Rss Feed
Яндекс.Метрика

Вершы па-беларуску

ХОКУ 47

Заходіць сонца.
Ці адшукаю ў цемры
Дарогу дамоў?

ХОКУ 46

Заплюшчыў вочы.
Так прыемна не бачыць
Жыццё навокал.

Сваю найлепшую карціну - "Вечаровы Горад"
Папулярны мастак адмаўляўся прадаваць
І калекцыянерам, і галерэям.
Часта ў адзіноце углядаўся ён
У павуцінне вулак,
У верцікалі шпіляў,
У вокны дамоў,
Створаных ягоным пэндзалем.
А калі ён памёр,
Ягоны сын,
Кінуўшы аднойчы на карціну выпадковы позірк,
Забачыў, што ў адным вакне, дагэтуль цёмным,
Запалілася святло.

Мачты. Канаты. Рэі.
Мора шуміць-пяе.
Вецер маёй надзеі
Ветразі поўніць мае.

Гоніць да небакраю,
Нават за небакрай.
Што там мяне шукае:
Пекла, ці светлы Рай?

ПРАДСЛАВА

Яна яшчэ не ведае свой шлях.
Любоў да Бога - гэта не ахвяра.
Вясной квітнее родная зямля,
Але яе пра неба вабіць мара.

Да манастырскай брамы - толькі крок.
І келля - там, за гэтымі дзвярыма.
І вось яна шапоча свой зарок
Прайсці свой шлях да Іерусаліма.

ХОКУ 45

Разбураны храм.
Сцякае сляза дажджу
Па твары Хрыста.

ХОКУ 44

Чорная кава.
Крыху ночы без зорак
У маёй шклянцы.

Залатая шляхецкая воля -
Права зброі і права суда -
У гадзіну няшчасцяў і болю
Ты вяла нас, як быццам гвязда!

Як жахлівы бываюць падзеі,
Пакутуе краіна ў імгле,
Але мы не губляем надзею
У тваім абагрэцца святле.

РЫТМЫ ЖЫЦЦЯ

Рытмы жыцця:
Рытмы кахання і надзеі,
Рытмы страху,
Рытмы гневу,
Рытмы прагі да перамогі.
Б'юць барабаны лёсу,
Барабаны мільёнаў сэрцаў.

ХОКУ 43

Шляхетны рыцар.
Чыю кроў зараз бачым
На яго клінку?

Ленты новостей