* * *
Возера, пакрытае лёдам, -
Сляпое вока зямлі,
Якое глядзіць у неба.
* * *
На шляхецкім гербе – рыцар,
Які пакорна стаіць на каленях.
І напіс: “Толькі перад Богам”.
* * *
Гулялі ў хованкі.
Аднаго з гульцоў
Не адшукалі дагэтуль...
* * *
Дзіцячае свята.
На галаве маленькай дачкі
Цудоўнай кветкай распускаецца бант.
* * *
Жыццё – гэта каляндар
Смерць кашчавай рукой
Абрывае што дзень лісткі.
* * *
Праўда – гэта наждак,
Абзатыўны сродак, які
Ачышчае душу ад бруда.
* * *
Палажыла ляльку ў каробку
Нібы ў труну.
Пахавала сваё дзяцінства.
* * *
Марудна рушыцца хмара па небу -
Нібы цяжка гружаная баржа
Па блакітным абшары мора.
* * *
Свечка дагарэла.
Агеньчык патанае
Ў лужынцы слёз.
* * *
Гарызанталь – жыццё чалавека.
Вертыкаль – гэта шлях да Бога.
Крыж – адзінае месца спаткання.
* * *
Выхад з мятро –
Галава дракона, якога
Ванітуе натоўпам людзей.
* * *
Я сасніў, нібы я ў Аўстраліі
Выводжу на ланцужку
Свойскага качкадзюба.
* * *
Зямля – калыска, у якой
Крычыць, размахвае ручкамі
Капрызнае дзіцянё – чалавецтва.
* * *
Паэты ў кожнай краіне -
Нацыянальная меньшасць, якой
Ніхто не дае аўтаноміі.
* * *
На шыбеніцы мёртвае цела –
Жудасная дыякрытыка
У сярэдзіне літары П.
* * *
Кожны радок – жывая істота,
Што насяляе будынак верша,
Краіну кнігі...
* * *
Калі месяц – сымбаль іслама,
Ці азначае гэта,
Што начное неба – сцяг Прарока?
* * *
Цягнік “Беларусь” ідзе маршрутам
Полацк – Вільня – Навагрудак – Мінск...
Ці будзе што далей?
* * *
Раніца.
Ранай світання
Паміраючы крываточыць ноч.
* * *
Табе, Ойча Нябесны,
Зноў каджу фіміямам верша,
Каб перамагчы ўласнае нявер’е.