Rss Feed
Яндекс.Метрика

АГУЛЬНЫЯ ПЫТАННІ ВЫВУЧЭННЯ ТЭАНІМІЧНАЙ ЛЕКСІКІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Вывучэнне лексіка-тэматычных групаў – не новы накірунак у мовазнаўстве, у тым ліку і ў беларускім. Мы маем даследаванні, прысвечаныя назвам насякомых [1], спартыўнай тэрміналогіі [2], назвам выканаўцаў музыкі ў старабеларускай мове [3] і інш. А вось даследаванняў, прысвечанных найменням Бога ў беларускай мове амаль няма. Небагата, зрэшты, такіх даследаванняў і па іншых мовах. Між тым, вывучэнне тэанімічнай лексікі кожнай з моваў хрысціянскага свету можа мець вялікае значэнне не толькі для мовазнаўства або, нават для філялогіі ў самым шырокім значэнні гэтага слова, але таксама для гісторыі культуры і тэалогіі.
Хрысціянская тэанімічная лексіка беларускай мовы фармавалася ва ўмовах, прынцыпова адрозных ад тых, у якіх фармавалася хрысціянская тэанімічная лексіка расейскай або польскай мовы. Беларусы на працягу амаль усей сваёй этнічнай гісторыі не былі цалкам праваслаўным народам, як расейцы, або цалкам каталіцкім, як палякі. Беларусь заўсёды была поліканфесіянальнай краінай, на абшары якой шмат стагоддзяў узаемадзейнічалі праваслаўная, каталіцкая, вуніяцкая і пратэстанцкая культурныя традыцыі, што адлюстравалася, у тым ліку, і ў беларускай тэанімічнай лексіцы, абумовіла яе варыянтнасць паводле канфесіянальнай прыналежнасці.
Другім чыннікам, які забяспечыў сваеасаблівасць хрысціянскай тэанімічнай лексікі беларускай мовы, было тое, што амаль да пачатку ХХ стагоддзя яна не была мовай царквы і Святога Пісьма. Першы пераклад Новага Запавету на беларускую мову, выкананы Л. Дзекуць-Малеем і А. Луцкевічам, быў выданы ў 1931 г. ў Хельсінкі [4], ужываўся пераважна ў эмігранцкіх колах і не быў знаёмы большай частцы носьбітаў беларускай мовы; каталіцкая версія поўнага тэксту Бібліі ў перакладзе доктара Я. Станкевіча была надрукаваная ў Нью-Йорку у 1970 г.[5], а праваслаўны пераклад Бібліі В. Сёмухі з’явіўся на свет толькі ў 2002 г. Праваслаўная літургія існуе на беларускай мове толькі з 1942 г., з моманту заснавання Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, а каталіцкая імша – з пачатку 1990-х. Такім чынам, ані мова беларускай Бібліі, ані мова беларускага набажэнства не маглі паўплываць на фармаванне тэанімічнай лексікі беларускай мовы. Беларуская тэанімія на працягу стагоддзяў у значнай ступені развівалася па-за царкоўным ассяроддзем, і яе даследчык часта будзе вымушаны карыстацца ў сваёй працы крыніцамі свецкага характару, часцей з усяго творамі мастацкай літаратуры, радзей – помнікамі фальлору.
Першая задача пры вывучэнні беларускай тэанімічнай лексікі — гэта састаўленне поўнага спіса слоў, якія належаць да гэтай лексіка-тэматычнай групы. Тут трэба заўважыць, што ў беларускай мове існуюць тэанімы, якія ўжываюцца толькі адзін раз толькі ў адным канкрэтным тэксце і маюць, такім чынам, аказіянальный характар. У якасці прыклада такога кшталту лексічных адзінак можна првесці субстантынаваны прыметнік Вялікі, які ўжываецца ў якасці тэоніма у адным звершатварэнняў Алеся Гаруна:
Мы у Вялікага будзем прасіць
Ты каб вярнуўся здароў. [6]

Наяўнасць такіх лексічных адзінак у нейкай ступені ўскладняе гэтую задачу. Заўсёды захоўваецца магчымасць таго, што нейкая частка тэанімічнага матэрыяла застанецца па-за межамі даследавання.
Другой задачай з’яўляецца характарыстыка тэанімічнай лексікі беларускай мовы з пункта гледжання наяўнасці або адсутнасці яе звязанасці з пэўнай хрысціянскай канфесіяй, з пэўнай групай тэкстаў або кантэкстаў. Тут, як будзе паказана далей, выдзяляюцца тры асноўныя групы словаў: тэанімы агульнага ўжывання, праваслаўныя тэанімы і каталіцкія тэанімы. Прыкладам тэаніма агульнага ўжывання можа сужыць слова Бог, прыкладам праваслаўнага тэаніма – Гаспод, а прыкладам каталіцкага – Пан. Сярод тэанімаў агульнага ўжывання у сваю чаргу таксама вылучаюцца дзве групы: тэанімы, якія выкарыстоўваюцца ў царкоўных тэкстах, і тэанімы, якія ў іх не выкарыстоўваюцца. Прыкладам тэаніма першай групы можа служыць назоўнік Гаспод, а прыкладам другой – Божухна. У якасці прыклада ўжывання апошняй лексемы мы можам працытаваць вершатварэнне А. Гаруна “Бажанне”.

Не хачу я, Божухна, скарбамі ўладаці-
Дай мне толькі – сілы зарабляць, каб жыць,
Каб і ў дзень, як прыйдзе мне душу аддаці,
Хлеб я свой штодзённны працай мог здабыць.

Не прашу я, Божухна, Твайго свету знаці, —
Ўсе пачаткі, змены, і канцы, і рух, —
Дай адно людскую праўду мне паняці
I яе быць верным, найпадданьшым з слуг.

I усё тут, Божухна, чым патурбаваці
Я хачу сягоння, просячы Цябе:
Дай мне праўду знаці і ў людзях спаўняці,
І заўсёды з працы хлеб свой мець сабе . [7]
Як няцяжка заўважыць, гэтая лексема адыгрывае тут ключавую ролю: невыпадкова яна займае месца ў першым радку кожнага чатырохрадкоў’я. Сінтаксічнай асаблівасцю лексемы Божухна з’яўляецца яе ўжыванне толькі ў функцыі зваротка. Нам, прынамсі, ніколі не спаткалася Божухна ў якасці дзейніка, прамога ці ўкоснага дапаўнення, недапасаванага азначэння, або выказніка. Слова Божухна можа ўжывацца ў якасці зваротка не толькі да Адзінага Бога хрысціян, але і да багоў паганскіх паганскіх рэлігій, як, напрыклад, у казцы Язэпа Лёсіка “Гэркулес і селянін”: “Божухна мой, моцны Гэркулесе!”. У некаторых кантэкстах тэанім Божухна пачынае ўжывацца як выклічнік: “Разьвесьціся? Божухна, як спакойна ты гэта кажаш!” [8]. А якія яшчэ тэонімы могуць ужывацца ў ролі выклічнікаў? Поўны спіс такога кшталту адзінак яшчэ не складзены.
Прыведзеныя тут прыклады сведчаць аб тым, што ў адночсінах да тэанімічнай лексікі існуе яшчэ адна праблема: вылучэнне з агульнага ліку тэонімаў лексічных адзінак, якія маюць сінтаксічна абежаванае ўжыванне. Так, можна прадпалажыць, што пры аналізе фактычнага матэрыяла будзе вылучана група тэонімаў, якія ўжываюцца толькі ў якасці зваротка, ніколі не выконваючы іншых сінтаксічных функцый.
Паколькі значная частка тэанімаў утвораная ад словаў з нетэанімічным значэннем шляхам метафарычнага пераносу, узнікае пытанне, ці мы маем справу ў такіх выпадках з адным мнагазначным словам або з двума амонімамі. Возьмем для прыкладу пару пан (спадар) і Пан (тэанім). Сувязь паміж гэтымі дзвюма лексічнымі адзінкамі відавочная і добра адчуваецца кожным носьбітам беларускай мовы, з чаго вынікае, што перад намі два значэння мнагазначнага слова. Аднак, такое сцверджанне супярэчыць прынцыпу парадыгматычнай саматоеснасці слова, адпаведна якому лексема ўва ўсіх сваіх значэннях мае той жа самы набор граматычных формаў. Між тым, тэанім Пан, у адрозненне ад нетэанімічнага пан, формаў множнага ліку не мае, з чаго вынікае, што Пан і пан – гэта пара амафонаў, першая лексема якой, з пункту гледжання словаўтварэння, з’яўляецца вытворнай ад другой. Тое жа самае можна сказаць пра пары Тварэц – тварэц, Збавіцель – збавіцель і інш. Дадзеная праблема з’яўляецца часткай больш агульнай праблемы словаўтваральных, этымалагічных, асацыятыўных і інш. сувязяў тэанімічных лексічных адзінак з нетэанімічнымі і тычыцца не толькі беларускай мовы, але і іншых моваў хрысціянскіх народаў.
Тэанімічная лексіка беларускай мовы існуе і развіваецца ў цеснай сувязі з тэанімічнай лексікай моваў іншых краін хрысціянскага свету. Значная частка яе ўзнікла ў выніку пераклада тых ці іншых рэлігійных тэкстаў з лацінскай, польскай, старажытнагрэчаскай, царкоўнаславянскай, расейскай і інш. Такім чынам, вывучэнне беларускай тэанімічнай лексікі патрабуе асвятленя такога роду міжмоўных кантактаў, выяўлення эквівалентаў беларускіх тэанімаў у мовах, з якімі беларуская найбольш актыўна кантактавала на працягу сваёй гісторыі. Тут трэба заўважыць, што адны мовы, як, напрыклад, царкоўнаславянская і расейская, найбольш актыўна паўплывалі на фармаванне беларускай тэанімічнай лексікі праваслаўнага ўжытку, а іншыя, такія як лацінская і польская – ужытку каталіцкага.
Наяўнасць у корпусе беларускіх тэанімаў вялікай колькасці запазычанняў, наражджае наступную праблему – праблему захавання або страты першапачаткавай сістэмы значэнняў пры пераходзе ў беларускую мову з мовы-крыніцы. Забягаючы наперад, заўважым, што звычайна ў такіх выпадках адбываецца звужэнне зыходнага значэння, страта яго нетэанімічных складнікаў. Так, у польскай мове baranek – перш з усяго дзіцяня авечкі, ягня, і толькі потым – адно з найменняў Іісуса Хрыста як адкупіцельнай ахвяры. У беларускай мове Баранак – гэта толькі тэанім.
Характэрнай рысай беларускай мовы з’яўляецца яе большая ў параўнанні з мовамі суседніх славянскіх краін варыятыўнасць лексікі. Гэта датычыцца і да беларускай тэаніміі. Сярод беларускіх тэанімаў мы бачым: Гасподзь і Госпад, Тварэц і Творца, Збавіцель і Збаўца. Апісанне такога роду словаўтваральных варыянтаў, выяўленне прычын іх узнікнення, характарыстыка іх размеркавання па тэкстах розных жанраў і розных аўтараў таксама бачыцца нам неабходнай часткай агульнага апісання хрысціянскай тэанімічнай лексікі беларускай мовы.
Яшчэ адным аспектам, на які трэба звярнуць увагу пры апісанні тэанімічнай лексікі беларускай мовы, — гэта словаўтваральная актыўнасць асобных тэанімічных адзінак. Заўважым, што найбольш актыўным у словаўтваральных адносінах з’яўляецца лексема Бог, ад якой утвараюцца словы ўсіх часцін мовы: назоўнікі (бажаство, бажок, божачка, багаслоўе і інш.), прыметнікі (богавы, бязбожны), дзеясловы (абагаўляць). Словаўтваральная актыўнасць назоўніка Гасподзь значна меншая – ад яго ўтвараецца толькі прыметнік Гасподні. А словаў, утвораных ад такога наймення Вышэйшай Істоты, як Сутны, мы наогул не адшукалі.
Неабходнай з’яўляецца таксама і квантытацыйная характарыстыка тэанімічнай лексікі беларускай мовы, інфармацыя аб частотцасці ўжывання асобных лексем як у мове цалкам, так і ў асобных тэкстах, або групах тэкстаў.
І, нарэшцэ, уяўляецца неабходным аналіз асаблівасцей ужывання тэанімічнай лексікі ў творах асобных пісьменнікаў і паэтаў, як клясікаў беларускай літаратуры, так і нашых сучаснікаў. На цяперашні час мы можам у якасці праклада такога кшталту даследаванняў прывесці толькі ўласны артыкул, прысвечаны тэанімічнай лексіцы ў паэзіі Алеся Гаруна [9].
ЛИТАРАТУРА

1. Бунько Н. Удзень мухі, увечар камары: Назвы мухі і камара ў беларускіх гаворках // Роднае Слова. – 2004. — № 4; Бунько Н. Назвы дзікіх пчол // Роднае Слова. – 2004. — № 7.
2. Кручкова Л. Іншамоўныя словы ў складзе беларускай спартыўнай лексікі // Роднае Слова. – 2004. — № 4.
3. Бандаровіч В. Назвы выканаўцаў музыкі ў старабеларускай мове // Роднае Слова. – 2004. — № 9.
4. Фурс В. Беларускія пераклады Евангелля паводле Мацвея: пратэстанцкая, каталіцкая і праваслаўная версіі // Роднае Слова. – 2004. — № 12. – С. 29.
5. Трацяк І. І. Біблія ў кантэксце беларускай культуры. – Гродна, 2003. — С. 45.
6. Гарун А. Выбраныя творы. – Мінск, 2003. – С. 96.
7. Гарун А. Выбраныя творы. – Мінск, 2003. – С. 96.
8. Букоўскі Ч. Ты цалаваў Лілі // ARCHE. – 2005. — № 5.
9. Мусорын А. Ю. Тэанімічная лексіка ў паэзіі Алеся Гаруна // Роднае слова. – 2005. — № 12. – С. 14 – 15.