Rss Feed
Яндекс.Метрика

ХОКУ (НІЗКА 2)

* * *
Я не бачыў яе дзесяць год,
А калі спаткаў – пазнаў
Толькі па голасу.

* * *
На брудным паркане крэйдай –
“Я кахаю...” Каго?
Хто гэты шчаслівы?

* * *
Часам заплюшчу вочы
І бачу сябе дзіцяняцей,
Чую свой шчаслівы смех.

* * *
Краіна маёй душы –
Дзяржава, якая ашчацінілася зброяй
У страсе перад нападам.

* * *
Зіма.
Па ўзорах на шыбе
Варажу, як па лініях далоні.

* * *
Белы аркуш паперы –
Як першы некрануты снег –
Шкада брудзіць атрамэніам.

* * *
Рукапісы гараць.
Іх попел
Атручвае душы жывых.

* * *
Вершы гэтых паэтаў даўно ўжо ніхто не чытае.
Вершы гэтых паэтаў ніхто ніколі не будзе чытаць.
На мове гэтых паэтаў даўно ніхто не чытае нічога...

* * *
Штовечар разгортваю слоўнік.
Не маючы магчымасці вандраваць па краінах,
Вандрую па мовах.

* * *
Гукі польскай мовы
Нагадваюць шум прыбоя.
Хваля шамацее, калі набягае на гальку.

* * *
Лхаса, Катманду, Чычэн-Іца –
Як дзіўна гучаць гэтыя назвы,
Як прывабна...

* * *
На сцягу Бутана - дракон.
Яго кіпцюры – адзіная зброя
Маленькага горнага каралеўства.

* * *
Замак на шэрай раўніне
Прыгожы як святочны торт на стале багацея.
Як хацеў я пакаштаваць густ жыцця ў яго мурах.

* * *
Смерць – гэта шматкроп’е пасля
Кароткага сказа, які
Мы называем жыццём.

* * *
Гектар, Уліс, Ахілес,
Хто бы ведаў пра вас,
Калі б не сляпы старац...

* * *
Мы адказваем за тых, каго мы прыручылі.
Я бы дадаў:
І за тых, каго пакрыўдзілі.

* * *
На свята рэзалі жывёлу.
На снягу
Брудныя плямы крыві.

* * *
Кулі – гэта насенне смерці.
Яны прарастаюць на целе ахвяры
Чырвоннымі кветкамі ран.

* * *
Кактус – коратка стрыжаная галава
Маладога, зялёнага навабранца,
Што тарчыць з вучэбнага акопа.

* * *
Рэку – як вену закупорвае
Тромб плаціны. І яна
Набухае гематомай вадасховішча.

* * *
Я лепшы мастак за Малевіча, паколькі
Я малюю не чорны квадрат,
А цёплыя квадраты вокнаў.

* * *
Вандруючы па шляхах памяці
Заўсёды чакаю раздарожжа,
На якім я памыліўся накірункам.

* * *
Ля вогнішча
Сідзім моўчкі.
Кожны думае пра сваё.

* * *
Гісторыя чалавецтва гэта –
Дзіцячы малюнак на пяску
Ля акіяна Вечнасці.

* * *
Захад чырванее крывёй –
Нібы апошні паганскі бог
Разрэзаў сабе вены.