Rss Feed
Яндекс.Метрика

НЯВОЛЬНІЦА (09)

Назаўтра яны нікуды не паехалі. Амаль тыдзень арг Юліц згубіў на тое, каб дамовіцца ва Ўніверсітэце наконт водпуску, потым куплялі дарожную вопратку, запасаліся ежай, патрэбнымі для замежнай вандроўкі дакументамі. Апошнімі набылі трох коней: двух для сябе і аднаго для паклажы. І вось, нарэшце, падайшоў дзень ад'езду. Дзяўчыне, што вырасла ў краіне, дзе дзяцей саджалі на каня раней, чым яны навучаліся добра хадзіць, было вельмі прыемна адчуць зноўку пад сабой сядло.
Ехалі хуткай рыссю, пераходзячы час ад часу на найбольш зручных участка дарогі на галоп. Трэба заўважыць, што такіх участкаў на іх шляху было не вельмі шмат: роўная брукаванка закончвалася амаль адразу жа за гарадской брамай, а тое, што цягнулася далей, можна было назваць дарогай толькі ўмоўна. Якраз з гэтай прычыны купецкія караваны амаль не карысталіся драбінамі, прадпачытаючы ўючных жывёлін.
Яны спяшаліся. Венцэль не меў намеру карміць мясцовую папуляцыю клапоў у вясковай карчме, а да бліжэйшага ад Шлорэна мястэчка - Харцлінга, дзе можна было атрымаць адносна камфортны начлег, было даволі далёка. І, хаця ад Шлорэна яны ад'ехалі яшчэ на золку, да Харцлінга дабраліся, толькі калі на счарнелым ужо небе загарэліся першыя зоркі.
Гаспадар адзінай у мястэчку гасцініцы, які добра ведаў Венцэля - той заўсёды застанаўліваўся тут, едучы на Поўнач, або вяртаючыся адтуль да Шлорэна, сустрэў падарожную пару вельмі сардэчна.
- Спадар арг Юліц! Як нечакана, як нечакана! Звычайна ягамосць наведваецца да Поўначы ўвесну, а цяпер... Але і цяпер у мяне знойдзецца для ягамосці добры пакойчык... З малжонкай? - Доўгія рукавы гілярынай сукенкі не давалі магчымасці забачыць наяўнасць або адсутнасць на руках шлюбных бранзалетаў.
- З малжонкай, - кіўнуў галавой Венцэль.
- Віншую, віншую!Якая прыгажуня! Добрая жонка - галоўняе багаццё ў хаце! Я вось з маёй Алгосяй... - сакатаў не спыняючыся гаспадар, пакуль ягоную балабатню не перарвала вышэйпамянёная Алгося - моцная, яшчэ не старая кабета, што нечакана з'явілася адкульсці з боку кухні, трымаючы ў руках неверагодных памераў паднос, застаўлены паднос, цалкам застаўлены рознага кшталту пачастункам.
- Павячэрайце, госці дарагія, падсілкуйцеся крыху, пакуль я падрыхтую пакой. а то ад майго - яна кіўнула ў бок мужа - няшмат чаго апрача размоваў дачакаешся.
Венцэль стрымана падзякаваў гаспадыне, і, адсунуўшы для Гіляры стул, сеў і сам побач з дзяўчынай. Гіляра маўчала, зноў і зноў пракручваюы ў галае размову з гаспадаром гасцініцы. Сёння Венцэль упершню прылюдна назваў яе жонкай...