Rss Feed
Яндекс.Метрика

МОВЫ СВЕТА (Б)

- Б -

Багвалінская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Вельмі блізкая да чамалінскай і тындынскай. Распаўсюджаная ў некалькіх вёсках Цумадынскага і Ахвахскага раёнаў Дагестана. Колькасць носьбітаў каля 5 тысяч чалавек. Ёсць тры групы дыялектаў. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат аварскіх запазычанняў. Мова беспісьмовая.
Багірмі – адна з шары-нільскіх моваў, уваходзіць у цэтральна-суданскую групу. Распаўсюджаная ў Рэспубліцы Чад. Якога-небудзь афіцыяльнага статуса не мае. Колькасць носьбітаў – каля 1,5 мільёнаў чалавек. Мова тонавая. Пісьмовасці няма.
Баджыгнгіджы – адна з андаманскіх моваў. Была распаўсюджаная на выспах Адамаскага Архіпелагу Паўднёвы Адаман, Ратленд, Баратанг. У ХХ стагоддзі выйшла з ужытку. Пераважаюць сінтэтычная сродкі перадачы граматычнага значэння, двухбакавая аглюцінацыя. У назоўнікаў і прыметнікаў няма катэгорыі ліка; займенікі маюць адзіночны і множны лік. У ХІХ стагоддзі для аднаго з дыялектаў баджыгнгіджы – беа была створаная пісьмовасць, якая выкарыстоўвалася вельмі абмежавана.
Баджнурдзі – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная на ўсходняй ускраіне іранскай правінцыі Харасан. Афіцыяльнага статуса не мае. Інфармацыі пра колькасць носьбітаў няма. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па дзевяці склонах. У лексіцы шмат запазычанняў з персіцкай і арабскай моваў. Так, напрыклад, запазычаннымі з персіцкай або арабскай з’яўляюцца ўсе злучнікі. Інфармацыі пра пісьмовасць і пісьмовыя помнікі няма.
Бадо (баро) – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюджаная ў індыйскіх штатах Ассам, Маніпур, Мегхалаі, Заходняя Бенгалія. Агульная колькасць носьбітаў – каля 1,2 мільёна чалавек. Тры групы дыялектаў: заходняя, паўднёвая, усходняя. Спалучэнне аналітычных сродкаў перадачы граматычнага значэння і аглюцінацыі. Назоўнік змяняецца па сямі склонах, утварае формы адзіночнага і множнага ліку. Пісьмовасць – на базе дэванагары. У мінулым выкарыстоўваліся таксама лацінскі і бенгальскі алфавіты.
Бай – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у кітайскую групу. Распаўсюджана на паўднёвым захадзе Кітая, пераважна ў Далі-Байскай аўтаномнай акрузе. Колькасць носьбітаў – каля 1240 000 чалавек. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленьне. Мова тонавая, восем музычных тонаў. Багаты вакалізм, супрацьпастаўленне насавых і ненасавых галосных, дыфтонгі і трыфтонгі. Кансанантызм характаразуецца супрацьпастаўленьнем прыдыхальных і непрыдыхальных зычных. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, корнеізаляцыя. Першыя пісьмовыя помнікі на базе кітайскай іерогліфікі з VIII ст.; у ХХ ст. створана новая пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Бактрыйская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Была распаўсюджаная ў І – ХІІ стагоддзях паміж Гісарскім хрыбтом і Гіндукушам; потым была выціснутая персіцкай. Была афіцыяльнай мовай Кушанскага царства і Эфталіцкай дзяржавы. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя, хаця гэтае супрацьпастаўленне не заўсёды адлюстроўваецца на пісьме. Граматычны лад флектыўна-аналітычны. Назоўнік мае два склоны: прамы і ўкосны. Катэгорыі рода няма. Парадак словаў у складзе свабодны. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з санскрыта і персіцкай. Помнікі, якія дайшлі да нас, напісаныя арамейскім і грэцкім пісьмом.
Балгарская (баўгарская) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, паўднёвую падгрупу. Мова вельмі блізкая да македонскай. Уваходзіць у балканскі моўны саюз. Дзяржаўная мова Балгарыі. Колькасць носьбітаў звыш за 9 мільёнаў чалавек. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне. Галосныя фанемы: [а], [э] (на пісьме перадаецца літарай е), [о], [у], [і] (на пісьме перадаецца літарай и), [ъ] (звышкароткі, заўсёды рэдукаваны гук). Зычныя фанемы: [п], [п’], [б], [б’], [т], [т’], [д], [д’], [к], [к’], [г], [г’], [м], [м’], [н], [н’], [ц], [ц’], [ч], [ф], [ф’], [в], [в’], [с], [с’], [з], [з’], [ш], [ж], [л], [л’], [й], [х], [х’], [р], [р’], [дж]. Націск свабодны, эспіраторны. У гісторыі балгарскай мовы адбылося зацвярдзенне мягкіх зычных на канцы слова: кон ‘конь’, ден ‘дзень’ і інш. Мягкасць зычных захавалася толькі ў сярэдзіне слова перад непярэднімі галоснымі: вярвам ‘верыць’, мляко ‘малако’, шофьор ‘шафёр’ і інш. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Склонавыя значэнні назоўніка перадаюцца пры дапамозе парадка словаў і прыназоўнікаў: Аз казах това на учителката ‘Я сказаў гэта настаўніцы’; сборник от народни песни ‘зборнік народных песень’; Аз пиша с молив ‘Я пішу алоўкам’, студент от университет ‘студэнт універсітэта’, халба бира ‘конаўка піва’ (прымыканне). Пры дапамозе флексіі ў назоўніка ўтвараюцца толькі форма клічнага склону і множнага ліку (другар ‘таварыш’, другарю ‘таварышу’, другари ‘таварышы’). Ёсць суплетыўныя формы: човек ‘чалавек’ – хора ‘людзі’. Назоўнікі мужчынскага роду апрача формаў адзіночнага і множнага ліку маюць таксама асобную лічэбную форму: прозорец ‘вакно’, прозорци ‘вокны’, три прозореца ‘тры вокны’. Назоўнік мае постпазіцыйны аглюцінаваны артыкль: -ът для мужчынскага роду, -та для жаночага роду, -то для ніякога роду, -те для множнага ліку мужчынскага і жаночага роду, -та для множнага ліку ніякага роду. Флексія захоўваецца ў некаторых формах дзеяслова, як, напрыклад: искам ‘хачу’, искаш ‘хочаш’, иска ‘хоча’, искаме ‘хочам’, искате ‘хочаце’, искат ‘хочуць’. У шэрагу выпадкаў граматычныя значэньні словаў перадаюцца месцам націска (напр.: пиша ‘пішу’, пиша ‘пісаў’). Формы інфінітыва няма, у якасці яе выкарыстоўваецца асабовая форма дзеяслова цяперашняга часу з прэпазытыўнай часціцай да (напр.: Я люблю чытаць ‘Аз любя да чета’, Ты любіш чытаць ‘Ти любиш да четеш’). Апрача цяперашняга часу балгарскі дзеяслоў утварае ў абвесным ладзе формы будучага, паказальнікам якіх з’яўляецца аналітычны прэпазітыўны фармант ще (ще написвам ‘напішу’ , ще написваш ‘напішаш’, ще написва ‘напіша’, ще написваме ‘напішам’, ще написвате ‘напішаце’, ще написват ‘напішуць’), будучага папярэдняга (ще съм написал, ще си написал, ще е написал, ще сме написали, ще сте написали, ще са написали), імперфекта (аз пишех 'я пісаў', ти пишеше ‘ты пісаў’, той пишеше ‘ён пісаў’, ние пишехме ‘мы пісалі’, вие пишехте ‘вы пісалі’, те пишеха ‘яны пісалі’), аорыста (аз написвах ‘я напісаў’, ти написва ‘ты напісаў’, той написва ‘ён напісаў’, ние написвахме ‘мы напісалі’, вие написвахте ‘вы напісалі’, те написваха ‘яны напісалі’), перфекта, які ўтвараецца пры дапамозе формы на –л і цяперашняга часу дзеяслова съм ‘быць’ (написвал съм 'я напісаў', написвал си ‘ты напісаў’, написвал е ‘ён напісаў’, написвали сме 'мы напісалі', написвали сте ‘вы напісалі’, написвали са ‘яны напісалі’), плюсквамперфекта (аз бях писал ‘я быў пісаў’, ти беше писал ‘ты быў пісаў’, той беше писал ‘ён быў пісаў’, ние бяхме писали ‘мы былі пісалі’, вие бяхте писали ‘вы былі пісалі’, те бяха писали ‘яны былі пісалі’), будучага ў мінулым (щях да пиша, щеше да пишеш, щеше да пише, щяхме да пишем, щяхте да пишете, щяха да пишат). Залежны і незалежны стан. Два трыванні: закончанае і незакончанае (купувам ‘купляць’, купя ‘купіць’). Апрача абвеснага ёсць загадны (пиши, пишете), умоўны (аз бих пишел, ти би пишел, той би пишел) і пераказальны лады. Формы апошняга ўжываюцца для перадачы інфармацыі, у праўдзівасці якой гаварачы (пішучы) не ўпэўнены. Ёсць дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі (обичайки – ‘кахаючы’). Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе і ліку, утварае ступені параўнання: бавен ‘марудны’, по-бавен ‘маруднейшы’, най-бавен ‘наймаруднейшы’. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік - дапаўненне”, азначэнне звычайна знаходзіцца ў прэпазіцыі. У лексіцы, асабліва ў пабытовай, вельмі шмат запазычанняў з турэцкай мовы (тебешир ‘крэйда’, чиния ‘талерка’, чадър ‘парасон’, чаршаф ‘прасцірадла’, кашкавал ‘сыр’ і інш.). Культурная лексіка і навуковая тэрміналогія сфармаваліся пад значным уплывам з боку рускай мовы. Ёсць запазычаньні з французскай (напр.: асансьор ‘ліфт’, панталони ‘штаны’), новагрэцкай (напр. полилей ‘жырандоль’, стомах ‘страўнік’). Галоўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя і словаскладанне. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове зь ІХ стагоддзя. Сучасная літаратурная норма сфармавалася ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя.
Бамана (бамбара) – адна з моваў мандэ. Распаўсюджаная ў рэспубліцы Малі, дзе мае статус афіцыяльнай мовы (нароўні з французскай), а таксама ў Сенегале і Гвінее. Колькасць носьбітаў каля 3 мільёнаў чалавек. Мае шмат дыялектаў, сярод якіх асноўнымі з’яўляюцца: бамако, сегу, калонге, кагора, масасі, ньямаса, самона, тора. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх, насавых і ненасавых галосных. Мова тонавая. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе жорстка фіксаваны: “дзейнік – прамое дапаўненьне – выказнік – укоснае дапаўненне”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з 1967 г.
Бамілеке – адна з моваў бэнуэ-конга. Распаўсюджаная ў Камеруне. Колькасць носьбітаў каля 2 мільёнаў чалавек. Моцнае дыялектнае дзяленне. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Бамум – адна з бантоідных моваў, распаўсюджаная ў Камэруне. У мінулым была дзяржаўнай мовай каралеўства Бамум, якое страціла сваю незалежнасьць на пачатку ХХ стагоддзя. Апошнім каралём дзяржавы Бамум – Нджойей у 1896 г. была створаная арыгінальная пісьмовасць, якая ў наступныя 20 гадоў перапрацоўвалася сем разоў. Першапачаткава гэтая пісьмовая сыстэма мела сімволіка-піктаграфічны характар, у апошнім варыянце – гэта алфавіт, які сумяшчаў у сваім складзе сымбалі для абазначэння складаў і сымбалі для абазначэння асобных гукаў. Накірунак пісьма першапачаткава не быў стабільным, але з трэцяга варыянта – толька злева направа. Пасля смерці Нджойі (1933 г.) пісьмо бамум паступова выходзіць з ужытку, але яшчэ ў 50-е гг. ХХ стагоддзя былі людзі, якія помнілі яго. Цяпер мова бамум карыстаецца пісьмом на лацінскай графічнай аснове. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Ёсць элементы аглюцінацыі. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”.
Бангеры (бангі-мэ) – ізаляваная мова, распаўсюджаная ў сямі вёсках на захадзе плато Дагон (Рэспубліка Малі). Колькасць носьбітаў – ад дву да трох тысяч чалавек. Значная частка з іх валодае таксама мовай сарангама, значна радзей французскай, якая з’яўляецца дзяржаўнай мовай Малі. Вакалізм характарызуецца супрацьпастаўленнем доўгіх і кароткіх, насавых і ненасавых гукаў. У граматыцы – значны ўплыў з боку дагонскіх моваў. Мова беспісьмовая.
Бангі (банджы) – крэольская мова, якая сфармавалася на базе шатландскай пры моцным субстраце з боку індзейскай мовы кры. Была распаўсюджаная ў заходняй Канадзе ў раёне ракі Чырвоная. Выйшла з ужытку ў ХХ стагоддзі ў выніку асіміляцыі яе носьбітаў ангельскамоўным насельніцтвам. Письмовасци и ўласных пісьмовых помнікаў няма. Прадметам навуковага інтарэса мова бангі стала толькі ў апошняй чвэрці ХХ стагоддзя, калі заставаліся жывымі апошнія шэсць носьбітаў.
Баоаньская – адна з мангольскіх моваў. Колькасць носьбітаў каля 8 тысяч чалавек, жывуць у Кітаі, у павеце Лінься правінцыі Ганьсу і ў павеце Тучжэнь правінцыі Цынхай. Два дыялекты: дахэдзяйскій і тучжэньскій. Адрозненні паміж імі не перашкоджваюць узаемапаразуменню. У адрозненне ад іншых мангольскіх моваў, доўгія галосныя сустракаюцца толькі ў аднаскладавых словах; супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх не выконвае фаналагічнай функцыі. Націск заўсёды падае на апошні склад слова. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, вінавальны, давальна-месны, зыходны, творны, злучальны. Граматычнай катэгорыі роду няма. Артыкляў няма. Прыметнік – нязменная часціна мовы. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне - выказнік”. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з кітайскай і тыбецкай. Мова безпісьмовая.
Барабінскіх татараў мова – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная ў некаторых паўднёвых раёнах Новасібірскай вобласьці Расіі. Афіцыяльнага статусу не мае. Колькасць носьбітаў – каля 8 тысяч чалавек. Амаль усе яны валодаюць таксама рускай. Дыялектнага дзялення няма. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Дзеяслоў утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па шасці склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, зыходны. Граматычнага роду няма. Артыкляў і катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці няма. Ёсць катэгорыя прыналежнасці. Дзеяслоў мае складаную сістэму часоў, ладоў і станаў. У лексіцы, пераважна спаконвечна-цюркскай, некаторая колькасць запазычанняў з расейскай мовы. Пісьмовасці няма.
Баро – тое жа, што бадо.
Бартангская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная ў Горным Бадахшане (Таджыкістан). Колькасць носьбітаў каля 5 тысяч чалавек. Назоўнік мае два склоны: прамы і ўкосны, артыкль. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне - выказнік”, азначэнне заўсёды ў прэпазіцыі. У лексіцы шмат запазычанняў з таджыкскай, арабскай і рускай моваў. Большая частка носьбітаў бартангскай мовы гаворыць таксама па-таджыкску. Мова беспісьмовая.
Бары – адна з нілоцкіх моваў. Распаўсюджаная ў паўднёвым Судане, у некаторых раёнах Заіра і Ўганды. Агульная колькасць носьбітаў каля 500 тысяч. Мае моцнае дыялектнае дзяленне. У фанетыцы супрацьпастаўленне напружаных і ненапружаных галосных. Пісьмовасць на базе лацінскага алфавіта створаная ў ХХ стагоддзі.
Бар’я – тое жа, што нара.
Баскская – генетычна ізаляваная мова. Маюцца спробы абгрунтаваць яе роднасць з картвельскімі мовамі. Распаўсюджаная ў Краіне Баскаў (аўтаномная правінцыя
Іспаніі), дзе з’яўляецца адной зь дзвюх афіцыяльных моваў (нароўні з іспанскай). Колькасць носьбітаў каля 600 тысяч чалавек. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне. Граматычны лад аглюцінатыўны, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на аснове лацінскага алфавіта.
Баснійская (басанская) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, паўднёва-славянскую падгрупу. Дзяржаўная мова Босьніі і Герцэгавіны. Колькасць носьбітаў – каля 2,7 мільёнаў чалавек. Мова вельмі блізкая да сербскай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай, персіцкай і цюркскіх моваў. Як раз гэтыя запазычанні і адрозьніваюць перш з усяго баснійскую мову ад блізкародасных сербскай і харвацкай. Парадак словаў у сказе свабодны. Націск свабодны, мае музычны характар. Асноўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя, ужываецца таксама словаскладанне. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Арфаграфія паслядоўна фанетычная. У мінулым ужывалася таксама арабская графіка, глаголіца і басанчыца (мясцовы варыянт кірыліцы).
Батакская – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у малайскую групу. Распаўсюджаная на выспе Суматра (Інданезія). Колькасць носьбітаў каля 3 мільёнаў. Пераважаюць аналітычныя сродки перадачы граматычнага значэння. З часоў Сярэднявечча выкарыстоўваўся нацыянальны складавы алфавіт, які ў ХХ стагоддзі паступова выціскаецца пісьмом на лацінскай графічнай аснове.
Балійская – адна з інданезійскіх моваў, уваходзіць у малайскую групу. Распаўсюджаная на выспе Балі (Інданезія). Колькасць носьбітаў каля 3 мільёнаў чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Выкарыстоўваецца традыцыйная складавая пісьмовасць індыйскага паходжання і алфавіт на лацінскай графічнай аснове.
Бацбійская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, нахскую падгрупу. Дыялектнага дзялення няма. Распаўсюджаная на тэрыторыі Алазанскай даліны (Ахмецкі раён Грузіі). Колькасць носьбітаў каля 5 тысяч чалавек. Усе бацбійцы двухмоўныя, нароўні з роднай мовай валодаюць грузінскай, а інтэлігенцыя яшчэ і рускай. Мае вельмі складаную фанетыку. Супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія, насавыя і ненасавыя галосныя. Ёсць дыфтонгі. Націск у незапазычаных словах падае звычайна на першы склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік мае пяць склонаў: назоўны, родны, давальны, месна-зыходны, месна-накіравальны, а таксама шматлікія паслялогавыя канструкцыі. У лексіцы шмат запазычанняў з грузінскай мовы. Пры гэтым нават словы негрузінскага паходжаньня звычайна запазычваюцца праз пасрэдніцтва грузінскай мовы. Мова беспісьмовая.
Башкірская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Вельмі блізкая да татарскай. Распаўсюджаная ў Башкірыі (Башкартастан), дзе мае статус афіцыяльнай, а таксама ў Арэнбургскай, Чалябінскай, Самарскай, Курганскай і Екацерынбургскай вобласцях Расеі. Колькасць носьбітаў каля 920 тысяч. Большая частка з іх двухмоўныя, валодаюць таксама рускай. Мае два дыялеты: куваканскі і юмартынскі. Літаратурная мова спалучае элементы абодвух дыялектаў. Граматычны лад аглюцінатыўны, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, накіравальны, вінавальны, зыходны, месны, клічны. Апошні мае форму адрозную ад формы назоўнага склону толькі ў невялікай колькасці словаў, пераважна тэрмінаў родаснасці. Граматычнай катэгорыі роду няма. Катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці і артыкляў таксама няма. Прыметнік па склонах не змяняецца. Дзеяслоў мае складаную сістэму ладоў і часоў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне - выказнік”. Лексічны фонд складаецца пераважна са словаў спаконвечна-цюркскага і ўласна башкірскага паходжання. Большая частка запазычанняў – з рускай мовы; значна меньшая з персіцкай і арабскай. Націск звычайна падае на апошні склад. Пісьмовасць да 1929 г. на арабскай графічнай аснове, з 1929 г. – на лацінскай, а з 1939 г. на базе кірыліцы.
Бе – адна з тайскіх моваў. Распаўсюджаная ў паўночна-заходняй чыстцы выспы Хайнань, якая належыць Кітаю. Колькасць носьбітаў па прыблізных дадзеных ад 100 да 200 тысяч, усе яны таксама валодаюць мясцовым дыялектам кітайскай мовы. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Ёсць сістэма васьмі музычных тонаў, якія адрозніваюць лексічныя значэнні словаў. Супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. У лексіцы шмат запазычаньняў з кітайскай мовы, пераважна з хайнаньскага дыялекта хакло. Мова беспісьмовая.
Беа – адзін з дыялектаў боджыгнгіджы, для якога ў ХІХ стагоддзі была створаная пісьмовасць.
Бедаўі – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у кушыцкую групу. Распаўсюджаная на паўночным усходзе Судана і ў Эрытрэі. Агульная колькасьць носьбітаў 1,5 мільёнаў чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Асноўны сродак як словазьмянення, так і словаўтварэння – суфіксацыя. Назоўнік мае катэгорыю граматычнага роду, змяняецца па ліку і па склонах. Мова беспісьмовая.
Бежтынская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў некалькіх вёсках Цунтынскага раёну Дагестану і Кварэльскага раёну Грузіі. Агульная колькасць носьбітаў каля 10 тысяч чалавек. Мае тры дыялекты: ўласна бежтынскі, тлядальскі, хашар-хатынскі. Адрозненні паміж дыялектамі не шкодзяць узаемаразуменню моўнікаў. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Мова беспісьмовая.
Белау – тое жа, што палау.
Беларуская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, усходнюю падгрупу. Распаўсюджана ў Рэспубліцы Беларусь, дзе мае статус дзяржаўнай, а таксама ў памежных з ёй раёнах Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі. Вялікая колькасць беларусаў пражывае таксама ва ўсходніх раёнах Польшчы (пераважна Беласточчына). Колькасць носьбітаў каля 8 мільёнаў чалавек. Большасць беларусаў двухмоўныя, нароўні з беларускай валодаюць рускай, радзей – польскай. Мае два дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Галосныя гукі: [а], [о], [э], [у], [і], [ы]. Зычныя гукі: [б], [б’], [в], [в’], [г], [г’], [ґ], [ґ’], [д], [дз], [дз’], [дж], [ж], [з], [з’], [й], [к], [к’], [л], [л’], [м], [м’], [н], [н’], [п], [п’], [р], [с], [с’], [т], [ў], [ф], [ф’], [х], [х’], [ц], [ц’], [ч], [ш]. Націск свабодны, эспіраторны. Граматычны лад флектыўны, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Ёсць асобныя элементы аглюцінацыі (працава-л-а), сустракаецца суплетывізм: добры – лепшы, кепскі – горшы, чалавек – людзі і інш. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, мае сем склонаў: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны, клічны. Апошні ўжываецца факультатыўна, пераважна ў кніжных стылях. Тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы, ніякі. Да жаночага і мужчынскага роду належаць як адушаўлёныя, так і неадушаўлёныя назоўнікі, да ніякага – толькі неадушаўлёнага (адзінае выключэньне – дзіцянё, дзіцё). Дзеяслоў змяняецца па асобах, у азначальным ладзе ўтварае наступныя формы часу: цяперашні, будучы просты, будучы складаны, імперфект, перфект, плюсквамперфект (ужыванне апошняга ўяўляецца факультатыўным). Ёсць катэгорыя стану (незалежны і залежны), але формы стану ўтвараюцца нерэгулярна і не ад усіх пераходных дзеясловаў. Два трыванні: закончанае і незакончанае. Неасабовыя формы дзеяслова: дзеепрыметнікі, дзеепрыслоўі, інфінітыў. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне і ліку, утварае формы ступеняў параўнання: хуткі, хутчэйшы, найхутчэйшы. Парадак словаў у сказе свабодны, азначэнне часцей з усяго знаходзіцца ў прэпазіцыі. Асноўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя і словаскладанне. Ёсць асобныя прыклады канвэрсіі. У лексіцы шмат запазычанняў з польскай мовы (цуд, рандэлька, парэнчы, наконт, слуп, цуд, жарт і інш.). Ёсць таксама некаторая колькасць запазычанняў з балтыйскіх моваў (сьвіран, жвір, кубел) і мовы ідыш (гандаль, гандляр, шыльда, шуфляда, рыхтік і інш.). Інтэрнацыйная еўрапейская лексыка трапляе ў беларускую мову часьцей з усяго праз пасрэдніцтва расейскай, радзей – польскай мовы. У гісторыі беларускай мовы вылучаюцца два асноўныя перыяды: старабеларускі (XIV – сярэдзіна XVIII ст.) і сучасны (з канца XVIII ст.). Адным з першых помнікаў сучаснай беларускай мовы з’яўляецца “Камедыя” Каятана Марашэўскага. У савецкі перыяд у выніку палітыкі “збліжэньня родасных моваў” у беларускую мову пранікла шмат запазычанняў з рускай, ад якіх цяпер беларуская мова пакрыху пазбаўляецца. У актыўны ўжытак вяртаюцца традыцыйныя для беларускай мовы словы, якія ў савецкі перыяд лічыліся архаізмамі, выціскаліся запазычаннямі з рускай. Так, замест каструля зноў ужываецца рандэлька, замест папугай – чыюк, замест балкон – гаўбец, замест працэнт – адсотак, замест тыраж - наклад і інш. У выніку арфаграфічнай рэформы 1933 г. ў беларускай мове сфармаваліся дзве сістэмы правапіса (“тарашкевіца” і “наркомаўка”), якія канкурыруюць адна з адной. Адрозненьні паміж “тарашкевіцай” і “наркомаўкай” тычацца ўсіх узроўняў моўнай сістэмы: фанетыкі (і арфаграфіі), марфалогіі, лексікі. Мае сэнс гаварыць не пра дзве арфаграфічныя сістэмы, а пра два варыянты літаратурнага стандарта. Сучаснае беларускае пісьмо засноўваецца на кірыліцы, у арфаграфіі пераважае фанетычны прынцып. Раней ужываліся таксама пісьмо на лацінскай графічнай аснове і прыстасаваны да беларускай фанетыкі арабскі алфавіт. Апошнім карысталіся беларускія татары-мусульмане, якія яшчэ ў Сярэднявеччы перайшлі на на беларускую мову.
Белуджская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная ў Пакістане, Афганістане, Іране і Туркменістане. Колькасць носбітаў каля 6 мільёнай чалавек. Дзве групы дыялектаў: заходняя і ўсходняя. Сучасная літаратурная норма сфармавалася ў другой палове ХХ стагоддзя. У фанетыцы супрацьпастаўленьне доўгіх і кароткіх галосных. Граматычны лад флектыўна-аналітычны з элементамі аглюцінацыі. Флектыўны тып словазмянення назіраецца ў формах дзеяслова, аглютынацыя – у скланенні назоўніка (асобныя фарманты для ліка і для склона). Назоўнік мае 4 склоны: прамы, родны, вінавальна-давальны і ўкосны. Катэгорыі роду няма. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне - выказнік”. Некаторыя сінтаксічныя канструкцыі сфармаваліся пад уплывам сіндхі, урду і брагуі. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай і персіцкай моваў. Пісьмовасьць на аснове арабскай графікі.
Бемба – адна з моваў сям’і бэнуэ-конга, уваходзіць у групу банту. Распаўсюджаная ў Замбіі і Заіры. Агульная колькасць носьбітаў каля 2,5 мільёнаў. Пісьмовасць на базе лацінскага алфавіта.
Бенгальская (бенгалі) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Афіцыяльная мова Бангладэш і штата Індыі Заходняя Бенгалія. Агульная колькасць носьбітаў каля 170 мільёнаў. Дзве асноўныя дыялектныя групы: заходняя і ўсходняя. Граматычны строй аглютынатыўны, пераважаюць сынтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць складавая, нацыянальная, агульная з асамскай мовай. Найбольш вядомы пісьменьнік, які тварыў на бенгальскай мове – Рабіндранат Тагор.
Бесермянская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, пермскую падпадгрупу. Колькасьць носьбітаў меньш за 10 тысяч чалавек. Распаўсюджаная ў Балезінскім, глазаўскім, Ярскім і Юкаменскім раёнах Удмуртыі. Граматычны лад аглюцінатыўны. У савецкі перыяд лічылася дыялектам удмурцкай. Цяпер, ва ўмовах роста нацыянальнай самасвядомасьці бесермян, адбываецца адраджэнне мовы. Пісьмовасьць на кірылічнай графічнай аснове.
Бікольская (вікол) – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная на Філіпінах у паўднёва-ўсходняй частцы выспы Лусон, а таксама на выспе Катандуанэс. Выконвае функцыі рэгіянальнай мовы. Колькасць носьбітаў каля 4 мільёнаў чалавек. Вылучаюцца 4 дыялекты. Літаратурная норма не ўсталявалася. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з канца XVIII стагоддзя.
Бірманская – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Дзяржаўная мова М’янмы (Бірмы). Колькасць носьбітаў каля 30 мільёнаў чалавек. Мае шесць дыялектаў, якія моцна адрозьніваюцца адзін ад аднаго: араканскі, тавойскі, інта, дану, таунйоу, йо. Ёсць 4 музычныя тоны, якія адрозьніваюць лексічныя значэнні словаў. Граматычны лад ізаляцыйны, з элементамі аглюцінацыі. Парадак словаў у сказе фіксаваны. Залежнае слова амаль заўсёды знаходзіцца ў прэпазыцыі да галоўнага. Пісьмова-літаратурная мова моцна адрозніваецца ад гутарковай. У лексіцы шмат запазычанняў з мовы палі. Пісьмовасць нацыянальная, складавая. Найстаражытнейшы помнік – напіс пагады М’язейды (1113 г.).
Біслама – крэольская мова, якая сфармавалася на базе ангельскай. Адна з дзвюх дзяржаўных моваў Рэспублікі Вануату (нароўні з ангельскай). Колькасць носьбітаў каля 100 тысяч чалавек. Дыялектнага дзяленьня няма. Галосныя гукі: i, u, e, o, a. Супрацьпастаўленьня доўгіх і кароткіх няма. Ёсць дыфтонгі: [ai] (на пісьме перадаецца як ae), [oi] (на пісьме перадаецца як oe), [au] (на пісьме перадаецца як ao). Зычныя гукі: p, t, k, b, d, g, f, s, h, v, ? (на пісьме перадаецца літарай j), m, n, ? (на пісьме перадаецца як ng), w, j (на пісьме перадаецца літарай y або i) Граматычны лад – ізаляцыйны. Ёсць элементы аглюцінацыі. Галоўны спосаб словаўтварэння – словаскладанне. Граматычнай катэгорыі роду няма. Артыкляў таксама няма. Склонавыя значэнні назоўніка, зроўна як і значэнне множнага ліку перадаюцца пры дапамозе службовах словаў (напр.: studen ‘студэнт’, pikinini blong studen ‘дзіцянё студэнта’, ol studen ‘студэнты’). З лічэбнікам ужываецца форма адзіночнага ліку: 1 dog ‘адзін сабака’, 2 dog ‘два сабакі’, 3 dog ‘тры сабакі’. Прыметнік мае дзве формы: азначальную і прэдыкацыйную. Прэдыкацыйная форма ўяўляе сабой чыстую аснову (Mi glad ‘Я рады’), а азначальная ўтвараецца пры дапамозе суфікса –fala (bigfala sip ‘вялікі карабель’, gudfala ples ‘добрае месца’). Характэрнай рысай граматыкі біслама з’яўляецца наяўнасць прэдыкацыйных часьціцаў і (для адзіночнага ліку) і oli (для множнага ліку), якія, знаходзячыся ў прэпазіцыі, маркіруюць выказьнік: Mifala i hanggre ‘Мы галодныя’, Tija i ridim buk ‘Настаўнік чытае кнігу’, Ol man oli kukum raes ‘Людзі вараць рыс’. Дзеяслоў не змяняецца па асобах. Значэнне часу перадаецца толькі аналітычна, пры дапамозе службовых словаў, як прэпазіцыйных, так і постпазыційных: Hem i stap slip ‘Ён спіць’ (менавіта цяпер), Mi bin katem frut ‘Я рэзаў плён’, Ol studen oli ridim buk finis ‘Студэнты прачыталі кнігу’, Ol studen bae oli ridim buk ‘Студэнты прачытаюць кнігу’. Супрацьпастаўляюцца пераходныя і непераходныя формы дзеясловаў: пераходнасць маркіруецца фармантам –im/ -em/ -um: Sara i rid ‘Сара чытае’, але Sara i ridim buk ‘Сара чытае кнігу’. Формаў залежнага стану няма. У сістэме асабовых займеннікаў супрацьпастаўляюцца mifala ‘мы’ і yumi ‘я и ты’, што сьведчыць аб наяўнасці ў біслама катэгорыі эксклюзіўнасці / інклюзіўнасці. Прыналежныя формы займеньнікаў утвараюцца пры дапамозе генетыўнага прыназоўніка blong: ‘мая кніга’ - buk blong mi. Указальны займеньнік ia (ya) заўсёды знаходзіцца пасьля назоўніка: vilis ia ‘гэтая вёска’. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік - дапаўненне”, азначэньне заўсёды знаходзіцца ў прэпазіцыі. Лексіка сфармавалася пераважна на базе словоў ангельскай мовы, запазычанняў з моваў карэннага насельніцтва Вануату няшмат, пераважна гэта тэрмины, якія пазначаюць мясцовыя рэаліі. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Арфаграфія паслядоўна фанетычная.
Блэкфут – тое жа, што сісіка.
Бо – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у мон-кхмерскую групу. Распаўсюджаная ў цэнтральным Лаосе. Колькасць носьбітаў каля 2000 чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мова беспісьмовая.
Ботліхская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў дзвюх вёсках Ботліхскага раёна: Ботліх і Міарсу. Агульная колькасць носьбітаў каля 3 тысяч чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Многія носьбіты ботліхскай мовы двухмоўныя, валодаюць аварскай. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Боша – мова армянскіх цыган, вывучаная вельмі кепска. Невядома, ці існуюць яе носьбіты цяпер, ці не. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Брахуі (брагуі, браўі) – адна з дравідыйскіх моваў. Распаўсюджаная ў Пакістане (правінцыі Сінд і Белуджыстан), а таксама ў паўднёвых раёнах Афганістана і на ўсходзе Ірана. Колькасць носьбітаў звыш за 800 тысяч. Два дыялекты: джхальванскі і сараванскі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з індыйскіх, іранскіх і арабскай моваў. Некаторыя сінтаксічныя канструкцыі сфармаваліся пад уплывам белуджскай, пушту, фарсі, сіндхі, лахнда. Пісьмовасць на арабскай графічнай аснове з другой паловы XVIII стагоддзя.
Брэтонская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у кельцкую групу, брыцкую падгрупу. Распаўсюджаная на паўвыспе Брэтань (Францыя). Колькасць носьбітаў каля 1 мільёна чалавек. Амаль усе брэтонцы двухмоўныя, нароўні з брэтонскай валодаюць таксама французскай мовай. Мае 4 дыялекты: леонскі, трэг’ерскі, карнуайскі і ванскі. Літаратурная мова засноўваецца на леонскім дыялекце. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца насавыя і ненасавыя галосныя. Націск ва ўсіх дыялектах апрача ванскага звычайна падае на перадапошні склад. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік мае два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў. Ёсць артыкль. Прыметнікі не маюць формаў роду і ліку, змяняюцца толькі па ступенях параўнання. Дзеяслоў утварае ў абвесным ладзе сінтэтычныя формы цяперашняга часу, імперфекта, прэтэрыта і будучага, а таксама аналітычныя формы перфекта, плюсквамперфекта і будучага папярэдняга; ва ўмоўным ладзе формы цяперашняга і мінулага часу; у загадным ладзе формаў часу няма. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “выказнік – дзейнік – дапаўненне”. Асноўныя спосабы словаўтварэння – суфіксацыя і словаскладанне. У лексіцы запазычанні з лацінскай і французскай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з VIII стагоддзя. Арфаграфія пераважна фанетычная.
Бугійская – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная на паўднёвым захадзе паўвыспы Суалвесі і на ўсходнім узбярэжжы выспы Калімантан (Інданезія). Колькасць носьбітаў звыш за 3 мільёны чалавек. Мае дыялекты: боне, соппенг, ваджо, луву, сідэнрэнг, савіта. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя выкарыстоўвалася нацыянальнае складавае пісьмо, цяпер яно паступова выціскаецца пісьмом на лацінскай графічнай аснове.
Будухская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Вельмі блізкая да крызскай мовы. Распаўсюджаная ў некалькіх вёсках на поўначы Азербайджана. Колькасць носьбітаў каля 5 тысяч чалавек. Дыялектнага дзялення няма. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік мае 14 склонаў, сярод якіх 10 месных. Дзеяслоў па ліку і па асобах не змяняецца. Усе парадкавыя лічэбнікі запазычаныя з азербайджанскай мовы. Націск падае часцей з усяго на другі склад слова. Мова беспісьмовая. Усе носьбіты будухскай мовы добра валодаюць азербайджанскай, некаторыя - расейскай.
Букмол – адзін з варыянтаў нарвежскай літаратурнай мовы.
Булан – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у групу палаунг-ва. Распаўсюджаная ў Кітаі, на паўночным захадзе правінцыі Юньнань. Колькасць носьбітаў каля 85 тысяч чалавек. Два дыялекты: уласна булан і арва. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мова беспісьмовая.
Булгарская – адна з мёртвых цюркскіх моваў, уваходзіць у булгарскую групу. Зафіксаваная ў нешматлікіх помніках V – XIV стагоддзяў, большая частка з якіх – надмагільныя напісы, выкананыя арабскай графікай. Была распаўсюджаная першапачаткава на тэрыторыі Прыазоўя, дзе да VII стагоддзя існавала булгарская дзяржава (так званая Вялікая Булгарыя), знішчаная потым хазарамі. Пасля гібелі булгарскай дзяржавы вялікія групы булгарамоўнага насельніцтва перасяліліся ў Сярэдняе Паволжа і на Балканы. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя.
Бумтанг – адзін з дыялектаў дзонг-кэ. Шэраг навукоўцаў разгледжваюць яго як асобную мову.
Бурара – адна з моваў карэннага насельніцтва Аўстраліі. Распаўсюджаная ў Паўночных тэрыторыях, у Арнхэме. Колькасць носьбітаў па розных дадзеных – ад 400 да 600 чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасьць на лацінскай графічнай аснове.
Бурацкая – адна з мангольскіх моваў. Распаўсюджаная на тэрыторыі Бураціі, а таксама на тэрыторыі Усць-Ардынскага і Агінскага бурацкіх аўтаномных акругаў Расіі. Колькасць носьбітаў каля 353 тысяч. Значная частка з іх двухмоўныя, валодаюць таксама рускай. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне, носьбіты розных дыялектаў кепска разумеюць адзін аднаго. Сучасная літаратурная мова засноўваецца на хорынскім дыялекце. Граматычны строй аглюцінатыўны, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах. Дзеяслоў мае складаную сістэму часоў, станаў і ладоў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік - дапаўненне - выказнік”. Націск музычны, заўсёды падае на апошні склад. У лексіцы шмат запазычанняў з тыбецкай, старамангольскай, рускай, эвенкійскай і манчжурскай моваў. Пісьмовасць з канца XVII стагоддзя на базе старамангольскага алфавіта. У 1931 г. бурацкая пісьмовасьць была пераведзеная на лацінскую, а ў 1939 г. на кірылічную графічную аснову.
Бургундская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, усходнюю падгрупу. Да канца ІІ стагоддзя да н. э. была распаўсюджаная на выспе Барнхольм. У І ст. да н. э. бургунды перасяляюцца ў вусьце Віслы, а ў V ст. н. э. на левы бераг Рэйна, дзе ствараюць дзяржаву са сталіцай у Вормсе, якая была знішчаная ў 437 г. ў выніку напада рымскіх войскаў і гунаў. Мова праіснавала да пачатку ХІ стагоддзя. Помнікі бургундскай мовы – некалькі кароткіх напісаў на цвёрдых прадметах, выкананых рунічным пісьмом.
Бурская – тое жа, што афрыкаанс.
Бурушаскі (бурышская, канджуцкая, вершыкская) – ізаляваная мова. Распаўсюджаная ў паўночных раёнах Кашміра, у горных мясцовасьцях Хунза (Канджут), Нагар і Ясін. Колькасьць носьбітаў каля 50 тысяч. Мае два дыялекты: уласна бурушаскі і вершыкскі (вершыквар). Для фанетыкі ўласьцівы складаны кансанантызм пры вельмі простым вакалізме. Граматычны лад аглюцінатыўны. Назоўнік мае два склоны: прамы і эргатыўна-ўкосны; сістэма паслялогаў, постпазыцыйны артыкль. Усе назоўнікі распрадзяляюцца па чатырох семантычных класах: мужчыны, жанчыны, жывёлы, астатнія рэчы. У лексіцы шмат запазычанняў з дардскіх моваў і урду. Мова беспісьмовая.