* * *
На пялёстках
Асенняй позняй ружы
Не растае першы снег.
* * *
Дымы над комінамі
Ў празрыстым паветры
Нагадваюць чараду драконаў.
* * *
Верасень. Кветкі вяргінь
Спрачаюцца сваёй прыгажосцю
З лісцем – чырвоным і жоўтым.
* * *
Кактус на халодным зімовым акне –
Пасол далёкай паўднёвай краіны
Раскрывае сваю цудоўную кветку.
* * *
Распасцёртыя крылы матылька –
Старонкі разгорнутай кнігі.
Хто прачытае тайнапіс іх узораў?
* * *
Дзіўны паўлінавы хвост –
Веер, варты раскошы
Паганскага бога-сібарыта
* * *
Начны горад с борта самалёта
Нагадвае перавернуты купал неба,
Аздоблены агнямі цудоўных сузор’яў.
* * *
Галера, якая ідзе на вёслах,
Выглядае як нейкая дзіўная мнаганожка,
Што бяжыць па паверхні мора.
* * *
Як кірля над хвалямі,
Над радком тыбецкіх літар
Лунае знак наро.
* * *
Богі-немаўлята гуляюць у кубікі,
Ствараюць, жартуючы, сусветы
І са смехам разбураюць іх.
* * *
Калі параўнаем час з ракой,
Параўнаем паэта з плыўцом,
Які грабе супраць цячэння.
* * *
Мастацтва – гэта водар моцнай расчыннай кавы,
Што абуджае сонны мозг чалавека
Да творчае працы.
* * *
Вораг, пераможаны мной,
Даруй мне маю перамогу.
Разамкні круг варожасці.
* * *
Царква. Побач з ёй - званіца
Пад купалам залатым, агністым –
Свечка, пастаўленая Богу.
* * *
Крыж на вежы касцёла –
Лакатар, які перадае
Малітвы вернікаў Богу.
* * *
На сцёжцы
Гарадскога парка
Цела забітай птушкі.
* * *
Восень. Старая таполя
Ўздымае свае каравыя пальцы
Пад халоднае неба.
* * *
Поўня. На падлозе
Цень ад акна –
Лацінскі крыж.