Я хацеў бы быць князем у маленькай дзяржаве
Недзе на ўскраіне Еўропы,
Воддаль ад крызісаў і войнаў.
Я бы правіў са сваёй нешумнай сталіцы
Невялікім хрысціянскім народам.
Па святах
Над горадам гучалі бы званы,
І над вежай старажытнага радавога замка
Лунаў бы белы сцяг продкаў.
А на ім – герб: Змяя і Голуб.
Па вечарах я бы спускаўся ў бібліятэку,
І старые пергаменты апавядалі бы мне пра мінулае.
А раніцай гукі прыдворнага марша
Абвяшчалі бы пачатак новага дня.
...я, напэўна, быў бы шчаслівы,
І можа, нават, не пісаў бы вершаў.