Rss Feed
Яндекс.Метрика

КЛАСІФІКАЦЫЯ ГЕРБАЎ АДПАВЕДНА ІХ ВОНКАВАМУ ВЫГЛЯДУ

Класіфікацыя гербаў, якая ўжываецца ва ўсіх вядомых нам выданнях па гральдыцы, гэта класіфікацыя па армігерах. Адпаведна ёй вылучаюцца гербы дзяржаўныя, гарадскія, прыватныя або родавыя і г. д. З выданняў, створаных на падставе такога кшталту класіфікацыі, мы можам даведацца, як выглядае герб горада Менска, або герб князёў Радзівілаў, але адшукаць, каму належыць герб з чорным мядведзем у залатым полі, карыстаючыся такімі выданнямі, можна толькі выпадкова трапіўшы на старонку з малюнкам такога герба. Між тым, для нармальнага развіцця геральдычнай навукі ўяўляецца неабходным выданне, з дапамогай якога даследчык мог бы атрымаць інфармацыю, аб усялякім, спатканым ім у дакументах, або дзе-небудзь яшчэ гербе. Для таго, каб стварэнне такога даведніка стала магчымым, неабходна распрацаваць класіфікацыю гербаў, якая засноўвалася бы выключна на іх вонкавых асаблівасцях. Распрацоўцы такой класіфікацыі і прысвячаецца дадзены артыкул.
У першую чаргу, усе гербы можна размеркаваць на дзве вялізныя групы: аднапольныя і шматпольныя. Шматпольныя гербы, ў сваю чаргу, размяркоўваюцца па групах адпаведна колькасці палёй: двухпольныя, трохпольныя, чатырохпольныя і г. д. Але звернемся да аднапольных гербаў. Яны размяркоўваюцца па падгрупах адпаведна колеру поля. У першую падгрупу ўвайдуць гербы з блакітным, напрыклад, колерам тарчы, у другую – з зялёным, у трэцяю – з чырвоным, у чацвёртую з чорным. У пятую і шостую групы ўвайдуць гербы з металічнай тынктурай – золатам і срэбрам, а ў сёмую і васьмую – з гарнастаевай і вавёркавай шрафіроўкай. У дзявятую падгрупу можна ўключыць гербы з рэдкімі тынктурамі адносна поздняга паходжання: лускай і бяростай.
Унутры кожнай “колеравай” падгрупы дзяленне пайдзе па колькасці геральдычных фігур, размешчаных на тарчы. Так, напрыклад, шляхецкі герб Кур (белы певень на чырвоным полі) ўвайдзе ў групу аднапольных гербаў, у падгрупу чырвонага колеру, падпадгрупу гербаў з адной геральдычнай фігурай, а герб Гелгуд (у чырвоным полі залатая шасціканцовая зорка і чорнае птушынае крыло) – у групу аднапольных гербаў, у падгрупу чырвонага колеру, падпадгрупу гербаў з дзвюма геральдычнымі фігурамі. Прыкладам аднапольнага герба з трымя геральдычнымі фігурамі можа служыць герб князёў Астрагорскіх (у чырвоным полі умоўна-геаметрычны сымбаль, як на гербе Агенчык, залатая шасціканцовая зорка і залаты паўмесяц пад ёй). Пры гэтым мае сэнс развясці па розных раздзелах гербы з некалькімі рознымі геральдычнымі фігурамі на тарчы, як вышэйпамянёны герб Астрагорскіх, і гербы з некалькімі аднолькавымі фігурамі (прыкладам апошняга можа служыць герб французскіх каралёў – тры белыя ліліі на блакітным полі). Трэба заўважыць, што геральдычныя фігуры разгледжваюцца намі ў якасці асобных, калі яны не дакранаюцца адна да адной. Калі жа фігуры дакранаюцца адна да адной, яны разгледжваюцца як адна складаная фігура. Прыкладам складанай фігуры можа служыць дзева на мядзведзе з герба Равіч. Унутры падгрупы герб размяркоўваюцца ў алфавітным парадку ў адпаведнасці з назвай геральдычнай фігуры. Так, сярод аднапольных гербаў з чырвоным колерам тарчы і адной геральдычнай фігурай па нашай класіфікацыі спярша пайдзе герб Порай (ружа белая), а потым герб Окша (сякера белая). Звяртаючыся да складаных геральдычных фігур, заўважым, што мы будзем называць іх заўсёды па верхняй фігуры. Адпаведна з гэтым прынцыпам, фігуру на гербе Равіч мы называем "дзева на мядзведзе", а не "мядзведь з дзевай на спіне", і шукаць гэты герб трэба будзе на літару Д, а не на літару М.
Як ужо было сказана вышэй, шматпольныя гербы размяркоўваюцца па падгрупах, у першую чаргу, па колькасці палёў. Далей ідзе размяркаванне па падпадгрупах у адпаведнасці з тыпам дзялення тарчы: герб, з тарчай, падзеленай па гарызанталі, з тарчай, падзеленай па вертыкалі, з тарчай, падзеленай па дыяганалі злева направа, з тарчай, падзеленай па дыяганалі справа налева. Унутры кожнай падгрупы герб размяркоўваюцца па алфавіту ў адпаведнасці з назвай геральдычнай фігуры першага поля. Нагадаем, што пры гарызантальным дзяленні тарчы першым лічыцца верхняе поле, а пры вертыкальным – правае. Пры дыяганальным дзяленні першым лічыцца правае поле, незалежна ад таго, дзеліцца тарча справа налева, або злева направа.
Сказанае вышэй распаўсюджваецца таксама на герб з трохпольным, чатырохпольным, пяціпольным і г. д. дзяленнем тарчы. Першае поле вылучаецца ў адпаведнасці з агульнапрынятымі правіламі блазаніравання, якія вядомы ўсім, хто цікавіўся геральдыкай, і не патрабуюць асобнага апісання ў дадзеным артыкуле.
Завяршаючы свій артыкул, аўтар лічыць патрэбным падкрэсліць, што класіфікацыя, якая прапаноўваецца ў дадзенай публікацыі, распаўсюджваецца толькі на гербы з традыцыйнай структурай, галоўным элементам якога з’яўляецца тарча. Для герба Савецкага Саюза, або Злучаных Штатаў Амерыкі ў дадзенай класіфікацыі месца няма.