ньюнга, нгаркскую групу. Распаўсюджаны ў паўночнай тэрыторыі. Колькасць носьбітаў – каля 3000 чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з 1950-х гадоў.
Вамаі – адзін з дыялектаў мовы ашкун.
Вамбая – адна з моваў карэннага насельніцтва Аўстраліі. Уваходзіць у сям’ю дінгілі-вамбая, групу вамбая. Распаўсюджаная на поўначы Аўстраліі. Колькасць носьбітаў – каля 10 чалавек, мова вымірае. Толькі тры галосныя фанемы: a, i, u. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх няма. У сістэме зычных гукаў вылучаюцца наступныя класы: білабіальныя, альвеалярныя, постальвеалярныя, палатальныя, велярныя. У граматыцы ўжываюцца як сінтэтычныя, так і аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “выказнік – дапаўненне - дзейнік”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове створаная ў ХІХ стагоддзі місіянерамі, выкарыстоўвалася абмежавана.
Вандальская - адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, усходнюю падгрупу. Пасля падзення Вандальскага Каралеўства ў паўночнай Афрыцы ў V стагоддзі выходзіць з ужытку. Мова беспісьмовая. Вёстак аб ёй захавалася вельмі няшмат.
Ванджская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Да ХІХ стагоддзя была распаўсюджаная ў заходнім Паміры, у даліне Вандж (тэрыторыя Таджыкістана). Выйшла з ужытку ў выніку асіміляцыі яе носьбітаў таджыкскамоўным насельніцтвам. Мова беспісьмовая. Асобныя словы і словазлучэнні на пачатку ХХ стагоддзя запісалі ад старых І .І. Зарубін і М. С. Андрэеў.
Варай – тое жа, што самарская.
Ваханская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная ў Горным Бадахшане ў раёне ракі Пяндж (Таджыкістан), а таксама ў памежных раёнах Афганістана. Агульная колькасць носьбітаў каля 20 тысяч, значная частка з іх двухмоўная, валодае таксама таджыкскай. Два дыялекты: верхні і ніжні; некаторымі даследчыкамі вылучаецца таксама цэнтральны, дыялект, прамежуткавы між верхнім і ніжнім. Націск заўсёды падае на апошні склад. Назоўнік мае два склоны: прамы і ўкосны. У лексіцы шмат запазычаньняў з таджыкскай і персіцкай. Мова беспісьмовая.
Ведыйская – найстаражытнейшая стадыя развіцця санскрыта, так званы ведыйскі санскрыт. Галоўны помнік гэтай мовы – свяшчэнныя кнігі старажытных індусаў – веды.
Венгерская – тое жа, што і вугорская.
Венда (чывенда) – адна з моваў банту. Распаўсюджана на паўночным усходзе Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, пераважна ў правінцыі Лімпапо, а таксама на поўдні Зімбабвэ. У перыяд існавання фармальна незалежнага бантустана Венда выконвала ў ім функцыі дзяржаўнай. Колькасць носбітаў звыш за 1 мільён чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Венецкая – адна з індаеўрапейскіх моваў. У межах індаеўрапейскай сям’і уяўляе сабой асобную венецкую групу. Была распаўсюджаная з IV па І стагоддзе да н. э. на тэрыторыі сучаснага паўночнага ўсхода Італіі і памежных з ёй раёнах Славеніі і Аўстрыі. Потым выціскаецца лацінскай мовай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік мае граматычную катэгорыю рода (мужчынскі, жаночы, ніякі), змяняецца па пяці склонах, утварае формы адзіночнага, парнага і множнага лікаў. Помнікі, якія дашлі да нас, уяўляюць сабой невялікія па аб’ёму напісы на цвёрдых прадметах, выкананыя мясцовым пісьмом, якое з’яўляецца мадыфікацыяй этрускага алфавіта з дадаткам асобных грэцкіх літар.
Вепская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, прыбалтыйска-фінскую падпадгрупу. Распаўсюджаная ў Карэліі, Ленінградскай і Валагодскай абласцях Расіі. Колькасць носьбітаў каля 6 тысяч чалавек, усе яны валодаюць таксама рускай мовай. Тры дыялекты: паўночны, сярэдні, паўднёвы. Націск заўсёды на першым складзе. У адрозненне ад большасці прыбалтыйска-фінскіх моваў, у вепскай няма супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх галосных. Граматычны лад аглюцінатыўны, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік змяняецца па 22 склонах, утварае формы адзіночнага і множнага ліку. Катэгорыі роду няма. Артыкляў і катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка у склону і ліку. Дзеяслоў змяняецца па асобах, мае ў абвесным ладзе 4 формы часу: прэзэнс, імперфект, перфект, плюсквамперфект; у кандыцыянале – прэзенс і перфект. У загадным ладзе і патэнцыяле дзеяслоў не мае формаў часу. Асноўнымі сродкамі ўтварэння новых словаў з’яўляюцца словаскладанне і афіксацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з рускай, балтыйскіх і германскіх моваў. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Пісьмовасць, створаная ў 1930-е гады, выкарыстоўваецца вельмі абмежавана. У апошнія гады распачалося выкладанне вепскай мовы ў некаторых школах Карэліі.
Верхнялужыцкая – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, заходнюю падгрупу. Распаўсюджаная ў Нямеччыне ў раёне горада Баўцэн (Будышын), які з’яўляецца культурным цэнтрам верхніх лужычан. Колькасьць носьбітаў каля 55 тысяч чалавек, але рэгулярна карыстаюцца мовай толькі 15 тысяч; усе яны валодаюць таксама нямецкай. Націск заўсёды падае на першы склад слова. Граматычны лад флектыўны, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік мае граматычную катэгорыю рода (мужчынскі, жаночы, ніякі), змяняецца па сямі склонах (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны, клічны), мае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку. Форма творнага склону пад уплывам нямецкай мовы ўжываецца толькі з прыназоўнікам: w?n je sosta? z boha?om ‘ён стаўся багацеем’. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, парным і множным ліку. Парадак словаў у сказе свабодны. У лексіцы шмат запазычанняў з нямецкай мовы. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з XVI стагоддзя, літаратурная норма ствараецца ў ХІХ стагоддзі.
Віёт – адна з алганкіна-рытванскіх моваў, уваходзіць у рытванскую групу. Была распаўсюджаная на ціхаакіянскім узбярэжжы Каліфорніі. Выйшла з ужытку ў 1960-я гг. У фанетыцы супрацьпастаўленне прыдыхацельных і непрыдыхацельных зычных. Вельмі багатая сістэма словаўтварэння: афіксацыя, словаскладанне, рэдуплікацыя. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Мова беспісьмовая.
Вікол – тое жа, што бікольская.
Водская - адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, прыбалтыйска-фінскую падпадгрупу. Распаўсюджаная ў некаторых вёсках Кінгісепскага раёну Ленінградскай вобласці. Колькасць носьбітаў каля 20 чалавек старэйшага ўзросту, усе валодаюць таксама рускай мовай, некаторыя яшчэ і іжорскай. Мова хутка выходзіць з ужытку. Тры дыялекты: заходні, усходні і куровіцкі, у наш час захоўваецца толькі заходні. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія фанемы, як галосныя, так і зычныя (tuli ‘агонь’, t?li ‘вецер’; tapam? ‘спаймаць’, tappam? ‘забіць’). Націск падае на першы склад. Рэдукцыі ненаціскных галосных няма. Граматычны лад аглюцінатыўны, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік змяняецца па 14 склонах, мае формы адзіночнага і множнага ліку. Катэгорыі роду няма. Артыкляў няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў склоне і ліку, утварае ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, імперфекта, перфекта, плюсквамперфекта. Формаў будучага часу не існуе. У загадным і ўмоўным ладзе формаў часу няма. Асноўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя і словаскладанне. У лексіцы шмат запазычанняў з рускай, фінскай і іжорскай моваў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Мова беспісьмовая. Першыя запісі водскай мовы, зробленыя даследчыкамі і місіянерамі, належаць да XVII
Вольская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у італійскую групу. Адзіны помнік яе – рытуальны напіс з Лацыя, выкананы на бронзавай дошцы. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у казе адносна свабодны.
Вугорская (венгерская) – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у вугорскую групу. Распаўсюджаная ў Вугоршчыне, дзе мае статус дзяржаўнай, а таксама ў памежных з ёй раёнах Сербіі, Аўстрыі, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Украіны. Агульная колькасць носьбітаў каля 14,5 мільёнаў чалавек. Мае 8 дыялектаў, якія мала адрозніваюцца адзін ад аднаго. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія гукі, як галосныя, так і зычныя: ?t ‘пяць’, ?t ‘яго’; var ‘рана’, varr ‘ён шые’. Націск заўсёды на першым складзе. Граматычны лад аглюцінатыўны, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік змяняецца па 22 склонах, утварае формы адзіночнага і множнага ліку; катэгорыі роду няма. Адзіночны лік таксама выконвае функцыю агульнага (абсалютнага) ліку, паколькі некаторыя назоўнікі, якія могуць асэнсоўвацца як зборныя, ужываюцца пераважна, або, нават, выключна, у адзіночным ліку: forgat mosni – ‘чысціць зубы’ (літ.: ‘мыць зуб’), gomb?t szedni – ‘збіраць грыбы’ (літ.: ‘збіраць грыб’). Назва парных рэчаў таксама ўжываюцца ў адзіночным ліку: cip?t h?zni – ‘надзець туфлі’ (літ.: ‘надзець туфлю’). Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяпрашняга часу, прошлага часу, будучана часу. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. У лексіцы запазычанні з цюркскіх, славянскіх, нямецкай і лацінскай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першы помнік пісьмовасці датуецца прыблізна 1200 г. Літаратурная норма пачынае фармаваца з XVI стагоддзя.
Выйруская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, прыбалтыйска-фінскую падпадгрупу. Распаўсюджаная на паўднёвым усходзе Эстоніі ў раёне горада Выйру. Часта разгледжваецца як варыянт эстонскай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Стандартнай літаратурнай формы няма.
В’етнамская – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у в’етмыонгскую групу. Распаўсюджаная пераважна ў В’етнаме, дзе мае статус дзяржаўнай мовы. Колькасць носьбітаў звыш за 55 мільёнаў чалавек. Мае тры дыялекты: паўночны, цэнтральны, паўднёвы. Літаратурная мова засноўваецца на базе цэнтральных і паўночных дыялектаў. Граматычны лад ізаляцыйны, пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мае 6 музычных тонаў, якія адрозніваюць лексічныя значэнні словаў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік - дапаўненне”. У лексіцы шмат запазычаньняў з кітайскай мовы – да 60 %. У Сярэднявеччы выкарыстоўвалася іерагліфічная пісьмовасць, створаная на базе кітайскай, цяпер ужываеца алфавіт на лацінскай графічнай аснове з дыякрытыкамі.
Вэньянь – старакітайская літаратурная мова.