* * *
Шукаю ў сеціве імёны сяброў,
Якіх я не бачыў многа год.
Цікава, ці шукае там хтось мяне?
* * *
Некалі мы адкажам перад Богам
За сваё жыццё. Але раней
Мы павінныя адказаць адзін перад адным.
* * *
Слупы – гэта літары І,
Над якімі ноч расстаўляе
Кропкі ліхтароў.
* * *
Той, хто валодае словам,
Авалодае калісці краінай,
Бо яму належаць душы людзей.
* * *
Калі адгарыць апошняя зара гэтага свету,
Людзі – адзі аднаго ў цемры –
Будуць шукаць па гуках роднай мовы.
* * *
Нібы кветкі, перакуленыя чашачкай уніз,
Радуюць вока ў вясновы дзень
Кароткія спаднічкі кабет.
* * *
Гісторыя – гэта старая,
Што тасуе карты лёсаў,
Складаючы дзіўны, часам жудасны пас’янс.
* * *
Польская літара ? –
Зграбная постаць шляхціца
З папярочкай-шпагай на баку.
* * *
У кожнай хаце жыве нябачны чыюк,
Які падслухоўвае размовы,
Каб пераказаць іх ворагам.
* * *
Подзвіг – спадарожнік трагедыі.
Я паднімаю свой келіх
За тое, каб не было подзвігаў.
* * *
Жыццё – пясочны гадзіннік, і я веру:
Калі ўвесь пясок перацячэ ў ніжнюю частку,
Бог сваёй рукой перакуліць яго.
* * *
Усю маладосць ён змагаўся за веру.
На схіле дзён – тапіў у віне
Памяць аб гэтым змаганні.
* * *
На шляху з Германіі ў Нямеччыну
Ніяк не магу атрымаць транзітную візу
Праз Беларусь.
* * *
Малюся Богу, спадзяюся на сяброў:
Яны – Яго прадстаўікі
У гэтым свеце.
* * *
Схіляюся над томам Святога Пісьма,
Шукаю цытатаў, якія
Не перашкаджаюць мне жыць як раней.
* * *
Серп – гэта сымбаль смерці.
Як доўга лунаў над намі
Сцяг з гэтым сымбалем.