Rss Feed
Яндекс.Метрика

ЛЕКСІЧНЫЯ БЕЛАРУСІЗМЫ Ў РУСКІХ ГАВОРКАХ НОВАСІБІРСКАЙ ВОБЛАСЦІ

Наш артыкул напісаны па матэрыялах выдадзенага ў 1979 г. “Слоўніка рускіх гаворак Новасібірскай вобласці”. Спіс беларусізмаў, атрыманы ў выніку паслоўнага прагляду названага слоўніка, уключае пяцьдзесят чатыры лексемы, дзевяць з якіх, зрэшты, з’яўляюцца толькі беларускімі варыянтамі (фанетычнымі, або словаўтваральна-марфалагічнымі) словаў, агульных для беларускай і рускай моваў: грыбница (бел. грыбніца), дочк? (бел. дачка), казать (бел. казаць), куды (бел. куды), морква (бел. марква), ободвое (бел. абодва), огурки (бел. агуркі), отвсюль (бел. адусюль), откуль (бел адкуль), орать (араць). З прыведзеных тут словаў трэба звярнуць увагу на дзеясловы казать і орать. Так, беспрыставачны дзеяслоў казать можа быць у роўнай ступені як беларусізмам, так і ўкраінізмам (укр. казати). Што да дзеяслова орать, то ён можа быць не толькі запазычаннем з беларускай або ўкраінскай мовы, але і вялікарускім архаізмам, які захаваўся ў дыялектах.

Паколькі нашчадкі ўкраінскіх перасяленцаў складаюць значную частку насельніцтва Новасібірскай вобласці , ёсць сэнс звярнуць увагу на лексіку, якая можа мець дваістае, беларуска-ўкраінскае паходжанне. Сюды адносяцца наступныя словы: бульба (бел. бульба, укр. бульба), цыбуля (бел. цыбуля, укр. цибуля), лава (бел. лава, укр. лава), хмара (бел. хмара, укр. хмара), ховать (бел. хаваць, укр. ховати), сховать (бел. схаваць, укр. сховати), або (бел. або, укр. або), гай (бел. гай, укр. гай), нехай (бел. няхай, укр. нехай), жартовать (бел. жартаваць, укр. жартувати), а таксама названыя ўжо вышэй казать і орать. Трэба сказаць некалькі словаў наконт прыведзенага тут дзеяслова жартовать. Калі беларускае жартаваць і ўкраінскае жартувати азначае ‘гаварыць жарты, казаць нешта дасціпнае’, то новасібірскае дыялектнае жартовать ужываецца ў значэнні ‘весяліцца, гуляць (пра моладзь) ’: Избу откупят и там жартуют, ну, были такие игры, гуляют.

Дзеяслоў жартовать даволі яскравы, хаця і не адзіны выпадак змянення першапачаткавага лексічнага значэння слова ў новых сібірскіх умовах. У якасці іншых прыкладаў можна прывесці назоўнік звон, які ў новасібірскіх гаворках ужываецца ў значэнні ‘званочак на дузе конскай вупражы’, дзеяслоў хилиться, які, адпаведна “Слоўніку рускіх гаворак Новасібірскай вобласці”, мае значэнне ‘прытварацца, прыкідвацца’, і назоўнік бульбовник (бел. бульбоўнік), які змяніў сваё зыходнае значэнне на значэнне цалкам тоеснае значэнню слова бульба. Сінанімія вытворнага і ўтваральнага словаў – з’ява даволі рэдкая, аднак, нельга сказаць, што зусім недаследаваная. Пра яе піша, напрыклад, казанскі даследчык гісторыі рускай мовы Г. Нікалаеў, які бачыць прычыну паходжання такіх сінанімічных параў, як бульба/бульбоўнік збліжэнні і наступным супадзенні значэнняў вытворнага і ўтваральнага словаў.

Словы, запазычаныя з беларускай мовы, могуць змяняь не толькі сваё лексічнае значэнне, але таксама фанетычнае і граматычнае афармленне. Так, дзеяслоў грэбаваць у гаворках Барабінскага раёна страчвае суфікс –ава- і выглядае як гребать. Словы кій і раздарожжа наадварот набываюць памяншальныя суфіксы: киёк, раздорожица. Пры гэтым слова раздарожжа мяняе яшчэ свой граматычны род з ниякага на жаночы. Мяняе свой граматычны род і назоўнік лайба, які ў новасібірскіх гаворках выглядае як лайб.

Чыста фанетычныя змены мы бачым у назоўніку комін, які ў гаворках Новасібірскай вобласці мае два варыянты: комен і комень. Першы варыянт сустракаецца на тэрыторыі Паўночнага раёна, а другі – на тэрыторыі Карасукскага. Інфармацыі наконт ужывання лексемы комін у астатніх раёнах Новасібірскай вобласці мы, на жаль не маем.

З рознымі ранамі звязана і ўжыванне варыянтаў хуста/хустка. Першы варыянт распаўсюджаны ў Кыштоўскім раёне, другі – ў Чулымскім. У двух тэрытарыяльных варыянтах сустракаецца ў Новасібірскай вобласці назва старажытнага жаночага адзення – андарак/андрак. Ужыванне варыянта андарак звязана з Машкоўскім, Багоцінскім і Тагучынскім раёнамі. Адзіны прыклад ужывання варыянта андрак паходзіць з вёскі Круціха Кыштоўскага раёна.

Чым жа тлумачыцца існаванне варыянтнасці ў гэтай групе лексікі? Мы лічым, што для кожнай прыведзенай тут пары варыянтаў патрэбна сваё, асобнае тлумачэнне. Напрыклад, пара хуста/хустка існуе і ў беларускай літаратурнай мове, хаця тут, адрозненне ад сібірскіх гаворак, гэтыя словы маюць крыху розныя лексічныя значэнні. Можа, менавіта страта розніцы паміж словамі хуста і хустка прывяла да іх размеркавання па розных раёнах Новасібірскай вобласці, зрабіла іх тэрытарыяльнымі варыянтамі. Нацяжка растлумачыць і ўзнікненне пары андарак/андрак. Несумненна, першапачаткава існаваў толькі варыянт андарак. Варыянт андрак узнік у выніку рэдукцыі і наступнага выпадзення ненаціскнога галоснага [а]. Мы не ведаем у які час і дзе адбылося гэтае выпадзенне: у беларускім прастамоўі або ўжо ў сібірскіх гаворках, але схіляемся да апошняга. Справа ў тым, што ў рускай мове, а асабліва ў некаторых дыялектах Сібіры, колькасная рэдукцыя ненаціскных галосных мацней, чым у беларускай мове. Можна дапусціць, што выпадзенне ненаціскнога [а] мела месца не непасрэдна ў мове перасяленцаў з Беларусі або іх бліжэйшых нашчадкаў, а ў мове рускага насельніцтва Сібіры, якое запазычыла гэтае беларускае слова. Наконт пары комен/комень, якая ў абодвух сваіх членах адрозніваецца ад літаратурнага беларускага комін, мы, на жаль, нічога сказаць не можам.

Значная частка словаў кожнай мовы знаходзіцца ў некаторых словаўтваральных адносінах з іншымі словамі. Не з’яўляецца выключэннем і група словаў, што даследуецца намі. Тут мы маем пяць словаўтваральных параў і тры словаўтваральныя рады. Першыя чатыры словаўтваральныя пары, цалкам запазычаныя з беларускай, нічога асабліва цікавага для нас не ўяўляюць: прас/прасовать, хмара/хмарно, бачить/побачить. У словаўтваральнай пары андарак/андарашница толькі першы член ужываецца ў сучаснай беларускай мове. Слова жа андарашница – ‘жанчына, якая носіць андарак’ – не мае адпаведніка нават у пяцітомным “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы”, што дае нам падставу лічыць, што лексема андарашница ўзнікла ўжо ў новасібірскіх гаворках рускай мовы на базе беларускага андарак.

Такі словаўтваральны рад, як ховать/сховать/заховать/заховаться, цалкам запазычаны з беларускай мовы, а вось у наступным радзе апошні член, хутчэй за ўсё, узнік ужо ў Сібіры: бульба/бульбовник/бульбоветки. Слова бульбоветки, прыведзенае ў слоўніку толькі ў множным ліку, азначае ‘парастак прарослай бульбы’. На сібірскае, рускамоўнае паходжанне гэтай лексемыпаказвае яе другі кампанент – ветки. У словаўтваральным радзе хилиться/прихилиться/хилилка апошні член таксама мае мясцовае сібірскае паходжанне. Слова хилилка мае значэнне ‘прытворства’, і яго ўзнікненне звязана са змяненнем лексічнага значэння дзеяслова хилиться, пра што ўжо гаварылася вышэй.

І некалькі словаў наконт сінаніміі і аманіміі. У сінанімічныя адносіны словы даследуемай намі групы ўступаюць амаль выключна са словамі агульнарускага ўжывання, якімі карыстаюцца таксама і носьбіты дыялектаў: бачить – видеть, прас – утюг, хмара – туча, лазня – баня і інш. Узнікненню такіх сінанімічных параў спрыяе ўплыў на дыялекты з боку літаратурнай мовы, які пастаянна ўзмацняецца ў наш час. Адзіная сінанімічная пара, абадва члены якой належаць дыялекту, — гэта ўжо названыя вышэй бульба – бульбовник.

Што да аманіміі, то тут мы маем зусім іншую карціну: усе словы, з якімі беларусізмы ўступаюць у аманімічныя адносіны, — сібірскія дыялектызмы, невядомыя рускай літаратурнай мове. Так, назоўнік ручник мае амонім ручник – ‘свойская жывёла’, а назоўнік лава мае два амонімы: 1) лава – ‘натоўп, вялікая колькасць людзей’; 2) лава – ‘удушлівы газ’.

Разгледжаны матэрыял сведчыць пра тое, што словы, запазычаныя з беларускай мовы, арганічна ўліліся ў склад лексікі рускіх гаворак Новасібірскай вобласці, увайшлі ў сінанімічныя, ананімічныя, словаўтваральныя адносіны з іншымі словамі гэтых гаворак, далі пачатак узнікненню новых словаў, якія не існавалі дагэтуль ні ў рускай ні ў беларускай мове: андарашница, бульбоветки, хилилка. Разам с тым выявіліся некаторыя цяжкасці ў аддзяленні беларускай лексікі ад украінскай і старарускай, цяжкасці ў выяўленні шляхоў узнікнення варыянтаў некаторых словаў. Напрыклад, нам не ўдалося растлумачыць узнікнення варыянтаў комен/комень. Гэтыя праблемы яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў.

Закончым наш артыкул спісам выяўленых намі беларусізмаў: або, бачить, крыху, шпак, бульба, цыбуля, трус, трусик, комен, комень, весёлка, лава, гребать, грыбница, шибочка, дочк?, ежа, жартовать, хуста, хустка, казать, киёк, криница, куды, лазня, хмара, ёвня, мобыть, могилки, морква, нехай, нуда, ободвое, оброть (бел. аброць), огурки, орать, побачить, отвсюль, откуль, жменя, поречка, гай, прас, прасовать, раздорожица, ручник, звон, скрыня, суница, сустрекать, ховать, сховать, лайб, андарак, жлукто.

ЛІТАРАТУРА

Словарь русских говоров Новосибирской области / Под ред. А. И. Фёдорова. – Новосибирск, 1979.
Таксама. – С. 149.
Николаев Г. А. Русское историческое словообразование. – Казань, 1987. – С. 90.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5 т. – Мн., 1977 – 1984.

(Кантакты і дыялогі. – №2. – Люты, 1998. – С. 23-26