Rss Feed
Яндекс.Метрика

АДНОЙЧЫ Ў СІБІРЫ

Аднойчы ў Сібіры, у горадзе Н.
Здарыліся маразы – такія,
Што не вытрымалі нават помнікі на плошчах,
Нават статуі, што аздаблялі паркі і скверы.
Яны зышлі са сваіх пастаментаў,
Пашыхтаваліся ў доўгую калону, і,
Грукаючы па брукаванцы бронзавымі ды каменнымі нагамі,
Накіраваліся да будынка мэрыі.
Там, абагрэўшыся, яны выпілі кан’яку
З асабістых запасаў кіраўніка горада,
Разамлелі, загаманілі,
Хтосці пусціў слязу,
А пяшчотная гіпсавая німфа,
Даўно закаханая ў бронзавага Леніна,
Упершню насмелілася пацалаваць свайго выбраніка.